Рашэннем агульнага сходу творчага калектыву Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” пры аддзяленні створана і запрацавала новае творчае фарміраванне – Абласное літаратурнае аб’яднанне “Слова”. Яно аб’ядноўвае як пісьменнікаў, якія працуюць на прафесійнай аснове, так і аўтараў-пачаткоўцаў, аматараў мастацкай творчасці.

Саветам абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і актывам новага  літаб’яднання  пры аддзяленні будзе весціся творчая праца ў трох накірунках. Гэта – Школа міру, мужнасці і патрыятызму (слухачамі з’яўляюцца вучні сярэдніх школ, гімназій горада над Сожам; пазакласнае выхаваўча-патрыятычнае фарміраванне  ўжо актыўна працуе з 1 верасня 2022 года), а таксама два пастаянна дзеючыя семінары: семінар паэзіі і перакладаў і семінар прозы, драматургіі і публіцыстыкі.

Першы семінар паэзіі і паэтычных перакладаў адбыўся ў апошнюю суботу студзеня ў Славянскай бібліятэцы-філіяле абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І.Леніна і тэматычная яго праграма была даволі насычанай, цікавай і, як адзначылі прысутныя на семінары, карыснай.

Старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі – кіраўнік літаб’яднання “Слова” Уладзімір Гаўрыловіч, ва ўступным слове  адзначыў, што галоўная задача сумесных творчых семінараў – аналіз і стымуляванне  патэнцыялу аўтараў Гомельшчыны, абмеркаванне іх творчых набыткаў, асаблівая ўвага  на першым часе будзе ўдзяляцца ўжо апублікаваным выданням у мясцовых і рэспубліканскіх выдавецтвах, перадача зацікаўленым аўтарам інфармацыі  па тэорыі літаратуры, давядзенне бягучай інфармацыі па сучасным падзеям літаратурнага жыцця,  а таксама падтрымка творчага патэнцыялу аўтараў-пачаткоўцаў праз публікацыі і сумесныя праекты. Што датычыць аналітычнай працы, аналізу, то арганізатары семінараў прыступаць да яго, на думку літаратара, будуць з улікам адной важнай пазіцыі: наколькі створанае адпавядае літаратурным законам тэхнічна, тэматычна, і якія добрыя пачуцці яны выклічуць у чытача.

“Вялікае мастацтва вершасладання” – так назваўся першы даклад семінара, які зрабіла паэтэса, намеснік кіраўніка абласнога літаб’яднання “Слова” Наталля Шэмяткова. Паводле зробленых ёю вывадаў, вялікую ролю ў стварэнні вобразаў павінны выконваць багатыя вобразна-выяўленчыя сродкі.

Шырокі, змястоўны аналіз змешчаных мастацкіх твораў ў абласным альманаху “Літаратурная Гомельшчына” з 2007 па 2022 гады з пазіцый сённяшняга дня  зрабіў Міхась Сліва.  На яго думку, за аналізуемы перыяд вельмі значна ўзрасло майстэрства гомельскіх аўтараў. У дакладзе, які вопытны пісьменнік і літаратурназнаўца даручыў агучыць сваёй калезе Тамары Кручэнка, крытык адзначыў тое, што асабліва прыцягнула яго ўвагу. Галоўны вывад дакладчыка: прыемна і радасна ўсведамляць, што на Гомельшчыне з’явілася цэлая бібліятэка кніг-альманахаў з творамі паэтаў, празаікаў, драматургаў, публіцыстаў, крытыкаў, якія нарадзіліся, жылі, жывуць і працуюць на Гомельшчыне, а таксама нашых братоў-суседзяў з іншых славянскіх краін. І выдавецкую справу ніякім чынам нельга перапыняць, бо альманахі выконваюць агромністую ролю – знаёмяць чытача з новымі творамі значна хутчэй, чым некалі выдадзеныя асобнікі.

         Цэнтральнай часткай семінара стаў разгляд новых твораў маладых аўтараў. У  19 і 20 нумары абласнога альманаха “Літаратурная Гомельшчына” за 2022 год свае падборкі надрукавалі гамяльчане Іван Краўцоў, Аліна Рыцік, Наталля Царанкова  з Буда-Кашалёўскага раёна. Глыбокі аналіз іх твораў зрабіў вядомы паэт Мікола Ждановіч.  Творы  Уладзіміра Чараухіна, Надзеі Петручук з горада над Сожам і Вольгі Грынь са Светлагорска таксама глыбока аналізавала паэтэса Галіна Рагавая. У сваю чаргу, маладыя аўтары коратка расказалі пра сябе, што іх асабліва хвалюе ў творчасці,  прачыталі свае новыя вершы. Дакладчыкі – а гэта, безумоўна, вопытныя літаратары, – называлі як станоўчыя бакі паэтычных спроб маладых людзей, так і пэўныя моўныя, стылёвыя альбо тэхнічныя недахопы, якія можна было б пазбегнуць.

       У цэлым, адзначалася, што гэтыя маладыя аўтары, пры ўмове сур’ёзнай і напружанай творчай працы над словам, абавязкова дасягнуць значных вынікаў. Не выпадкова на семінары прысутныя прафесійныя паэты аднагалосна прагаласавалі за іх уступленне  ў абласное літаратурнае аб’яднанне “Слова”.

         На семінары таксама  быў зроблены аналіз выдадзеных у мясцовых выдавецтвах зборнікаў вершаў  “На гранях”, “Пытаясь мир земной осмыслить» Васіля Кузняцова, члена аматарскага літаратурнага аб’яднання “Новая Беліца”. Дэталёвы і прафесійны аналіз тэкстаў аўтара, змешчаных у кнігах, зрабіў ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі, вядомы паэт Міхась Болсун. У прыватнасці, адзначалася, што, нягледзячы на аматарскі падыход да напісання вершаў, у аўтара ёсць веды па тэхніцы вершаскладання і багаты жыццёвы вопыт. Аднак не ўсе  яго творы пакуль дасканалыя, і многія ўсё ж ранавата выносіць на суд чытачу.  Рэкамендацыя аўтару: расці прафесійна, напружана працаваць над кожным вобразам, каб паэтычны радок нёс глыбокія і добрыя пачуцці.

       У фармаце семінара прагучалі і даклады старшыні Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Уладзіміра Гаўрыловіча: ён выказаў свой погляд на багатыя паэтычныя знаходкі (кніга “Родныя крыніцы”) сябра Гомельшчыны – паэта з растоўскай вобласці Леаніда Севера, якая выдадзена аддзяленнем СПБ сёлета ў Мазыры.

        Гэтаксама ўдзельнікі семінара пазнаёміліся з творчасцю вядомай беларускай паэтэсы “Соф’і Шах” – аўтара вянка вянкоў вянкоў санетаў “Дыядэмная споведзь” – было заслухана інфармацыйнае паведамленне лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Уладзіміра Саламахі (агучыў У.Гаўрыловіч).

       Завяршыўся абласны семінар паэзіі і перакладаў паведамленнямі пра аб’яўленыя абласныя, рэспубліканскія і міжнародныя творчыя конкурсы, а таксама выбарамі савета творчага семінара (у склад яго, дарэчы, увайшлі: Міхась Болсун, Наталля Шэмяткова, Галіна Рагавая, Мікола Ждановіч, Тамара Кручэнка, Ала Бялькова і малады аўтар Іван Краўцоў).

     Як адзначалася, празаікі Гомельскага абласнога аддзялення СПБ і актыў абласнога літаб’яднання “Слова” рыхтуюць  на базе абласной універсальнай бібліятэкі першы абласны семінар прозы, драматургіі і публіцыстыкі – ён пройдзе ў канцы лютага. А наступны паэтычны семінар адбудзецца ў сакавіку: на ім будуць разглядацця новыя кнігі як прафесійных пісьменнікаў, так і пачаткоўцаў. семінар будзе прымеркаваны да Міжнароднага дня паэзіі.

МІКАЛАЙ ІГНАТОВІЧ

На здымках: у час першага абласнога семінара паэзіі ў рамках абласнога літаратурнага аб’яднання “Слова” пры Гомельскім абласным аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Яндекс.Метрика