19 лютага пісьменнікі Гомельскага абласнога аддзялення на чале з Уладзімірам Гаўрыловічам прынялі актыўны ўдзел у 18 Міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы.

Найперш, палескія літаратары ўдзельнічалі ў працы сімпозіума «Пісьменнік і час», які сабраў творцаў з усяго свету, нягледзячы на выпрабаванні бягучага дня і часу. Кніга аб’ядноўвала і будзе аб’ядноўваць людзей надалей – гэта асноўны вынік яго працы, такі пасыл шматлікіх выступленняў удзельнікаў сімпозіуму, пісьменнікаў з розных краін чытачам сённяшнім і будучым.

All-focus
All-focus
All-focus

Сваё ж слова літаратары Палесся сказалі а 13-ай гадзіне на нацыянальнай пляцоўцы: выступілі з праграмай “З глыбінь жыватворных, палескіх…”. У літаратурна-музычнай кампазіцыі прынялі ўдзел пісьменнікі — лаўрэаты абласной літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага 2020 года, а таксама пераможцы міжнародных, рэспубліканскіх, абласных літаратурных конкурсаў.

– 1 студзеня на Гомельшчыне стартаваў Год класічнай літаратуры і чытання. У яго межах праходзяць шматлікія мерапрыемствы, прысвечаныя 100-годдзю нашых славутых землякоў, народных пісьменнікаў Беларусі І. Шамякіна і І.Мележа. Шырока на малой радзіме класікаў і па ўсёй вобласці прайшлі юбілейныя ўрачыстасці ў студзені і лютым, – адзначыў на пачатку літаратурна-музычнай кампазіцыі старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Уладзімір Гаўрыловіч.

Кіраўнік пісьменніцкай арганізацыі агучыў просьбу жыхароў аграгарадка Карма Добрушскага раёна і аграгарадка Глынішчы Хойнікскага раёна: у дні святкавання юбілеяў землякі народных пісьменнікаў краіны прасілі перадаць пажаданне ўсім беларусам, жыхарам нашай краіны заўсёды любіць кнігі, шанававаць мастацкае слова, берагчы родную Беларусь! А таксама, нягледзячы ні на што, не забывацца, што мы – багатая на сваю культуру і традыцыі, песенная нацыя.

На практыцы, у дачыненні да захавання і развіцця песенных традыцый, гэта даказаў лаўрэат шматлікіх конкурсаў, аўтар-выканаўца і кампазітар Віктар Задарожны, які ў час літаратурна-музычнай кампазіцыі выканаў некалькі вядомых і новых песень, створаных ім па матывах творчасці гомельскіх паэтаў Валерыя Вятошкіна, Ліліі Вялічка, Лідзіі Долбікавай і многіх іншых. А таксама нават зрабіў падарунак гасцям выставы з Азербайджана – выканаў папулярную песню Мусліма Магамаева “Сіняя вечнасць”.  З вялікай прыхільнасцю выступленне музыкі сустракалі наведвальнікі міжнароднага кніжнага форума.

А пісьменнікі аддзялення СПБ паэты Вольга Раўчанка, Лідзія Лробікава, празаікі Іна Зарэцкая і Уладзімір Гаўрыловіч тым часам прэзентавалі свае новыя кнігі, дарылі чытачам свае вершы і пажаданні.

Значная ўвага ў час літаратурнай сустрэчы была ўдзелена і новым выданням, якія напісаны гомельскімі творцамі і выйшлі з друку ў 2020 годзе, а новых кніг выдадзена больш 40! Іх, а таксама 18 абласны альманах “Літаратурная Гомельшчына” і 3-4 нумары новага міжнароднага альманаха “Літара” прэзентаваў чытачам Уладзімір Гаўрыловіч.

Сярод прэзентаваных на міжнароднай выставе – і кніга перакладаў на рускую мову вершаў гомельскага паэта Алеся Дуброўскага, зробленых расійскімі паэтамі Растоўскай вобласці і Краснадарскага краю і выдадзеную за ўласны кошт творцамі Няклінаўскага раёна Растоўшчыны.

All-focus

У канву літаратурна-музычнай кампазіцыі былі хораша “уведзены” расповяды і пра фестывалі, якія ладзяцца на Гомельшчыне.

All-focus
All-focus

Так, адбыліся кароткія прэзентацыі для жыхароў беларускай сталіцы і яе гасцей міжнароднага фестывалю-свята “Славянскія літаратурныя дажынкі” і абласнога літаратурнага фестывалю “На зямлі Кірылы Тураўскага”, што ў чарговы раз пройдуць у верасні на гомельскай зямлі з удзелам славянскіх літаратараў з трох краін – Беларусі, Расіі, Украіны.

Размова ішла і пра ўдзел маладых творцаў і пісьменнікаў-прафесіяналаў з усёй Беларусі ў міжнародным фестывалі моладзевай паэзіі і перакладаў “Берагі дружбы” (фестываль праводзіцца ў Растоўскай вобласці і з’яўляецца фестывалем-пабрацімам гомельскіх форумаў), і пра важнасць далейшага захавання камунікацыі паміж славянскімі творцамі.

А яшчэ гамяльчане на выставе правялі віктарыну «Памятаем! Шануем! Ганарымся!» (па матывах творчасці народных пісьменнікаў Беларусі Івана Шамякіна і Івана Мележа) і  ўручылі самым начытаным чытачам (на пляцоўцы, дзе выступалі палескія творцы, сабралася сапраўды шмат аматараў чытання, літаратараў і гасцей, якія прадстаўлялі іншыя краіны) прызы за добрае веданне творчасці класікаў беларускай літаратуры.

У той жа час кіраўніцтва Гомельскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі падрыхтавала сюрпрыз і для асобных удзельнікаў фестывальнай імпрэзы.

Так, пасля яркага выступлення Вольгі Раўчанкі (па выніках мінулага года паэтэса і перакладчыца выдала ажно 6 кніг і прэзентавала іх масаваму чытачу, за што ў студзені атрымала ганаровае званне “Пісьменнік года абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі”) старшыня аддзялення пад апладысменты калег і чытачоў уручыў ёй вышэйшую ўзнагароду Гомельскага аддзялення СПБ – памятны медаль “Кірыла Тураўскі. Асветнік. За ўклад у літаратуру”.

All-focus
All-focus
All-focus

А творчым сюрпрызам, напрыклад, для Лідзіі Долбікавай (паэтэса – лаўрэат абласнога конкурсу “Праваслаўе – мая надзея”, уладальнік медаля “Настаўнік творчай моладзі”) стала выкананне Віктарам Задарожным новай песні на яе верш. Такім чынам, своесаблівыя творчыя падарункі ад творцаў-гамяльчан на міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы атрымлівалі не толькі сталічныя чытачы, але і самі палескія літаратары. І гэта было ўрачыста і запамінальна для ўсіх. Завяршылася ж выступленне гомельскіх творцаў аўтограф-сесіяй і словамі падзякі ад імя Саюза пісьменнікаў Беларусі, якія выказаў вядомы беларускі празаік і драматург Георгій Марчук.

Пасля ж знаёмства з 11 тэматычнымі пакоямі выставы-кірмашу
па абедзе пісьменнікі наведалі Дом літаратара, дзе аддалі даніну павагі пісьменнікам-франтавікам у мемарыяльнай зале СПБ.

…На наступны дзень на камунікатыўнай пляцоўцы вялікага кніжнага свята адбылося падвядзенне вынікаў новага праекта – літаратурнага стартапу LitUp. Сярод фіналістаў конкурсу і некалькі пісьменнікаў-гамяльчан – Алена Матвіенка, Юрый Максіменка і Іна Зарэцкая. Прыемна, што аўтар празаічных твораў для дзяцей Іна Зарэцкая атрымала сертыфікат пераможцы на права выдання сваёй новай кнігі ў выдавецтве “Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі”.

All-focus
Пісьменнікі-гамяльчане разам з выхадцамі Палесся пісьменнікамі Наталляй Касцючэнка і Георгіем Марчуком

Прэс-служба Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика