Кніжную навінку Jam Session «Blues» (выдавец Зміцер Колас, г. Мінск) справядліва можна ахарактарызаваць як авангардны сінтэтычны міжнародны праект – спроба пераадолення бар’ераў прасторы і вяртання сапраўднай паэзіі ва ўніверсальнае вымярэнне пачуццяў, душы чытача з розных краін свету.

Калі быць дакладным,  новая кніга – гэта своеасаблівыя моўныя падарожжы. Jam Session – псеўданім, пад якім выступаюць чатыры аўтары. Адзін з якіх – член Саюза пісьменнікаў Беларусі, перакладчык і эсэіст, гамяльчанка Вольга Раўчанка.

– У лютым 2020 года ў Беларусі была прэзентавана кніга лезгінскага паэта Білала Адзілава «Romantico delle montagne» (выдавецтва Ass. META, Італія), пераклад якой на італьянскую мову зрабіла я, – распавядае Вольга Іванаўна. – З прычыны таго, што прачытаць паэтычны зборнік сёння можа выключна італамоўны чытач, пасля я рызыкнула прадставіць рандомна 25 вершаў (любоўную і патрыятычную лірыку) Білала, а таксама паэму «Калаўрот» — асобным інтэрнацыянальным тэтра-выданнем у краінах блізкага і далёкага замежжа. “Blues» (“Блюз”)  , на маю думку,  –  спроба прадставіць весела даволі сур’ёзныя рэчы. Думаю, з гэтаю задачай мне ўдалося справіцца, перадаць пачуцці на розных мовах…

У новым выданні паэзію Білала Адзілавава на лезгінскай, італьянскай, рускай і беларускай мовах суправаджаюць эсэ Калоджэра  Ла Векк’я  (гэта артыстычны дырэктар італьянскага конкурсу, заснаванага ў памяць пра яго бацьку — драматурга, тэатральнага дзеяча, пісьменніка, журналіста Анджэла Ла Векк’я; адначасова мастацкі рэдактар вышэйназванай кнігі Білала Адзілава «Romantico delle montagne») і Вольгі Раўчанкі, прысвечаныя творчасці лезгінскага паэта.

 Як жа адбылося такое паяднанне творцаў і душ?

 Па расповеду Вольгі Раўчанкі,  тры аўтары пазнаёміліся ў рамках Міжнароднага паэтычнага конкурсу  “Parnaso – Canucattì. Angelo La Vecchia» і Міжнароднага фэсту «Інтэлігентны сезон-2019». Білал Адзілаў – пераможца конкурсу «Расул Гамзатаў», Вольга Раўчанка – конкурсу «Амдзі Гірайбай», якія праводзяцца ў рамках Міжнароднага паэтычнага конкурсу “Parnaso – Canucattì. Angelo La Vecchia”. Менавіта тады і ўзнік творчы тандэм чатвярыцы літаратараў “Jam Session”, які  вырашыў распавесці чытачу пра вышэйназваныя міжнародныя конкурсы і фэсты. Ды не толькі расказаць, але  таксама і “запрасіць” у кнігу самога Анджела Ла Векк’я, 100-годдзе якога шырока адзначаюць сёлета, у прыватнасці, у Італіі.

Пазнаёміўшыся з фундаментальнай працай, прадстаўленай гэтак па-наватарску ў новай кнізе, нельга, па-першае, не прызнаць здольнасці Білала Адзілава: яго вершы прасякнуты любоўю да жыцця, сям’і, мовы, Радзімы, якія апавядаюць пра яго ўспрыняцце роднага краю. Па-другое, яскрава разумееш, што захопленая гэтай сапраўднай паэзіяй беларуска Вольга Раўчанка ўдала праніклася ў глыбіню паэтычных тэкстаў таленавітага лезгіна і  перанесла яго аўтарскія пачуцці з адной мовы на іншыя.  І, як  мне падаецца, дакладна перадала іх душу, узбагаціўшы гэтай сваёй працай адразу і нас, беларусаў, і італьянцаў, рускіх, і, зразумела, лезгінаў.  З прапанаванай чытачу садружнасці паэзіі і эсэістыкі атрымалася – тут пагаджуся  са словамі аднаго з сааўтараў кнігі Калоджэра Ла Векк’я, “сімфонія – вольная ў сваім выразе, але ўважлівая ў адносінах да ўласнай душы аўтара. Як блюз”.

Што ж, новае выданне сведчыць і пра вядомае: паэзія і літаратура дагэтуль застаюцца высокай формай самавыражэння Асобы  і з’яўляюцца часткай выразнасці інтэлектуальнай сферы чалавека. Для іх няма і не можа быць ніякіх межаў і бар’ераў – ні тэрытарыяльных, ні моўных, ні расавых, ні рэлігійных урэшце рэшт, бо сапраўдная літаратура кранае нас аднолькава ва ўсіх кутках свету.

Уладзімір ГАЎРЫЛОВІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика