Здавалася б,  што цікавага, акрамя мастацкіх і выданняў па розных напрамках навук, можна знайсці ў кніжніцы? Гомельская абласная ўніверсальная бібліятэка імя У.І. Леніна яёння прыцягвае не толькі гэтым багаццем, але і шматлікімі творчымі акцыямі, фестывальнымі праектамі, у якіх удзельнічаюць як малыя чытачы, так і дарослыя розных узростаў. І ўсім тут цікава!

Хочаш наведаць мастацкую выставу сучаснага мастака – калі ласка! Тут працуюць і пастаянныя экспазіцыі, і зменныя, прысвечаныя юбілейным датам як сучасных, так мастакоў, якія стваралі свае палотны ў недалёкім мінулым. У “духоўнай скарбніцы” пастаянна ладзяцца прэзентацыі новых кніг пісьменнікаў Гомельшчыны, пры чым цяпер яны праводзяцца ў веб-фармаце (і гэта не менш цікава, як і ўжывую; хаця ж, заўважым, вельмі няпроста ўсё арганізаваць спецыялістам бібліятэкі, аднак для улюбёных у сваю справу людзей перашкод не можа быць). Тут ёсць свой нават тэатральны калектыў – народны тэатр “Грачы”, які радуе чытачоў і гледачоў прэм’ерамі па творчасці класікаў беларускай і рускай літаратур, і, безумоўна, сучасных пісьменнікаў. А з нядаўняга часу ў абласную бібліятэку пачалі нават ладзіць і экскурсіі, бо тут агульнымі намаганнямі – абласной улады, кіраўніцтва, спецыялістаў ўстановы і абласной пісьменніцкай арганізацыі – рэалізаваны ўнікальны праект. Гэта – Літаратурны музей пісьменнікаў Гомельшчыны.

Трэба сказаць, што пры краязнаўчым аддзеле даўно было распачата стварэнне экспазіцыі, прысвечанай творчасці пісьменнікаў-землякоў. У 2014 годзе, пасля сустрэчы пісьменніцкага актыву Гомельскага абласнога аддзялення СПБ са старшынёй аблвыканкама Уладзімірам Дворнікам,  быў абмеркаваны стан спраў па захаванні літаратурнай спадчыны творцаў рэгіёна і прынята рашэнне аб актывізацыі збору матэрыялаў і затым стварэнні паўнацэннага літаратурнага музея пісьменнікаў Гомельшчыны. Затым была актыўная праца, безумоўна, супрацоўнікаў бібліятэкі, асабліва галоўнага бібліятэкара Ніны Серыкавай, па збору матэрыялаў, дакументаў. Не ў баку ад гэтай справы былі і сучасныя гомельскія літаратары, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі. Гомельскі абласны выканаўчы камітэт своечасова выдзеліў сродкі на абсталяванне новай экспазіцыі,  літаратурны музей быў належным чынам аформлены і прыняў першых наведвальнікаў. Пры чым, праца па папаўненні фондаў не спыняецца дагэтуль.

Цяпер – гэта асаблівае месца, прыцягальнае для чытачоў, літаратараў і гасцей бібліятэкі. Супрацоўнікі аддзела краязнаўства праводзяць тут шмат творчых мерапрыемстваў са школьнікамі, абавязкова музей наведваюць госці горада над Сожам.  Часта тут бываюць і мясцовыя творцы, пакідаюць кніжкі з аўтографамі. А апошнім часам цікавасць да літаратурнай спадчыны іх папярэднікаў усё больш і больш праяўляюць прадстаўнікі розных прафесій і заняткаў.

Напрыклад, нядаўна супрацоўнікі аддзела краязнаўства правялі экскурсію па Літаратурнаму музею пісьменнікаў Гомельшчыны для рабочых прадпрыемства ААТ «СтанкаГомель». Іх увазе быў прапанаваны агляд выставы тэатральных афіш «Тэатр – крыніца яго натхнення», якая прысвечана 100-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Андрэя Ягоравіча Макаёнка. Удзельнікі экскурсіі – як моладзь, так і старэйшае пакаленне – пазнаёміліся таксама з экспазіцыяй Мемарыяльнай залы выдабнага беларускага і савецкага драматурга і экспазіцыямі, прысвечанымі Івану Мележу і Івану Шамякіну, а таксама сучасных літаратараў Гомельшчыны. І, па прызнанні “станкагомельцаў”, яны адкрылі для сябе вельмі шмат новага з жыцця творцаў-землякоў, а галоўнае – узнікла жаданне запісацца ў бібліятэку і ўзяць кнігі пісьменнікаў-класікаў, каб  глыбей акунуцца ў свет іх творчасці.

Улад Прыазёрны

На здымку: экскурсію для рабочых ААТ “СтанкаГомель” па Літаратурнаму музею пісьменнікаў Гомельшчыны праводзіць галоўны бібліятэкар установы “Гомельская абласная ўніверсальная бібліятэка імя У.І. Леніна” Ніна Васільеўна Серыкава. Фота: абласная бібліятэка

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика