Міжрэгіянальны адкрыты фестываль літаратуры, культуры, мастацтва і народных традыцый “На зямлі Кірылы Тураўскага” пройдзе ў пятніцу, 17 мая, у раённым цэнтры Жыткавічы Гомельскай вобласці.

Месца правядзення — гарадскі парк імя Міколы Гамолкі, амфітэатр.

Жыткаўшчына — зямля шчодрая, людзі тут гасцінныя, у будзень — адчайна працавітыя, а ў свята — няўрымсліва таленавітыя! Гэты куток падарыў краіне дзясяткі талентаў, а галоўны сярод іх — Кірыла Тураўскі. Таму і не выпадкова, што ў самым сэрцы Палесся нараджаецца новае свята.

Па ініцыятыве  кіраўніцтва абласной пісьменніцкай арганізацыі і пры ўсямернай падтрымцы Жыткавіцкага райвыканкама, творчай інтэлігенцыі, работнікаў адукацыі і культуры яно распачынае свой фестывальны шлях у Жыткавічах — у гонар літаратуры, асветы, культуры і мастацтва, чым асабліва багаты Палескі край і ўся Гомельшчына.

Мэтай фестывалю з’яўляюцца прапаганда высокамастацкіх твораў пісьменнікаў-землякоў, прэзентацыі твораў вядомых беларускіх пісьменнікаў, а таксама аўтараў, якія ў сваіх творах раскрываюць лепшыя бакі нацыянальнай культуры, падрымка творчых пачынанняў творчай моладзі, развіццё нацыяльнай літаратуры, культуры, мастацтва і народных традыцый.

Галоўная ж гераіня фестываля – Кніга і, зразумела, той, хто яе стварае – пісьменнік. Таму на фестывалі арганізатары будуць рады бачыць усіх,  хто  любіць Слова.

У праграме фестываля: з 10 да 11.30 —  экскурсіі ў мемарыяльным музеі пісьменніка-земляка Міколы Гамолкі ў ДУА “Сярэдняя школа №1 г. Жыткавічы імя Г.Н. Тураўца; у 12.00 да  13.50 — урачыстае адкрыццё фестываля, ушанаванне звыш 30 юных і дарослых фіналістаў абласнога літаратурнага конкурсу “Табе пяю, мая радзіма!”, прысвечанага памяці Міколы Гамолкі, у якім прымалі ўдзел звыш 90 школьнікаў і дарослых – жыхароў двух раёнаў – Петрыкаўскага і Жыткавіцкага. Два пачаткоўцы – уладальнікі Гран-пры конкурсу, атрымаюць спецыяльныя прызы ад Старшыні Гомельскага абласнога аддзялення ГА “СПБ” Уладзіміра Гаўрыловіча. Яны ж прачытаюць свае творы на галоўнай сцэне фестывалю.

У час свята ад імя пісьменнікаў Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” цэнтральнай раённай бібліятэцы будзе ўрачыста перададзена бібліятэчка кніг, у тым ліку гомельскіх аўтараў.

На свяце на працягу дзвюх гадзін выступяць лаўрэаты абласной літаратурнай прэміі імя К.Тураўскага, вядомыя гомельскія паэты і празаікі, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, а таксама мясцовыя аўтары, якія актыўна супрацоўнічаюць з раённай газетай “Новае Палессе”. Гэтаксама песеннае багацце краю прадэманструюць як народныя калектывы, так і творчая моладзь горада і раёна. У час свята будзе аддадзена даніна павагі вядомаму беларускаму кампазітару Уладзіміру Будніку, які нарадзіўся ў Жыткавічах, а таксама пройдуць міні-прэзентацыі кніг аўтараў, якія жывуць у Тураве і Жыткавічах.

На працягу працы фестывалю яго ўдзельнікі і госці  змогуць пазнаёміцца з выставай кніг пісьменнікаў-землякоў, сустрэцца з цікавымі для іх аўтарамі.

А яшчэ ў час свята для ўдзельнікаў абласнога літаратурнага конкурсу і яго фіналістаў пісьменнікі Гомельшчыны правядуць майстар-клас (сустрэча адбудзецца ў 14.10  у актавай зале СШ №2).

Завершыцца першы Міжрэгіянальны адкрыты фестываль літаратуры, культуры, мастацтва і народных традыцый “На зямлі Кірылы Тураўскага” наведваннем пісьменнікамі Гомельшчыны старжытнага Турава і ўскладаннем кветак да помніка першага беларускага і агульнаславянскага літаратара, святара і асветніка Кірылы Тураўскага.

Прэс-служба Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика