18 лютага перастала біцца сэрца гомельскага паэта, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, Старчанкі Мікалая Паўлавіча.

Мікалай Паўлавіч нарадзіўся 28 жніўня 1938 года ў вёсцы Старая Алешня Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. Скончыў Балатнянскую сярэднюю школу, Белдзяржуніверсітэт і Мінскую вышэйшую партыйную школу.

Пачынаў працаваць літаратурным работнікам рагачоўскай раённай газеты “Камунар”. З 1979 да 1999 года (да выхаду на пенсію), на працягу 20 гадоў, працаваў загадчыкам аддзела сельскай гаспадаркі абласной газеты “Гомельская праўда”.

Пісаць вершы пачаў рана. Свой першы твор надрукаваў у рагачоўскай раённай газеце “Камунар” у 1957 годзе.

З дапамогай спонсараў выдаў зборнікі вершаў і паэм – “Зямное прыцягненне” (1996), “Водгук сэрца” (1998), “Чароўная восень” (2002), а таксама кнігу прозы – аповесць “Хлеб з лебядой” (2003). Гомельскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі пяць гадоў таму выдала зборнік выбраных вершаў паэта.

Творы М.Старчанкі друкаваліся ў часопісах “Полымя”, “Вожык”, рэспубліканскіх газетах “Літаратура і Мастацтва”, “Чырвоная змена”, “Культура”, “Белорусская ніва”, а таксама ў абласным літаратурным альманаху “Літаратурная Гомельшчына”.

Мікола Старчанка з’яўляўся членам Саюза журналістаў Рэспублікі Беларусь. Выходзіў пераможцам конкурса “Гомельскай праўды” на прыз пісьменніка Івана Мележа. Лаўрэат прэміі былога рэдактара газеты “Гомельская праўда” Івана Матыля.

Апошнія гады Мікола Старчанка цяжка хварэў, але не пакідаў пісаць. Ён звяртаўся да апісання прыроды, яго хвалявалі  і праблемы сучаснага жыцця з яго паўсядзённымі клопатамі.

М.П. Старчанка пахаваны 20 лютага ў Гомелі.

Савет Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” смуткуе з нагоды смерці Міколы Паўлавіча Старчанкі і выказвае глыбокае спачуванне родным і блізкім нябожчыка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика