У лістападзе мінулага года газета “Авангард” надрукавала мой водгук на кнігу вядомага беларускага пісьменніка, лаўрэата шматлікіх літаратурных прэмій і ўзнагарод земляка Міколы Чарняўскага “На парозе дабрыні і болю”, што пабачыла свет у выдавецтве “Народная асвета”. У ёй аўтар даволі цікава, абапіраючыся ў асноўным на ўласныя ўспаміны, распавёў пра  сустрэчы з вядомымі майстрамі прыгожага пісьменнства, якія пакінулі прыкметны, значны след ў беларускай літаратуры.  Яму пашчасціла быць блізка знаёмым, творча супрацоўнічаць і сябраваць з Янкам Маўрам, Артурам Вольскім, Васілём Віткам, Уладзімірам Дубоўкам, Станіславам Шушкевічам, Рыгорам Барадуліным, Анатолем Грачанікавым, Анатолем Сербантовічам, Хведарам Чэрнем і некаторымі іншымі не менш вядомамі творцамі.

Кніга “На парозе дабрыні і болю” зрабілася бібліяграфічнай рэдкасцю. Яна стала неацэнным дапаможнікам студэнтам-філолагам ВНУ, настаўнікам і проста прыйшлася па густу  ўсім, хто любіць літаратуру і шануе  роднае слова.

Аднак не ўсё, створанае Міколам Чарняўскім у жанры эсэ, літаратурных партрэтаў і ўспамінаў умясцілася ў першую кнігу, таму  нядаўна ён прэзентаваў і другі   том, які назваў проста і дасціпна  — “Свая ёсць песня…” (выдавецтва “Чатыры чвэрці”, 2020). У ёй слынны пісьменнік знаёміць з вядомымі працаўнікамі на літаратурнай ніве сучаснага пакалення. Большасць з іх – гэта яго равеснікі, сябры па жыцці і творчасці: Мікола Маляўка (“Любоў мая высокая, як неба…”), Казімір Камейша (“Свая ёсць песня ў кожным часе…”), Уладзімір Дзюба (“Сцвярджаць сябе ўсёй жыццёвай праўдай…”), Анатолькь Зэкаў (“Ёсць і вяршынька ў слова, і камель…”), Уладзімір Мацвеенка (“Хто ведаць жадае, хадзіце сюды…”), Уладзімір Мазго (“Пазычу колеры ў вясёлкі”), Расціслаў Бензярук (“Жыву на зямлі недарма”), Валерый Калінічэнка (“Зямля бацькоў, тут лёсу карані…”)

Міколаа Чарняўскі, пачынаючы нататкі пра Уладзіміра Мазго, піша: “На сваім вяку я быў сведкам трох, як мне здаецца, самых баяздольных “прызываў у літвойска: першым стаўся той, барадулінскі, падчас другога – “прызываўся” сам, а калі наспеў час трэцяга – да яго таксама давялося ў нейкай меры прычыніцца. Праўда, на гэты раз, у 1970-я і 1980-я, мне ўжо выпаў гонар асабіста “выпісваць позвы шматлікім “прызыўнікам”, якія настойліва стукаліся ў дзверы літаратурнага камісарыята, шукалі свайго прызнання, права на зброю  — трапнае паэтычнае пяро з нязбітым прыцэлам на не такі ўжо далёкі і поспех. Працаваў я тады ў часопісе “Бярозка”, і кожны дзень на мой стол клаліся дзясяткі (мала калі менш) чытацкіх лістоў з іх першымі спробамі пяра… Прыемна, што многія з іх, стаўшы сёння вусатымі і бязвусымі мэтрамі, ушанаваныя званнямі, пачэсна нясуць нялёгкую службу ў нашай літаратуры, знайшлі сваё месца ў ёй”.

Акрамя Уладзіміра Мазго, Мікола Чарняўскі ўзгадвае такія прозвішчы, як Віталь Гарановіч, Анатоль Зэкаў, Уладзімір Цанунін, Ірына Арлова, Алесь Усеня, Алесь Карлюкевіч, Алесь Бадак, Віктар Шніп, Галіна Булыка, Святлана Раманава, Алесь Гаўрон, Сяргей Чыгрын, Уладзіслаў Рубанаў, Анатоль Шушко, Павел Марціновіч і іншыя.

Прайшоў праз школу Міколы Чарняўскага і я, дасылаючы яму  свае першыя спробы пяра, калі быў вучнем вясковай школы, а потым ўжо курсантам факультэта журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вулішча. Мікалай Мікалаевіч і надалей чым мог падтрымліваў мяне. Гэта з ягонай падачы быў падрыхтаваны рукапіс маёй першай кнігі апавяданняў для дзяцей “Хітры Данік”, якая потым выйшла ў выдавецтве “Беларусь”. 15 асобнікў ён потым даслаў мне ў Ашхабад, дзе я нёс службу ў вайсковай газеце.

Змешчаны ў кнізе “Свая ёсць песня…” таксама ўспаміны “Гарніст далёкага маленства” (па слядах газеты “Піянер Беларусі”), “Бярозкі” даўняе святло”, “Быў час, быў век, была загадка ”( па слядах паэмы “Сказ пра Лысую гару”), “Пра тое, што нельга забыць” (прадмова да новага выдання кнігі “Ніколі не забудзем”), “Праклён, праклён табе, вайна!..” ( з нагоды выхаду кнігі “Я помню ўсё…”

Усё, што піша Мікола Чарняўскі, пранітатавана дабрынёй і чалавечнасцю. Нічога дзіўнага – яго атулялі такія людзі, як і ён сам: чулыя, спагадлівыя, таленавітыя.

Васіль Ткачоў

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика