Вынікі працы Гомельскага абласнога аддзялення Грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” ў 2019 годзе былі разгледжаны на справаздачным сходзе ў Гомелі.
З дакладам перад літаратарамі выступіў Старшыня аддзялення і Савета аддзялення, празаік Уладзімір Гаўрыловіч.
У прыватнасці, прамоўца прааналізаваў творчыя набыткі арганізацыі у мінулым годзе і зробленае пісьменніцкай грамадой дзеля папулярызацыі чытання і мастацкай кнігі.

Так, рашэннем абласной пісьменніцкай арганізацыі, у межах Года малой Радзімы на Гомельшчыне 2019-2020 гады аб’яўлены Годам літаратуры для дзяцей і юнацтва. Асноўная задача, якая была пастаўлена перад літаратарамі ў сувязі з гэтым – прапаганда кнігі, мастацкага слова перад вучнямі агульнаадукацыйных, дзіцячых устаноў, ВНУ. Гэтая задача вырашалася як праз выступленні літаратараў у дзіцячых садках, агульнаадукацыйных школах, ва ўстановах дадатковай адукацыі, каледжах і ВНУ, так і праз напісанне новых твораў для адзначанай аўдыторыі. У 2019 годзе было наладжана каля паўтары тысячы выступленняў пісьменнікаў вобласці, з іх тобольшая палова была звязана з Годам літаратуры для дзяцей і юнацтва. Паэтычныя і празаічныя кніжкі для дзяцей выдалі: Валерый Вятошкін “Шчабятухі-сакатухі” (на трох мовах – рускай, беларускай, украінскай; пераклады зрабілі Вольга Сафронава (г. Таганрог) і Н.Шклярава (г. Гомель); Надзея Дзмітрыева “Выратаваны муравей”; Вера Квяткоўская “Сонейка ў ладоньках”; Яўген Калашнікаў “Ох уж этот Кузя!..”, Міхась Сліва “Чароўны веласіпед” і інш. аўтары.
Як падкрэсліў У.Гаўрыловіч, пісьменнікі рэгіёна вельмі плённа працавалі ва ўстановах адукацыі рэгіёна. Невыпадкова за гэтую вялікую працу абласное аддзяленне СПБ было ўзнагароджана Ганаровай граматай упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама.
Нямала было зроблена для захавання памяці пісьменнікаў-землякоў.
Напрыклад, Савет аддзялення СПБ ініцыіраваў правядзенне мерапрыемстваў, прысвечаных памяці вядомага беларускага пісьменніка Міколы Гамолкі на радзіме пісьменніка. На працягу года праведзена шэраг літаратурных сустрэч пісьменікаў аддзялення з чытачамі, на якіх вялася размова аб творчай спадчыне паэта. А яшчэ аддзяленнем СПБ праведзены абласны літаратурны конкурс, прысвечаны памяці Міколы Гамолкі, які меў назву “ІІ АБЛАСНЫ ЛІТАРАТУРНЫ КОНКУС “ТАБЕ ПЯЮ, МАЛАЯ РАДЗІМА!”. У конкурсе бралі ўдзел 92 канкурсанты з Петрыкаўскага і Жыткавіцкага раёнаў – настаўнікі, вучні, навучэнцы, студэнты, спецыялісты розных сфер народнай гаспадаркі ў намінацыях “Паэзія” і “Проза”. Вызначана 46 фіналістаў конкурсу і 6 лаўрэатаў конкурсу, якія былі запрошаны на падвядзенне вынікаў у Жыткавіцкі гарадскі цэнтр культуры. Для іх была праведзена творчая сустрэча ў ДУА “Сярэдняя школа №1 імя Г.Н. Тураўца”, арганізавана экскурсія ў мемарыяльны музей Міколы Гамолкі, праведзены майстар-класы, адбылося ўрачыстае ўзнагароджванне дыпломамі і кнігамі з аўтографамі гомельскіх аўтараў, а таксама выданнямі “Гомельшчына ўнікальная” з флэш-картай і электронным варыянтам кнігі пра Гомельшчыну
4 студзеня ў Гомельскім гісторыка-краязнаўчым музеі ў Пакалюбічах пісьменніцкая арганізацыя сумесна з кіраўніцтвам музея і грамадскасцю Гомельскага паёна арганізавалі памятную вечарыну, прысвечаную 90-годдзю таленавітага пісьменніка Івана Сяркова.
Гомельскае абласное аддзяленне СПБ сумесна з Жлобінскім райвыканкамам і землякамі адзначыла ў гарадскім цэнтры культуры Жлобіна 12 лютага ўрачыстасць «Ён зямлі гэтай часцінка…», прысвечаную 95-годдзю удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, беларускага пісьменніка, ураджэнца і ганаровага грамадзяніна Жлобіншчыны Аляксандра Пятровіча Капусціна (1924–1996): у 20 раз прайшлі Капусцінскія чытанні і ўручана абласная літаратурная прэмія імя А.Капусціна, якая заснавана Гомельскім абласным аддзяленнем ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” і Жлобінскім раённым выканаўчым камітэтам. Сёлета прэміі была ўдастоена ветэран педагагічнай працы, мясцовая паэтэса Марыя Смірнова: Марыя Сямёнаўна 42 гады аддала працы ў школе, вучыла дзяцей рускай мове і літаратуры, але ў сваёй творчасці часта выкарыстоўвае і беларускае слова. Яна – аўтар некалькіх паэтычных зборнікаў і слоў да гімна Жлобіна, доўгі час узначальвала літаратурны клуб «Ліра» пры цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Н. К. Крупскай.
Гомельскае абласное аддзяленне СПБ хораша павіншавала з 90-годдзем паэта МІХАСЯ МАМОНЬКУ, якому споўнілася ў 2019 годзе 90 гадоў, 30 гадоў таму выйшаў першы паэтычны зборнік літаратара. У Тураве з нагоды юбілею ў мясцовай бібліятэцы адбыўся вечар-партрэт “Душой і сэрцам беларус”. Пісьменніцкая арганізацыя выдала да юбілею паэта яго кнігу “Голас Палесся”, якая і была прэзентавана на юбілеі.
Гэтаксама, улічыўшы значны творчы ўклад у развіццё літатаратуры, аддзяленне выдала ў двух фарматах кнігу члена СПБ, празаіка Анатоля Караленкі “Чарадзей”.
Шмат увагі было ў 2019 годзе і падрастаючаму пакаленню, папулярызацыі творчасці сярод дзяцей і падлеткаў. Напрыклад, абласное аддзяленне арганізавала 13 абласны конкурс чытальнікаў “Захаваем свет разам!”. Мерапрыемства ладзілася ў Гарадскім цэнтры культуры горада Гомеля, пры ўдзеле народнага клуба “Арт-кафэ на Ірынінскай”.Дарэчы, конкурс “Захаваем свет разам!” праводзіцца з мэтай стымулявання чытацкіх інтарэсаў школьнікаў, павышэння цікавасці да выразнага чытання мастацкіх твораў, а задачамі з’яўляецца прапаганда твораў пісьменнікаў Гомельшчыны, прысвечаных роднаму краю, духоўнаму багаццю рэгіёна, якія адлюстроўваюць пазітыўныя бакі нашай рэчаіснасці. Для чытання ўдзельнікі конкурсу самастойна выбіралі: а) мастацкія творы сучасных празаікаў, якія пражываюць на тэрыторыі Гомельскай вобласці і з’яўляюцца членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі; б) мастацкія творы празаікаў – членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі, выхадцаў з Гомельскай вобласці. У конкурсе прымалі ўдзел вучні агульнаадукацыйных школ, устаноў адукацыі іншых форм, у тым ліку прафтэхфадукацыі Гомельскай вобласці з 12 да 17 гадоў. Лаўрэаты абласнога конкурсу чытальнікаў (1,2,3 месцы і Гран-пры) восенню 2019 года прымалі самы актыўны ўдзел ў XIV Міжнародным фестывалі-свяце “Славянскія літаратурныя дажынкі-2019” і ІІІ Форуме маладых літаратараў і аматараў мастацкай творчасці “Слова”, былі адзначаны спецыяльнымі дыпломамі і каштоўнымі падарункамі ад пісьменніцкай арганізацыі, атрымалі кнігі гомельскіх аўтараў з аўтографамі.
Гомельскае абласное аддзяленне арганізавала і абласны літаратурны конкурс “Слова”. 89 маладых аўтараў і аматараў літаратурнай творчасці былі запрошаны на ІІІ Форум маладых літаратараў і аматараў мастацкай творчасці, які ладзіўся 12 верасня 2019 года. Усе фіналісты былі адзначаны дыпломамі, а лаўрэаты — падарункамі ад аддзялення СПБ.
Сумесна з Гарадскім цэнтрам культуры г. Гомеля праведзены ІІІ адкрыты шматпрофільны фестываль-конкурс “Скарбонка талентаў”, прысвечанага 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (удзельнічала звыш 200 канкурсантаў).
Пісьменнікі вобласці сэрцам і душой адгукнуліся на зварот кіраўніцтва абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” аб удзеле ў дабрачыннай акцыі “Кнігі для Клімаўскай сельскай бібліятэкі”. (У кастрычніку 2018 года ва ўстанове культуры Гомельскага раёна адбылася надзвычайная сітуацыя – у выніку пажару быў знішчаны кніжны фонд). Абласной арганізацыяй СПБ была аб’яўлена дабрачынная акцыя па зборы кніг сярод членаў абласной арганізацыі, затым межы акцыі былі пашыраны. 40 пісьменнікаў-гамяльчан перадалі для папаўнення фонду бібліятэкі звыш 1,9 тыс. цікавых выданняў з уласных бібліятэк. Шэраг літаратараў падаравалі бібліятэцы і свае аўтарскія кнігі, нават бібліятэчкі кніг (як напрыклад, пісьменнік А. Джад, і інш.) з аўтографамі. Яшчэ некалькі аўтараў аддзялення асабіста перадалі кнігі для ўстановы культуры Гомельскага раёна адразу ж пасля надзвычайнага здарэння. Разам з тым, у акцыі “Кнігі для Клімаўскай бібліятэкі” прынялі ўдзел і 7 партнёрскіх пісьменніцкіх арганізацый Гомельскага абласнога аддзялення СПБ з Расіі і Украіны, якія таксама ў 2019 годзе прывезлі ў бібліятэку каля 500 кніг.

У верасні 2019-га ў адноўленай Клімавіцкай бібліятэцы Гомельскае абласное аддзяленне СПБ арганізавала вялікае свята для вясковых чытачоў з удзелам вядучых літаратараў Гомельшчыны, прадстаўнікоў пісьменніцкіх арганізацый Расіі і Украіны. Усяго ў рамках акцыі ў бібліятэку было перададзена каля 3 тыс. сабраных кніг.
У сакавіку 2019 года Гомельскае абласное аддзяленне ГА “СПБ” і Гомельская, а таксама Мазырская пагранічнай групы Дзяржаўнага пагранічнага камітэта дасягнулі пагаднення аб творчым супрацоўніцтве на 2019 год, дзякуючы чаму ў падраздзяленнях і заставах было наладжана шэраг цікавых групавых выступленняў пісьменнікаў вобласці.
Як адзначыў Старшыня аддзялення СПБ, пісьменнікі Гомельшчыны ў межах Года малой радзімы прымалі актыўны ўдзел і ў іншых шматлікіх літаратурна-мастацкіх, экалагічных, патрыятычных акцыях.

Запамінальнымі і цікавымі, напрыклад, былі выступленні Яўгена Калашнікава, Ганны Атрошчанкі, Надзеі Дзмітрыевай, Міхася Слівы, і іншых у межах Тыдня дзіцячай кнігі ў бібліятэках горада над Сожам і вобласці, у розных аўдыторыях плённа вельмі плённа працавалі А. Каляда, У.Гаўрыловіч, М. Болсун, Н. Шклярава, М. Кавалёў, В. Раўчанка, Е. Дударга, Т.Чараухіна, В. Вятошкін, Я. Калашнікаў, Р. Дзейкун, В. Смірнова, В.Ткачоў, З. Пархамчук, Т. Маісеева, І. Спасібіна, Г. Атрошчанка, Л. Долбікава, Т. Кручэнка, А.Ананьеў, А.Бычкоў, В.Квяткоўская, А. Матвеенка, Н. Шамяткова, і іншыя літаратары аддзялення.
У 2019 годзе выдадзена каля дзвюх дзясяткаў аўтарскіх кніг, пісьменнікі надрукавалі свае творы ў 6 міжнародных калектыўных зборніках. Па кожнай з выдадзеных кніг наладжаны прэзентацыі ва ўстановах адукацыі і культуры. Літаратары рэгіёна, як падкрэслівалася на сходзе, распавядаюць чытачам як у студэнцкіх, так і вучнёўскіх аўдыторыях, так і на старонках СМІ, аб сваёй малой Радзіме: якая яна была раней і якая сёння, чытаюць свае творы-прысвячэнні таму кутку беларускай зямлі, дзе нарадзіліся, узгадаваліся і будуць удзячны ўсё сваё жыццё.
Гэтаксама ў 2019 годзе абласной арганізацыяй былі выдадзены: альманах “Літаратурная Гомельшчына. Літара”, прысвечаны дзяцінству; міжнародны альманах “Літара.Литера.Ліцера.Littera”, прысвечаны 75-годдзю вызвалення Беларусі і 75-годдзю Перамогі.
Да Году малой Радзімы ажыццёўлены праект – выпуск музычнага дыска – песні на словы члена СПБ В.Вятошкіна і музыка, выкананне В.Задарожнага.
Гомельскае абласное аддзяленне на працягу 2019 года арганізавала на тэрыторыі Гомельскай вобласці 2 літаратурныя фестывалі. Міжрэгіянальны адкрыты фестываль літаратуры, культуры, мастацтва і народных традыцый “На зямлі Кірылы Тураўскага” упершыню прайшоў 17 мая ў раённым цэнтры Жыткавічы Гомельскай вобласці.У час свята ад імя пісьменнікаў Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” цэнтральнай раённай бібліятэцы ўрачыста перададзена бібліятэчка з 200 кніг гомельскіх аўтараў. На свяце Кнігі выступілі лаўрэаты абласной літаратурнай прэміі імя К. Тураўскага, вядомыя гомельскія паэты і празаікі, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, а таксама мясцовыя аўтары, якія актыўна супрацоўнічаюць з раённай газетай “Новае Палессе”. Песеннае багацце краю прадэманстравалі як народныя калектывы, так і творчая моладзь горада і раёна. У час свята аддадзена даніна павагі вядомаму беларускаму кампазітару Уладзіміру Будніку, які нарадзіўся ў Жыткавічах, а таксама прайшлі міні-прэзентацыі кніг аўтараў, якія жывуць у Тураве і Жыткавічах. У час працы фестывалю яго ўдзельнікі і госці змаглі пазнаёміцца з выставай кніг пісьменнікаў-землякоў, сустрэцца з цікавымі для іх аўтарамі. А яшчэ ў час свята для ўдзельнікаў абласнога літаратурнага конкурсу і яго фіналістаў пісьменнікі Гомельшчыны правялі майстар-клас. Завяршыўся першы Міжрэгіянальны адкрыты фестываль літаратуры, культуры, мастацтва і народных традыцый “На зямлі Кірылы Тураўскага” наведваннем пісьменнікамі Гомельшчыны старжытнага Турава і ўскладаннем кветак да помніка першага беларускага і агульнаславянскага літаратара, святара і асветніка Кірылы Тураўскага.
