29 лістапада 2024 года раптоўна перастала біцца сэрца самабытнага творцы, члена Гомельскага абласнога аддзялення Грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Івана Іванавіча Цітарэнкі.
Будучы літаратар нарадзіўся 2 студзеня 1957 года ў вёсцы Іванаўка Гомельскага раёна ў сям’і калгаснікаў. У 1974 годзе скончыў Целяшоўскую сярэднюю школу. З 1975 па 1977 год служыў у Савецкай Арміі. Пасля выканання воінскага абавязку скончыў Прыбарскае сельскагаспадарчае прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 52. Працаваў вадзіцелям у калгасе “1 Мая” Гомельскага раёна, затым на працягу дваццаці гадоў слесарам горна-обагачальнага камбіната Адкрытага акцыянернага таварыства «Гомельшкло».
Жыў у аграгарадку Кругавец-Калініна Добрушскага раёна.
Вершы пісаў з 16 гадоў. Друкаваўся ў вайсковых газетах Прыволжскага і Прыкарпатскага ваенных акруг, у раённых і абласных газетах, у часопісах “Планета – сям’я”, “Метамарфозы”, у альманаху “Літаратурная Гомельшчына” і калектыўных зборнікаў. Выдаў больш 10 аўтарскіх зборнікаў паэзіі. Удзельнічаў у творчых акцыях і мерапрыемствах Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” па папулярызацыі кнігі і чытання.
Калектыў Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” глыбока смуткуе з нагоды раптоўнай смерці самабытнага паэта, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Івана Іванавіча Цітарэнкі і вызвае спачуванне яго жонцы, Вользе Ільінічне Цітарэнка, дзецям і ўнукам выдатнага творцы і чалавека.
Савет Гомельскага абласнога аддзялення
ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”

Яндекс.Метрика