Багатая літаратурная спадчына Макаёнка і набыткі пісьменнікаў – яго землякоў, грамадская і творчая дзейнасць пісьменніцкай грамады Беларусі – тэмы выступлення Уладзіміра Гаўрыловіча  

Творчую сустрэчу з вучнямі і педагогамі Пакалюбічскай сярэдняй школы, што пад Гомелем, правёў беларускі празаік і публіцыст, ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч. Яна была прымеркавана адразу некалькім значным падзеям у літаратурным жыцці краіны.

У сваім выступленні вядомы літаратар згадаў пра 100-гадовы юбілей таленавітага беларускага драматурга, народнага пісьменніка Беларусі Андрэя Ягоравіча Макаёнка (адзначаем 12 лістапада),  на чыіх творах выхавана не адно пакаленне беларусаў. Абапіраючыся на багацце фальклору і самабытнасць народа, мастак слова А.Макаёнак па-наватарску развіў  жанравыя традыцыі беларускай драматургіі, праўдзіва і ярка адлюстраваў у іх жыццё беларусаў, узняў узровень айчыннай камедыяграфіі да лепшых сусветных узораў. На думку Ул. Гаўрыловіча, сёння лепшыя традыцыі слыннага драматурга працягваюць і пісьменнікі-гамяльчане – землякі Макаёнка. Гэта, найперш, добра вядомы драматург Васіль Ткачоў, карані ў якога, як і народнага пісьменніка, таксама на Рагачоўшчыне. Шукаюць сябе ў драматургіі і іншыя гомельскія аўтары, як Аляксей Бычкоў, Алег Ананьеў, Уладзімір Гаўрыловіч, Юрый Максіменка, Аляксандр Атрушкевіч і іншыя. А нядаўна абласное аддзяленне нават выдала зборнік п’ес, які назвала “Паслядоўнікі Макаёнка. Айчына ў сэрцах і думках”. Зборнік сучаснай драматургіі Гомельшчыны паказаў, што мастакоўская традыцыя Макаёнка – пісаць гэтак праўдзіва, шчыра, пра тое, што надта турбуе людзей, выкрываць недазопы –  смела працягваецца яго землякамі-паслядоўнікамі. Значыць, быць новым спектаклям, як на прафесійных, так і на аматарскіх сцэнах. Уладзімір Гаўрыловіч заклікаў старшакласнікаў цікавіцца набыткамі класікаў беларускай літаратуры, а таксама любіць тэатр і прыгожае мастацтва.

Пісьменнік, як вядома, з’яўляецца кіраўніком абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, таму не мог не спыніцца на дзейнасці Саюза пісьменнікаў Беларусі і ўзначальваемага ім абласнога аддзялення творчай арганізацыі. Так, у гэтыя дні, падкрэліў выступоўца, мы адзначаем 15-годдзе з моманту пачатку дзейнасці новай творчай літаратурнай суполкі, якая працягнула традыцыі пісьменніцкай арганізацыі БССР, створанай яшчэ ў 1932 годзе. Уладзімір Гаўрыловіч падкрэсліў, што шматгранная дзейнасць амаль васьмі соцень беларускіх пісьменнікаў  (у тым ліку амаль семдзесят з іх плённы шчыруе на Гомельшчыне) ажыццяўляецца не толькі ў культурным асяродку па месцы жыхарства літаратараў арганізацыі, яна стала прыкметнай і неабходнай, запатрабаванай ва ўсёй краіне.

Безумоўна, задача сучаснага пісьменніка заключаецца найперш у стварэнні высокамастацкіх твораў, і ў гэтым плане нам, беларусам, ёсць кім і чым ганарыцца, адзначыў Ул. Гаўрыловіч. Напрыклад, з моманту пачатку дзейнасці новай структуры – Саюза пісьменнікаў Беларусі – толькі з-пад пяра пісьменнікаў-гамяльчан выйшла амаль 600 кніг, многія мастацкія творы былі не толькі прызнаны грамадскасцю,  але і высока адзначаны як у нашай краіне, так і за яе межамі.  Праводзіцца значная праца і па папулярызацыі чытання і кнігі, ладзяцца фестывалі і арганізуецца шмат конкурсаў, найперш, з мэтай падтрымкі таленавітай моладзі. І гэтая важная справа, як падкрэсліў выступоўца, будзе працягвацца і надалей. Падагульняючы, ён запрасіў пачынаючых аўтараў не саромецца выносіць на суд старэйшых творцаў свае набыткі, і “прафесіяналы абавязкова ім дапамогуць, адзначаць станоўчыя моманты, параяць, як пазбавіцца хібаў” пры напісанні мастацкіх твораў”…

У час сустрэчы з госцем школы  юныя чытачы, настаўнікі даведаліся і пра творчы шлях непасрэдна самаго беларускага пісьменніка: прагледзелі урыўкі з дакументальнай стужкі пра творчасць Уладзіміра Гаўрыловіча, пачулі, як кажуць, з “першых вуснаў”, як  з’яўляецца задумка і нараджаецца першы радок і новы твор, як пісаліся буйныя раманы трылогіі “Палешукі”, “Цяпло маладзіка”, цікавіліся, над чым творца працуе зараз.

Цёплая і карысная сустрэча пасля аўтограф-сесіі завяршылася зваротам літаратара да прысутных: чытаць высокамастацкія творы, шанаваць свой род і малую радзіму, любіць усё роднае, берагчы сваю краіну, як родную матулю.

У знак удзячнасці дырэктар школы Валянціна Хамякова ўручыла пісьменніку памятны падарунак – імянную скарбонку ў выглядзе кнігі, вырабленую вучнямі школы на ўроках працы.

ПРЭС-СЛУЖБА ГОМЕЛЬСКАГА АБЛАСНОГА АДДЗЯЛЕННЯ СПБ

На здымках: у час творчай сустрэчы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика