

У Міжнародны дзень роднай мовы ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі, член Савета Гомельскага абласнога аддзялення СПБ, паэт і перакладчык Міхаіл Міхайлавіч Болсун сустрэўся з навучэнцамі гомельскага каледжа мастацкіх промыслаў. Ва ўстанове адбылася творчая вечарына творцы “Лепшы верш мною яшчэ не напісаны…”
Звяртаючыся да навучэнцаў і педагогаў, Міхаіл Міхайлавіч падкрэсліў, што свята роднай мовы накіраванана на заахвочванне моўнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі, падтрымку нацыянальных моў і культур, захаванне нацыянальнай адметнасці і самабытнасці, забеспячэнне права кожнага чалавека карыстацца роднай мовай і спрыяе ўсведамленню моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменні, цярпімасці і дыялогу. Для большасці жыхароў Рэспублікі Беларусь роднай з’яўляецца беларуская мова. Таму ў краіне праводзіцца паслядоўная палітыка па яе падтрымцы і развіцці, адзначыў паэт.
На сустрэчы літаратар чытаў свае вершы, праслухаў пажаданні, якія падрыхтавалі навучэнцы на роднай мове, прысвечану гэтаму дню. На думку навучэнцаў, пісьменнік закрануў вельмі важныя тэмы, але ўсе яны скіроўваюць маладых людзей – будучыні нацыі – любіць сваю родную зямлю, мову і берагчы як зрэнку вока сваю Радзіму.
Прэс-служба ГАА ГА «СПБ»