На працягу чатырох дзён, 11-14 верасня, ў Гомелі і Гомельскім раёне ладзіўся 14-ы Міжнародны фестываль-свята «Славянскія літаратурныя дажынкі-2019”. У фестывальнай праграме было арганізавана 16 мерапрыемстваў літаратурнага характару, у якіх прынялі ўдзел звыш 200 літаратараў з Расіі, Украіны, Беларусі. Штогод геаграфія ўдзельнікаў фестываля пашыраецца: так, сёлета ў яго працы прымалі ўдзел як творчая моладзь (Іркутск, Растоўская вобласць), так і прафесіянальнымі аўтарамі была ўпершыню прадстаўлена Смаленская пісьменніцкая арганізацыя СПР.
Сярод многіх літаратурных падзей, якія былі арганізаваны пісьменніцкай супольнасцю Гомельшчыны, асобна стаіць яшчэ адзін міжнародны фэст. Упершыню ў 2019 годзе Гомельскае абласное аддзяленне ГА “СПБ” арганізавала і правяло Першы міжнародны конкурс-агляд самадзейных літаратурных аб’яднанняў СНД.
Удзельнікамі праекта, які распрацаваў і ажыццявіў Уладзімір Гаўрыловіч, сталі 10 літаратурных аматарскіх аб’яднанняў і клубаў Беларусі, Расіі і Украіны. Усяго ў міжнародным аглядзе-конкурсе прынялі ўдзел звыш 60 удзельнікаў літаратурных аб’яднанняў і літаратурных клубаў трох краін. Гран-пры ў трох намінацыях дасталіся літаратурным аб’яднанням са Старадуба (Бранская вобласць), Няклінаўскага раёна (Растоўская вобласць, РФ), а таксама літаратурнаму аб’яднанню “Пралеска” з Гомельскага раёна.
Як адзначалася на сходзе пісьменнікай арганізацыі, гэта было незвычайнае свята Слова, якое кранула сэрцы многіх аматараў мастацкай творчасці. Міжнароднае журы, якое ўзначаліў старшыня Смаленскай абласной пісьменніцкай арганізацыі Саюза пісьменнікаў Расіі Алег Дарагань, акрамя адзначаных у час фестывалю літаб’яднанняў-пераможцаў, вырашыла дадаткова заахвоціць і персанальнымі ўзнагародамі 22 удзельнікаў з беларускага боку і 12 з украінскага і расійскага. Спецыяльныя дыпломы за подпісам кіраўнікоў двух рэгіянальных пісьменніцкіх арганізацый Беларусі, Расіі і Саюза пісьменнікаў Украіны, а таксама кніжныя падарункі былі ад заснавальніка конкурсу-агляду былі ўрачыста ўручаны ўсім удзельнікам агляду-конкурсу.
Наладжана плённае супрацоўніцтва і аказвалася кансультатыўна-метадычная дапамога кіраўнікам літаб’яднанняў вобласці. У цэлым, апаратам аддзялення пастаянна аказваецца метадычная, кансультацыйная дапамога ў выданні кніг членам аддзялення, а таксама усё больш аказваецца кансультацый маладым аўтарам.
У 2019 годзе Гомельскае аддзяленне плённа супрацоўнічала з 7 пісьменніцкімі арганізацыямі Расіі і Украіны. Паміж Гомельскім абласным аддзяленнем СПБ і 6 пісьменніцкімі арганізацыямі Расіі і Украіны у 2019 годзе былі наноў падпісаны дараворы аб творчым супрацоўніцтве. Дзякуючы сумесным намаганням літаратараў Гомельскай і Растоўскай абласцей паміж Гомельскім раёнам і Няклінаўскім раёнам Гомельскай вобласці падпісаны ў межах фестывалю дагаворы аб супрацоўніцтве. Сумесна праведзены шэраг творчых мерапрыемстваў (Трубчэўск, Старадуб, Навазыбкаў, Растоўская вобласць, Бранск, Гомель…). Дзякуючы агульнай руплівасці ажыццёўлены ўнікальныя праекты, якія збліжаюць сучасных літаратараў трох краін.
Асабліва плённа аддзяленне СПБ працуе з растоўскімі і краснадарскімі калегамі ў рамках міжнароднага фестываля моладзевай паэзіі і перакладаў “Берагі дружбы” – сёлета з усёй Рэспублікі Беларусь у ім прымала удзел 37 чалавек (палова з іх моладзь). (Даведка: за прайшоўшыя чатыры гады ў праекце ўдзельнічала звыш 300 маладых аўтараў і членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі, а таксама моладзі і пісьменнікаў з Расіі, Украіны. Ад Беларусі кожны год удзельнічае каля 20 маладых аўтараў, у тым ліку 10 з Гомельскай вобласці, і каля 20 пісьменнікаў-метадыстаў з ліку літаратараў абласных аддзяленняў СПБ). Выніковы і 2019-ы: гамяльчане занялі 7 прызавых месцаў. Па выніках праекта, які з беларускага боку ўзначальвае Уладзімір Гаўрыловіч, выдадзена 6 кніг перакладаў, у тым ліку адна кніга на беларускай мове “Срэбная крыніца”. У межах міжнароднага праекта выйшла аўтарская кніга члена СПБ, паэткі Ніны Шкляравай – вершы яе пераклаў Уладзімір Сарочкін, старшыня Бранскай пісьменніцкай арганізацыі СПР. Упершыню сёлета ў межах фестывалю “Берагі дружбы” адбыўся семінар перакладчыкаў. Ад юных гамяльчан ў ім удзельнічалі маладыя аўтары Сяргей Прывалаў і Дзмітрый Нілаў. А сам міжнародны праект у 2019 годзе атрымаў Грант Прэзідэнта Расійскай Федерацыі – своеасаблівую “пуцёўку” на далейшае развіццё.
Па ініцыятыве Старшыні Гомельскага абласнога аддзялення СПБ У.Гаўрыловіча імя святара і асветніка К.Тураўскага ў 2019 годзе прысвоена бібліятэцы і Дому культуры ў Белакалітвінскім раёне Растоўскай вобласці.
Творчасць і актыўная грамадская дзейнасць гомельскіх літаратараў пастаянна адзначаецца творчымі арганізацыямі Расіі і Украіны. Так, Валерый Ветошкін адзначаны Міжнароднай літаратурнай прэміяй Баяна за прадвіжэнне творчасці расійскіх літаратараў у Беларусі, па захаванню культурнай спадчыны братэрскіх славянскіх народаў. Звання лаўрэата Усеукраінскай літаратурнай прэміі імя В.Нарбута ўдастоена паэтэса Тамара Кручэнка. Анатоль Мохараў на працягу года атрымаў 3 медалі – “220 гадоў А.С. Пушкіна” і “125 гадоў У. Маякоўскага”, “Героі Вялікай Перамогі” (Расійскі Саюз пісьменнікаў). Таксама медалямі за творчую працу адзначаны: “В.Шукшын” – У.Гаўрыловіч (Саюз пісьменнікаў Расіі), Міхаіл Дзедавец — “За актыўную работу па патрыятычнаму выхаванню” (Расійскі Савет ветэранаў). Парадавалі вынікі міжнароднага конкурсу “Нацыянальная літаратурная прэмія “Залатое пяро Русі-2019”. Так, “Залатое пяро Русі” сёлета атрымалі 3 аўтары (Н. Шэметкова, Я. Калашнікаў (перамог адразу ў трох міжнародных конкурсах) і Н.Сляднева)…
Гомельскія літаратары смела пра сябе заяўляюць у Сеціве (Інтэрнэце). Гомельскі празаік Аляксандр Джад атрымаў 30 узнагарод (дыпломы) ў інтэрнэрт-конкурсах. Прэмію “Парнас” (Італія) атрымала Вольга Раўчанка, ёй уручаны памятны знак Амдзі Гірайбай. Член СПБ Зоя Пархамчук арганізавала літаратурныя курсы, у лістападзе адкрыла арт-прастору “Зялёны дом”, дзе адбываюцца і літаратурныя сустрэчы. Усяго за 2019 год пісьменнікі Гомельшчыны атрымалі звыш 80 міжнародных, рэспубліканскіх, абласных грамат і дыпломаў…
Пісьменнікі Гомельшчыны на працягу года прымалі актыўны ўдзел ва ўсіх значных падзеях літаратурнага жыцця краіны (у Дні беларускага пісьменства і Міжнароднай кніжнай выставе), Гомеля і вобласці (у тым ліку ў юбілейных урачыстасцях (напрыклад, з нагоды 100-годдзя бібліятэкі імя Герцэна, у святкаванні 50-гадовага юбілею бібліятэкі імя К.Тураўскага ў Гомелі, 15-годдзі народнага аматарскага клуба “Арт-кафэ на Ірынінскай і інш.).
На сходзе ў спрэчках выступілі пісьменнікі Васіль Ткачоў, Міхась Болсун, Міхась Кавалёў, Вольга Раўчанка, Аляксандр Каляда і іншыя літаратары, якія станоўча ацанілі працу аддзялення СПБ і выказалі прапановы па ажыццяўленню новых літаратурных падзей на карысць літаратуры, чытача і грамадства.
Як адзначыў, падводзячы вынікі ўсіх выступленняў, Уладзімір Гаўрыловіч, у 2020 годзе пісьменніцкая арганізацыя Гомельшчыны працягне актыўную працу па ўсіх напрамках дзейнасці.
Напрыклад, літаратары Гомельшчыны ўжо праініцыявалі правядзенне шэрагу мерапрыемстваў, прысвечаных 75-годдзю Перамогі, да 100-годдзя народнага пісьменніка Беларусі А.Я. Макаёнка, працягнуць працаваць у межах Года малой Радзімы Год літаратуры для дзяцей і юнацтва. Будзе праведзена шэраг літаратурных конкурсаў, ужо вядзецца падрыхтоўка да двух фестываляў – “На Зямлі К.Тураўскага” з удзелам пісьменнікаў Брэсцкага рэгіёну і 15 Міжнароднага фестывалю-свята “Славянскія літаратурныя дажынкі-2020”. Распрацаваны і план мерапрыемстваў, прысвечаных 15-годдзю абласной пісьменніцкай арганізацыі і 85-годдзю Саюза пісьменнікаў Беларусі…
Сход прызнаў працу аддзялення СПБ у 2019 годзе здавальняючай. Гэтаксама быў зацверджаны План работы па папалярызацыі літаратуры і мастацкай кнігі на Гомельшчыне на 2020 год.
Па завяршэнні справаздачнага сходу кіраўнік абласной пісьменніцкай арганізацыі Уладзімір Гаўрыловіч узнагародзіў самых актыўных літаратараў за іх асабісты грамадскі і творчы ўнёсак у агульную справу па папулярызацыі чытання і мастацкай кнігі ва ўстановах адукацыі і культуры рэгіёна, на прадыпрыемствах і арганізацыях Гомельшчыны.
Прэс-служба Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.