VI АБЛАСНЫ ЛІТАРАТУРНЫ КОНКУРС “ТАБЕ ПЯЮ, МАЛАЯ РАДЗІМА!”, ПРЫСВЕЧАНЫ ПІСЬМЕННІКУ-ЗЕМЛЯКУ
МІКОЛУ ГАМОЛКУ

ПЕРШАЕ МЕСЦА

Канстанцін ЧЭЧКА, Коленская сярэдняя школа

Гомельская вобласць, Жыткавіцкі раён, аг. Кольна

ГОРАД ПАМЯЦІ

Там, дзе коціцца Струмень сівы кучаравымі хвалямі,

Дзе Кірыла святы азірае прасторы вакол,

Дзе вясёлка пачатак бярэ паміж нашымі марамі,

Горад памяці ёсць! Горад лепшы на векі вякоў!

Хто аднойчы пабачыў яго ці старым, ці свавольнікам,

Хто адчуў цеплыню ад зямлі, ад сваіх каранёў,

Той ніколі ў жыцці ўжо не будзе лічыцца бяздольнікам.

Яго Тураў заўсёды прыняць і аблашчыць гатоў.

Хто ляжаў на зямлі на гарышчы спрадвечным, на Замкавым,

Пазіраў на мясцовых нябёсаў бязмежны прастор,

Той ніколі, паверце, не будзе ўжо абыякавым

Да людскога, прыроды. Ды што там, нарэшце – да зор!

Тут зямля ўраджаі дае па-сапраўднаму шчодрыя:

Колькі талентаў моцных выходзіць з мясцовых крыніц!

Людзі ўсе, як адзін, працавітыя, мудрыя, добрыя.

Прарадзіма народа, калыска сівых таямніц.

Храм для вернікаў, месца спакою для стомленых.

Тут палечаць званы тваю хворую душу ізноў.

Тут збяруць па кавалачках усё, што разбіта і зломлена

Пад мясцовыя песні, пад шэпат каменных крыжоў.

Калі ты адчуваеш, што тонеш у жыцці, не спраўляешся.

Калі хочацца свежага, цёплага ветру глыток,

Едзь у Тураў! У горад святы! Горад памяці!

Ён заўжды і прыняць, і суцешыць гатоў!

ІV АБЛАСНЫ ЛІТАРАТУРНЫ КОНКУРС “МІША МАРОЗ.
НЕЗАБЫЎНЫ ПОДЗВІГ”


ПЕРШАЕ МЕСЦА

Арцём МАКСІМЕНКА, ДУА “Сярэдняя школа  №34”, г. Гомель

НЕЗАБЫЎНЫ ПОДЗВІГ

Колькі ў нашых сэрцах памятных імёнаў,

Што гараць заўсёды, нібыта маяк!

Мы да іх імкнемся, як ляціць вясною

На радзіму продкаў жураўлёў касяк.

Затрымайся, сябра! Падыйдзі да школы –

Тут знайшоў прытулак Міхаіл Мароз…

Збараніў жыццё нам, свет яго – наўкола,

Бо сваім учынкам ён змяніў наш лёс.

Незабыўны подзвіг земляка-героя,

Юнака Палесся, свеціць з вышыні!

Гэты подзвіг – зорка, гэты подзвіг – мроя,

Гонар, боль і памяць у сэрцы назаўжды!

Колькі ў нашых сэрцах памятных імёнаў,

Што гараць заўсёды, нібыта маяк!

Хай нясе свабодна над маёй зямлёю

Памяць пра героя жураўлёў касяк.

ПЕРШЫ РЭГІЯНАЛЬНЫ ЛІТАРАТУРНЫ КОНКУРС НА ЛЕПШУЮ КАЗКУ “ЧАРАДЗЕЙНАЯ ВЯСЁЛКА”
ІМЯ АНАТОЛЯ КАРАЛЕНКІ


ПЕРШАЕ МЕСЦА

Дар’я КУШНІР, ДУА “Сярэдняя школа №14 г.Мазыра”

 БЕЛАРУСКІ ГАСПАДАР

Даўным-даўно на адной далёкай планеце, якая была густа населена рознымі народамі, успыхнула вайна. Сабраў уладар сваіх мудрацоў і стаў раіцца, як спыніць гэта кровапраліцце.

— Людзі забіваюць адзін аднаго таму, што ім не хапае ежы, — сказаў адзін з мудрых старцаў. — Наша планета малая, а народаў на ёй больш, чым яна можа пракарміць. У галактыцы ёсць шмат незаселеных планет. Асабліва мне падабаецца адна, вельмі прыгожая блакітная Зямля. Давайце возьмем добраахвотнікаў ад кожнага народа і адправім іх туды. Хай яны самі вырашаюць, на якой частцы Зямлі жыць і як сябе называць.

І сталі пасланцы збірацца ў дарогу. Прадстаўнікі кожнай расы павінны былі ляцець асобным караблём і сяліцца асобна адзін ад аднаго. І вось адзін з караблёў прызямліўся на незнаёмай планеце. Людзі выйшлі з яго і залюбаваліся, бо вакол было вельмі прыгожа: аксамітная маладая траўка пакрывала зямлю, дзе-нідзе выглядалі жоўтыя кветкі-зорачкі. Асабліва іх уразілі дрэвы з белай карой. Доўгія тонкія галінкі, нібы герлянды, нізка звісалі да зямлі. Дрэўцы нагадвалі стройных маладых дзяўчат.

 — Мы застанемся тут! — вырашылі яны.

 — Але ў гэтым месцы шмат балот, нам і нашым нашчадкам будзе цяжка тут  жыць, — запярэчыў хтосьці. 

Але ўсе, як зачараваныя, глядзелі на беластволыя дрэвы і балоты іх ужо не палохалі. Так і засталіся яны на гэтай зямлі. Людзі гэтыя былі вельмі працавітыя, душы іх былі белымі, бы тыя дрэвы, і чыстыя, нібы ранішняя раса. Вось і сталі іх называць белымі росамі, а з цягам часу — беларусамі, а краіну, якую яны заснавалі — Беларуссю.

 Жыў беларускі народ, працаваў, хлеб вырошчваў. Аднойчы праз тую зямлю ішоў добры чараўнік. Глядзіць навокал, любуецца: зелянее трава, бялеюць бярозкі, жаўцее жыта, красуюць кветкі.

— Трэба дадаць сюды блакітнага колеру! — вырашыў ён і падараваў  беларусам некалькі цудоўных зярнятак.

Прайшоў час і блакітнымі хвалямі закалыхаўся на палях лён. Людзі навучыліся рабіць з яго тканіну, фарбавалі яе і шылі адзенне. Шмат вякоў прайшло з таго часу. Дружна жылі беларусы, у згодзе паміж сабою і суседзямі. Але даведаўся аб гэтым злы і зайздросны змей з далёкага замежжа.  

— Хачу, каб усе землі былі маёй маёмасцю, а людзі, якія на ёй жывуць, маімі рабамі! — заверашчаў і павёў свае войска на мірны  народ.

Беларусы яшчэ спалі, калі над іх гарадамі і вёскамі пранесліся страшныя птушкі з жалезнымі крыламі. А следам за імі папаўзлі па зямлі жорсткія пачвары, знішчаючы ўсё на сваім шляху: палілі хаты, забівалі дзяцей і старых, а маладых забіралі ў палон у сваё логава. Загаласілі маткі над забітымі дзецьмі, застагнала зямля беларуская. Гора і боль прыйшлі да мірнага народа і яго добрых суседзяў. Але знайшлі яны ў сабе сілу, аб’ядналіся і, трымаючы зброю акрываўленымі рукамі, пагналі гадзіну прэч. Загналі ў сваё непраходнае балота і адсеклі галаву.

З руін і попелу давялося падымацца беларусам. Дзень і ноч працавалі яны і хутка на палітай крывёю зямлі зноў закалыхаўся блакітам лён, закаласілася жыта, зацвілі кветкі. І толькі бярозкі кожную вясну плачуць, успамінаючы тых, хто не вярнуўся да роднага парога.

Прайшоў час… Гора, якое аб’яднала людзей, стала памалу забывацца. І зноў зажылі ўсе ў міры і згодзе.

Прачуў пра гэта злы чараўнік.

— Не быць пакою на зямлі! Калі вас не змог знішчыць мой сябар Змей, то вы самі сябе загубіце!- крыкнуў ён, падняўся высока над зямлёй і сыпануў на зямлю жменю чароўнага парашку. Па ўсёй планеце панёс яго вецер. Нейкая колькасць тых пылінак даляцела да Беларусі. А калі чалавеку з паветрам трапляла такая пылінка, то людзі пачыналі хварэць на невядомыя хваробы, страшна мучыцца. Усё змянілася: людзі перасталі хадзіць у лес збіраць грыбы і ягады, у лясах з’явіліся страшныя звяры, у рэчках і азёрах была рыба, але яе нельга было ўжываць у ежу, садавіна і агародніна стала непрыгоднай для спажывання людзям. Многія людзі, пакінуўшы нажытае, ішлі шукаць ратунку і шчасця ў другія месцы.

А далей было яшчэ горш: у людзей у сярэдзіне пачынала расці прагнасць і зайздрасць, а любоў да працы змянілася прагай да грошай. Хто мог красці, хацеў яшчэ больш, гроб усё пад сябе, у той час як астатнія бяднелі з кожным днём. Краіна трапіла ў беднасць.

— Як выйсці з такой сітуацыі? Выхаду няма! — было ва ўсіх на вуснах.

— Выхад заўсёды ёсць, — сказаў адзін мудрэц. — Нам трэба Кіраўнік, які заступіцца за бедных, пакарае злодзеяў і павядзе нас за сабою.

          І пайшлі пасланцы ад народа шукаць такога чалавека. Доўга хадзілі… Навокал разбурэнне, палі не засеяны, людзі без працы, беднасць на кожным кроку. І вось зайшлі яны ў адно сяло. Ідуць, дзівяцца: будынкі новыя, на вуліцах чысціня, на палях збажына калышацца, у садах садавіна  галіны гне. А людзі навокал вясёлыя, шчаслівыя.

— Як жа ў вас гэтак атрымоўваецца? — пытаюць хадакі ў сялян.

— А гэта ўсё наш гаспадар: і сам працуе і нас вучыць, як працаваць трэба.  Кінуліся тады ганцы ў ногі Гаспадару:

— Ідзі да нас Кіраўніком, падымі наш народ.

Згадзіўся Гаспадар, бо вельмі любіў свой народ беларускі. Узваліў на сябе ён воз нявырашаных праблем, працаваў дзень і ноч, і, нарэшце, воз крануўся. Памалу, дзень за днём, пры падтрымцы свайго народа і разам з ім, выцягнуў ён краіну з ямы. Удзячны народ так палюбіў свайго Кіраўніка, што называў яго Бацькам. А той па-бацькоўску адносіўся да ўсіх, стараўся пачуць і дапамагчы кожнаму. І зноў заквітнела Беларусь, горда ўзняў галаву яе народ. Аб маленькай краіне і яе Кіраўніку даведаліся далёка за яе межамі. Шмат сяброў знайшла Беларусь там.

— Як жа нам аддзячыць нашага Кіраўніка? – пыталіся людзі адзін у аднаго. — Як абараніць свайго Кіраўніка, сваю краіну, свой народ?

Думалі яны, думалі і прыдумалі. Сабраліся беларусы з чыстымі сэрцамі і сумленнем і сталі ткаць палатно. Узялі ніткі, дадалі туды слёзы маці, якія хвалююцца за сваіх дзяцей, павагу старых, якія жывуць у пакоі і дастатку, удзячнасць вайскоўцаў, якія абараняюць спакой сваёй краіны, якім не даводзіцца ваяваць, упэўненасць моладзі, якая не баіцца заўтрашняга дня і пафарбавалі вясёлым дзіцячым смехам. Цудоўнае атрымалася палатно. Пашылі з яго беларусы сарочку, упрыгожылі яе сваёй любоўю і адданасцю і падаравалі Кіраўніку. Апрануў ён тую сарочку і стаў магутным, непераможным волатам.

Так і жыве працавіты і чысты народ зямлі беларускай у шчасці і спакоі. А сінявокая краіна наша год ад году прыгажэе, квітнее і квітнець будзе!!!

Яндекс.Метрика