Менавіта так можна ахарактарызаваць новую, цудоўную кнігу Соф’і Шах “Жарты – рэха праўды”. Яна выйшла ў свет у КПУП “Калор” (Мазыр, 2019) і адзначана прэстыжнай прэміяй імя Кірылы Тураўскага, заснаванай Гомельскім аблвыканкамам.

Паэтэсу Соф’ю Шах многія чытачы ведаюць, перш за ўсё, як аўтара шматлікіх выдатных санетаў і філасофскіх вершаў, як цудоўнага перакладчыка. І вось таленавітая творца парадавала нас зваротам да дзіцячай тэматыкі. А гэты напрамак, як вядома, адзін з самых цяжкіх і адказных. Бо дзеці – чытачы шчырыя, востра адчуваюць фальш і штучнасць. А кніга “Жарты – рэха праўды” якраз і адрасавана дзецям дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. Таму і адказнасць аўтара за напісанае надзвычай вялікая.

Трэба сказаць, што кніга атрымалася выдатная! Паэтычныя творы напісаны ў займальнай форме, накіраваны на развіццё мыслення дзяцей, пачуцця гумару і жарту,  узбагачэнне актыўнага слоўнікавага запасу. І юны, і дарослы чытач атрымае асалоду і карысць ад твораў Соф’і Шах, шчыра і добразычліва ўсміхнецца і з задавальненнем папоўніць свае веды пра навакольны свет:

      Зажурыліся мядзведзі,

      перапоўніліся смуткам:

       столькі іх на белым свеце –

      вось бы ўсім сабрацца гуртам!

      Белагруды, буры, белы –

      гэта гурт яшчэ не цэлы.

      Грызлі, барыбал, губач,

      акулярнік і малайскі…

      Ім сустрэчу, калі ласка,

      панда, ты прызнач! (“Мядзведзі).

Сваім пазнавальным зместам кніга пашырае кругагляд чытачоў, далучае да сапраўднага разумення прыгажосці роднага краю, мілагучнасці беларускай мовы.

Выданне складаецца з некалькіх раздзелаў: першы з іх прысвечаны дрэвам, другі – рыбам, трэці – звярам, наступныя – птушкам, музычным інструментам, прафесіям людзей, порам года, перыядам часу, колерам. І ўсё гэта звязана з роднай прыродай, яе флорай і фаунай, з жыццём. Вось, да прыкладу, верш “Чырвоны”:

      Намалюю я касцёр,

      захачу – і памідор,

      ружаў полымны букет

      і цюльпаны можна ўслед.

      Можна – яблык і гранат

      і сунічак цэлы рад…

      Тут не жоўты, не зялёны –

      трэба колер тут чырвоны.

А як па-майстэрску паэтэса расказвае пра птушынае царства, перадаючы гукі алфавіта роднай мовы! Гэта трэба чытаць!

Міхась СЛІВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика