15  паэтаў і празаікаў – членаў Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” з ліпеня бягучага года актыўна працуюць у міжнародным праекце мастацкіх перакладаў “Славянская вясёлка”, які творча аб’ядноўвае беларускіх, расійскіх, украінскіх і балгарскіх літаратараў. Узначальывае праект старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, кіраўнік міжнароднага праекта па збліжэнні славянскіх літаратараў «Берагі дружбы» па Рэспубліцы Беларусь, празаік і публіцыст Уладзімір Гаўрыловіч.  

          Як адзначыў Уладзімір Мікалаевіч,  у чэрвені 2020 года з Міністэрства інфармацыі і Саюза пісьменнікаў Беларусі ў Савет аддзялення СПБ паступіла прапанова творчага супрацоўніцтва паміж украінскімі, балгарскімі, рускімі і беларускімі літаратарамі. Да яе была прыкладзена копія ліста з Украіны, які першапачаткова быў адрасаваны Прэзідэнту Беларусі А.Р. Лукашэнку старшынёй Кіраваградскай абласной грамадскай арганізацыі «Аб’яднанне балгараў «Нашите хору», дэпутатам Сусветнага парламента балгараў Сяргеем Асадчым і рэдактарам літаратурнага альманаха «Двойная радуга» Уладзімірам Стафідавым. Найперш, у дакументах гутарка ішла пра арганізацыю  ўзаемных перакладаў твораў на нашы родныя мовы.

Быў нейкі час разважанняў, гутаркі са сваімі паплечнікамі па творчай арганізацыі: пераклады – гэта няпростая праца і вельмі адказная. Урэшце, разам прыйшлі да высновы: дзякуючы ўдзелу гомельскіх пісьменнікаў, а таксама творчай моладзі ў творчых праектах у рамках міжнароднага фестывалю моладзевай паэзіі і перакладаў «Берагі дружбы» (Растоўская вобласць, Расія) і правядзенню на працягу 15 гадоў міжнародных фестываляў «Славянскія літаратурныя дажынкі» (Гомель, Беларусь), дзе гэтая тэма таксама адна з галоўных,  абласное аддзяленне СПБ і гомельскія творцы атрымалі пэўны вопыт у галіне перакладу. Праўда, дагэтуль працавалі з тэкстамі на рускай і ўкраінскай мовах, а тут жа дадавалася яшчэ і балгарская! Гэта сапраўды няпроста! Але – наважыліся-такі! Заручыўшыся падтрымкай добраахвотнікаў – а згоду на такую працу далі пятнаццаць творцаў, – Уладзімір Гаўрыловіч звярнуўся з лістом да  Уладзіміра Стафідава і іншых арганізатараў “Славянскай вясёлкі”.

         “Затым былі сяброўскія зносіны па скайпу, разуменне, што задуманае служыць сапраўды мэтам, якія блізкія нам, беларусам.  А калі так – чаму не паспрабаваць?! Мае калегі, вядома ж, не лічаць сябе прафесійнымі перакладчыкамі, але з задавальненнем прыняліся за «прачытанне» незнаёмых ім аўтараў, безумоўна, узбагачаючыся пры гэтым”, –  распавядае Уладзімір Мікалаевіч.

І вось у выніку паўгадавой напружанай працы, як творчай, так і арганізацыйнай з усіх бакоў, быў сабраны і звёрстаны  першы зборнік паэзіі і прозы балгарскіх пісьменнікаў у перакладзе беларускіх, украінскіх і расійскіх літаратараў. Вынік агульнай працы атрымаўся, дарэчы, не малы – ажно на чатырыста старонак. Зараз завяршаецца праца па выданню кнігі перакладаў “Славянская вясёлка”, яе выпуск ажыццяўляецца за кошт дабрачынных сродкаў з балгарскага боку. А  першая прэзентацыя, як мяркуецца,  пройдзе вясной 2021 года ў кожнай з краін-арганізатараў. Магчыма, будзе арганізавана і сумесная прэзентацыя, калі міне пандэмія, і ўдзельнікі цікавага чатырохмоўнага праекта здолеюць сабрацца разам.

Тым часам гомельскія літаратары, завяршыўшы пераклады тэкстаў балгарскіх і ўкраінскіх творцаў, падрыхтавалі для чарговага (другога) выпуску “Славянскай вясёлкі” свае вершы і прозу, і даслалі іх украінскім і балгарскім калегам. Мяркуецца, што праца па перакладзе цяпер пройдзе значна хутчэй, бо сваім калегам беларусы прапанавалі свае творы  адразу на дзвюх дзяржаўных мовах сваёй краіны – беларускай і рускай. Карацей кажучы, пераклалі самі свае творы на рускую мову. Мяркуецца, што ўжо летам 2021 года з’явіцца і беларускі нумар зборніка “Славянскай вясёлкі”.

Па прызнанні Уладзіміра Гаўрыловіча, праца над перастварэннямі прынесла яму і яго калегам, усім, хто ўдзельнічае ў праекце, сапраўды вялікую радасць.

 – Дзякуючы агульным намаганням з друку выйдуць унікальныя кнігі, створаныя сэрцамі і рукамі людзей, для якіх мір, сяброўства, братэрства – не проста словы, а шчырая неабходнасць, калі хочаце, покліч душы. Выдатна, што мы знайшлі аднадумцаў у гэтым складаным, няпростым свеце, зразумелі, што сёння, як ніколі, вельмі патрэбныя адзін аднаму, каб не страціць усё лепшае, што яднала нас стагоддзямі. Няхай нашы народы і надалей жывуць у сяброўстве і разуменні, а мы, літаратары, і далей працягнем свой творчы ўклад у гэта, падкрэсліў Уладзімір Гаўрыловіч. 

Мікалай ІГНАТОВІЧ

              Фота прэс-службы Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика