У абласной універсальнай бібліятэцы імя У.І. Леніна прайшоў справаздачны сход абласной пісьменніцкай арганізацыі.
З паведамленнямі і дакладам аб выніках дзейнасці выступіў старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч.
Напачатку сходу як дэпутат Парламента У.М.Гаўрыловіч зрабіў паведамленні на тэмы: «Беларусь — краіна міру і згоды», «Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь: будучыня залежыць ад нас».

Як адначалася далей, творчы калектыў Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” працаваў у адпаведнасці са Статутам грамадскага аб’яднання, выконваючы рашэнні 25 з’езда Саюза пісьменнікаў Беларусі, Прэзідыума СПБ, рэалізуючы шэраг мерапрыемстваў па папулярызацыі мастацкай літаратуры на тэрыторыі Гомельшчыны. І вынікі гэтай працы дастаткова значныя.

– Пісьменнікі абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі стварылі ў зыходзячым годзе, выдалі ў тым ліку і на рэспубліканскім узроўні, 41 мастацкую кнігу агульным накладам каля 30 тыс. экз. Гэта адбылося ўпершыню за апошнія 20 гадоў. Прычым практычна ўсе творы – грамадзянскай, патрыятычнай тэматыкі, – падкрэсліў выступоўца.

На думку кіраўніка абласной пісьменніцкай арганізацыі, выдатныя творы на рэспубліканскім узроўні выйшлі з-пад пяра Соф’і Шах, Яўгена Калашнікава, Наталлі і Максіма Шастаковых, Наталлі Канопліч і Андрэя Мацвеенкі, па-новаму, з асаблівай глыбінёй адкрыліся чытачу Аляксей Бычкоў і Лілія Вялічка, Аляксандр Каляды і Міхась Слівы, і іншыя аўтары. Да 80-годдзя Перамогі ў выдавецтве “Беларусь” выйшла і новая кніга прозы Уладзіміра Гаўрыловіча “Адкрывай сваё сэрца”. Парадавала дыхтоўнай прозай, надрукаванай у беларускіх і расійскай перыёдыцы, Валянціна Кадзетава, а малады аўтар Яніна Бёраснёва плённа шчыруе ў фантастычным жанры, выдаецца дома і ў Расіі. Сапраўдным адкрыццём года стаў малады празаік-казачнік Юрый Ціцюра…
Бадай што самая вялікая ўвага пісьменніцкай супольнасці сёлета скіроўвалася на правядзенне патрыятычных мерапрыемстваў, накіраваных на ідэалагічнае выхаванне праз літаратуру сумесна з установамі культуры і адукацыі, арганізацыямі. Гэтыя падзеі, творчыя акцыі і нават фестывалі прысвячаліся 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захорнікаў, Году якасці, Году сучаснай патрыятычнай літаратуры на Гомельшчыне.
На высокім творчым уздыме прайшлі ў рэгіёне арганізаваныя абласной суполкай пры падтрымцы органаў улады, устаноў культуры і арганізацый 19 Міжнародны фестываль-свята “Славянскія літаратурныя Дажынкі”, 5 Рэгіянальны фестываль літаратуры, культуры і народных традыцый “На зямлі Кірылы Тураўскага”, дзве Дэкады сучаснай патрыятычнай літаратуры, 9 творчых семінараў, прысвечаных Году якасці, 11 конкурсаў з агульным удзелам звыш 5,5 тысяч удзельнікаў. У гонар выдатных творцаў — члена аддзялення СПБ, расійскага паэта Л.Ю.Севера і пісьменніка-земляка М.І.Мятліцкага праведзены міжнародны конкурс паэтычных перакладаў “Сожскія берагі дружбы”. Арганізавана звыш 1,4 тыс. выступленняў гомельскіх творцаў у розных аўдыторыях.
У бягучым годзе абласным аддзяленнем шмат зроблена і дзеля захавання памяці класікаў-землякоў.
З нагоды 90-годдзя Саюза пісьменнікаў Беларусі шэраг творцаў аддзялення быў адзначаны граматамі і падзякамі, а таксама памятнымі знакамі да “80-годдзя вызвалення Гомельскай вобласці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” і медалямі “100 гадоў Расулу Гамзатаву”, іншымі ўзнагародамі з нагоды 90-годдзя Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Самым дарагім падарункам для літаратараў на прайшоўшым сходзе сталі творчыя працы школьнікаў, намаляваныя па матывах твораў паэтаў і празаікаў вобласці.

Творчы актыў рэгіёна абмеркаваў вынікі сваёй працы і намеціў планы на будучыню. Ад калектыву абласной бібліятэкі пісьменнікаў павіншавалі з Новым годам Дзядуля Мароз і Снягурка.
Прэс-служба Гомельскага абласнога аддзялення ГА «СПБ»