Гомельшчына

Гомельшчына любая мая!

Вечная мая ты таямніца,

Хоць тут кожны лісцік мне радня,

Родная спрадвеку мне зямліца…

 

Гэтай сцежкай бегала я ў лес,

А назад — спалоханай авечкай

Неслася буслу наперарэз,

Што “выгульваў” жабіну за рэчкай.

З гэтаю вярбою я расла,

Зарабляла ў бацькі на арэхі.

Цэркаўка у Божы свет вяла,

За сабой гукала сваім рэхам.

 

І пакуль гарыць мая свяча

З матчынай малітваю і песняй,

Гомельшчына у маіх вачах,

Нібы абразочак, уваскрэсне.

 

І адорыць мой нялёгкі лёс

Чыстаю азёрнаю вадзіцай.

Качкамі аблюбаваны плёс

Адгукнецца голасна званніцы.

 

Возьме за руку мяне анёл,

Правядзе праз стронцый,

Як праз жыта.

На маёй кашулі васілёк

Свой пакіне вышыты адбітак.

 

А зярнят у жыце, нібы пчол!

І звініць, як вулей той, арбіта,

Па якой мяне вядзе анёл

З крыжыкам і Божаю малітвай.

 

Добра, калі…

 Зноў дажджынкі, быццам кулі,

Сыплюцца пад ногі.

Эх, вы гулі мае, гулі!

Я прамокла трохі.

Мой прыпынак, і аўтобус

Новенькі як быццам.

За акном ліхтар як глобус…

(Зямля — ратаўніца.)

Барабаніць дождж у вокны,

Паляцелі пырскі.

Мокнуць вербы,

Воін мокне

Там, пры абеліску…

Эх, вы гулі мае, гулі!

Вось і мост праз Сож.

Добра ўсё ж,

Што там не кулі

Сыплюцца, а дождж.…

 

Поўня

 Спявае ціха-ціха поўня,

Сівая поўня ды ў акне…

Хаця я поўні і не роўня,

А хочацца запець і мне.

Спявае поўня пра дзяўчынку,

Што йдзе пясочкам басанож…

А ў вачанятах — ні слязінкі,

А ў вачанятах — рэчка Сож.

А косы доўгія дзяўчынкі

Яе абнялі за плячо…

Трапеча хваля, як хусцінка,

І за сабой заве дзяўчо.

Ляжыць сукенка, як паненка,

Адна на беразе крутым…

Дзяўчынка плавае, а ў зрэнках

Адбітак поўні залаты.

Смяецца рэха над вадою,

Звініць над рэчкай маладосць!..

І знаць не хочацца пра тое,

Што ты на гэтым свеце — госць.

 

…Плыве сівая ў небе поўня,

Святло струменіцца ў акне…

І хоць я поўні і не роўня,

Ды шкода гэту поўню мне.

 

 

Мая вёска

Дзе ты, дзе ты, мая вёска?

На зямным вялізным шары

Сярод квецені пялёсткаў

Загубілася ў абшары.

Але я знайду заўсёды,

Нібы ўзор твой вышываны,

І гусіныя чароды,

І блакітныя туманы.

Забягу ў алешнік ліпкі,

Афарбую рот малінай.

Там растуць малыя ліпкі

За красуняй-арабінай.

Запляту бярозкам косы,

Упляту рамонкі-кветкі…

І прамень заўважу босы,

Зіхатлівы за палеткам.

На свае убачу вочы:

Ты, як матчынай рукою,

Ахінулася з паўночы

Цёплай рэчкай Церухою.

Чую крык твой жураўліны

І ад радасці спяваю:

— Любы-дорагі мясціны!..

Церусіцца рэха гаем.

Лёс дзявочы, мая вёска,

На зямным вялікім шары

Сярод квецені пялёсткаў

Не згубілася ў абшары!

Родная хата

Хата з саламянаю страхою

Закурыла ў цішыні садоў,

З коміна дым выгнуўся дугою

З пахам перасмажаных грыбоў.

Яблыня зялёнаю хусцінкай

Ахінула плечыкі свае.

Павуцінка падае сняжынкай,

З яблыкам знікае у траве.

І гукае маці ўжо вячэраць…

Чуцен смех дзіцячы, галасы.

Пасля гульняў смачна так яшчэ раз

Бульбачкі з грыбамі пад’ясі.

Зорачкі-гарэзы, як смяшынкі,

Весела мігаюць ліхтару.

З палявання кот ідзе сцяжынкай,

Вусы закруціўшы угару.

На другія казкі, хоць на дзесяць,

Я не памяняюся з маёй,

Дзе бяроза белая і месяц,

Хата з пасівелаю страхой…

* * *

Мне не так ужо многа і трэба

Дзеля ўзлёту на сёмае неба.

Дайце толькі мне клін жураўліны,

Дайце толькі мне клёкат бусліны,

Дайце ўсмешку каханых вачэй

Ды спакусу мядовых начэй…

 

Добруш

 Добруш — неруш гомельскага свету

З сонечнымі колерамі лета,

З духам старажытным рыштаванняў,

З таямніцай даўняю паданняў.

З выгінамі гожымі масточкаў,

З грушамі салодкімі ў садочку.

Добра ж як! Не зарасі сарочку

У траве купальскай цёмнай ночкай.

Кветка-папараць расце, напэўна,

У лясах у добрушскіх напеўных.

Добруш, дабрадзей добразычлівы,

Радуе усіх ракой імклівай.

У вянках купальскіх, без сумневу,

Рэчка Іпуць нібы каралева,

Добрыцца сваім пясчаным плёсам

Перад промнем золатавалосым.

Ёй радно нябёсаў лёс даверыў,

Нібы ліст бялюткае паперы,

На якім і я радок любімы

Напішу на памяць для Радзімы.

 

 

 

* **

Там за рэчанькай, рэчкай  быстраю,

Ой мястэчка ёсць, ды гарыстае!

Пад гарой крутой, горкай-горачкай

Б’е крынічанька, як бы мовячы:

 

Пад зямелькаю я бруілася,

Вузкай стужкаю доўга вілася,

І сустрэлася з вольнай-волечкай,

Каб люляць на ёй сваю долечку,

 

Заструменіцца звонка песнямі,

Каб далонямі людзі  песцілі,

Прыгалубілі песні вуснамі

Ды спявалі іх з беларусамі.

 

Там за рэчанькай, рэчкай  быстраю,

Ой мястэчка ёсць, ды гарыстае!

Пад гарой крутой, горкай-горачкай

П’е з крынічанькі мая донечка.

 

Там за рэчанькай, рэчкай быстраю,

Там за…

 

Я хацела б вярнуцца…

Я сумую па лесу

Ля роднае вёскі —

Лог ваўчыны там ёсць,

Норы розных звяроў.

І па Ведзерках* хвойных,

Дзе з цёткаю Лёксай

Колісь пасвіла статак

Рагатых кароў.

Выціраў мае слёзы

Лісток верасовы,

Як сабе на ілбе раз

Нагнала гузак,

Калі бегла праз гай

Ад бадлівай каровы

І упала знянацку

На круглы дзічак.

Я б хацела б вярнуць

Палыновыя сцежкі,

Дзе на клавішах бору

Іграе прамень,

А пад елкай густою

Сядзяць сыраежкі,

Як бабулькі на прызбе,

Схаваўшыся ў цень.

Я хацела б вярнуцца

У зорнае неба,

Там, дзе палуба месяца,

Ветразь аблок,

Адкуль падаюць зоркі

У пульхную глебу,

Дзе струменіць Шлях Млечны,

Як горны паток.

Я хацела б вярнуцца

Да роднае хаты,

Дзе забраўся быльнёг

На бацькоўскі парог.

Дзе сябе адчуваю

Крыху вінаватай,

Што забруджана студня,

Ручай перасох.

 

Адказ

                 Лідзіі Возісавай

Узняўшы вочы да нябёс,

Малюся я за кут свой шчыра.

Не наракаю на свой лёс,

А толькі праслаўляю лірай.

На Беларусь мой шлях бяжыць,

Адкуль бяруцца толькі сілы!

Насустрач цэркаўкі крыжы,

А вось і матчына магіла.

Усё тут ява, не падман —

І першы крок, і верш мой першы…

Магчыма, то нябёсаў план —

Мне праслаўляць народ тутэйшы.

Канечне, гэта шчасны лёс

Тут святкаваць свае радзіны,

З-пад кола выхапіць усё ж

Зямелькі роднай пупавіну.

 

Помнік

 Неяк цяплей на душы нават стала:

Помнік у Гомелі нашым — Купалу!

Як медзякі, дрэўка лісце кідала,

Пэўна, на шчасцейка Янку Купалу.

Хораша песні як моладзь спявала,

Гэтак вітала Янку Купалу.

Сэрца Купалы птушкаю стала,

Птушка ў гняздзечку сваім шчыравала.

Лецейка ў вырай яе пагукала —

Рэху здалося:

— Купала! Купала!

 

Скарбніца

 Салодкія мядовыя соты, і добра

— цукар, але ж

абаіх лепей кніжныя веды…

Кірыла Тураўскі

 

Дзе дух радзімічаў маіх лунае

Над Сожам, нібы легкакрылы птах,

Ёсць скарбніца славянская, якая

Схаваная і ў словах, і ў радках.

Залатавусту дзверы адчыніла,

Ягоныя малітвы зберагла.

У нашых сэрцах свечку запаліла,

Каб не цураліся свайго жытла.

Каб да яго імкнуліся славяне,

Ядналіся суседзі: бранчукі,

Гамельчукі, яшчэ — чарнігаўчане,

На доўгія гады, на ўсе вякі.

Знаходзіць кожны тут камень каштоўны,

А ў некага адкрыўся нават зрок…

Тут розум, нібы келіх, думкай поўны

І Вечнасць нам сама дае урок —

На мове дружбы,

самай лепшай мове,

Якую змог прыдумаць чалавек,

Якая пачынаецца з любові,

Як вока пачынаецца з павек.

І чуецца у нашым кожным слове,

І нас ратуе, нібы абярэг.

Яна той самы рукатворны човен,

Пад назвай гістарычнаю — Каўчэг.

 

 

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика