З літар складаецца слова, а з “Літар” – цэлая бібліятэка

Як вядома, міжнародны альманах “Літара” – літаратурна-мастацкі, краязнаўча-асветніцкі праект заслужанага дзеяча культуры Беларусі Уладзіміра Гаўрыловіча заваяваў галоўны прыз міжнароднага форуму “Залаты Віцязь”  2023 года. І вось  нядаўна выйшлі з друку чарговыя нумары гэтага ўнікальнага выдання – 9 і 10-ы  (пад адной, але цвёрдай вокладкай) (Мазыр: Калор, 2023. – 400 с.). Кніга з’яўляецца своеасаблівым дадаткам да альманаха “Літаратурная Гомельшчына”, заснаванага старшынёй Гомельскага абласнога  аддзялення СПБ У.Гаўрыловічам яшчэ ў 2007 годзе.

Новая кніга стала адметнай, калі можна так сказаць, драматургічнай – тут у асноўным змешчаны творы сучасных славянскіх драматургаў.

Цікавымі будуць для чытачоў п’есы, якія прапанавалі расійскія аўтары. У прыватнасці, п’еса для радыётэатра “Мир вращается” Святланы Макаравай-Грыцэка з Краснадара, п’есы “Феодор Козьмич” Васіля Дварцова з Масквы, “Серая зона Донбасса” краснадарскага пісьменніка Юрыя Васіна, “Двадцать граммов грусти і полкило радости”  Ганны Варонінай з Бранску, “Лесная быль” і “Счастливый принц” Галіны Карташовай таксама з Бранску.

Парадавалі сваімі творамі і драматургі Гомельшчыны Уладзімір Гаўрыловіч (“Я таксама сын чалавечы… / Кабардзінская легенда”),  Сяргей Зянькоў (у кнізе змешчаны яго камедыя “Латарэйны білет” і філасофская казка для дарослых “Свіран”), Аляксей Бычкоў (“Сонца свеціць усім” – у суаўтарстве з М.Тарахоўскай), Іна Зарэцкая (п’еса для дзяцей “Усё пачынаецца з фанціка”).

У альманахах прадстаўлены таксама паэтычныя і празаічныя творы пісьменнікаў Беларусі і іншых краін. У прыватнасці, нікога не пакінуць раўнадушнымі вершы Вадзіма Цярохіна (г.Калуга) і Вольгі Сафронавай (г.Таганрог), празаічныя творы Мікалая Іванова (г.Масква) і Уладзіміра Саламахі (г.Мінск).

У публіцыстычным раздзеле трэба адзначыць роздум лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі і Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі Уладзіміра Саламахі “Мы памяць іх, мы іх унукі…”

Ёсць у разглядаемым зборніку і мастацкія пераклады, і гумарыстычныя творы. Дарэчы, з задавальненнем можна пачытаць вершы-эпіграмы на вядомых літаратараў ад паэта і празаіка Міколы Леўчанкі (г.Быхаў).

Як бачым, з альманахаў “Літара” склалася ўжо ладная бібліятэка выдатных твораў пісьменнікаў славянскіх краін.

Міхась СЛІВА

Яндекс.Метрика