Вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Гаўрыловіч у мінулым годзе стварыў, кажу без перабольшання, адзін з самых антываенных твораў апошняга часу ў нашай літаратуры. Гэта аповесць “Святая Параскева”. Напісаная да 75-ці годдзя Вялікай Перамогі. Твор мае прысвячэнне: “Матерям”. Чытаеш і разумееш – усім нашым “матерям”, мамам, матулям. І тым, якія перажылі вайну і выйшлі з яе з дзецьмі… І тым, якія засталіся без іх… І сёняшнім, летным і маладым… Так, матулям,  падкрэслю, менавіта ўсім: яны з’яўляюць свету пачатак чалавечага жыцця, якое павінна быць бясконцым — закон жыцця. Вядомы закон, але між іншым, напамін пра яго ў аповесці  сёння не лішні…

   Што да Уладзіміра Гаўрыловіча, як літаратара, дык нагадаю, што ён шмат гадоў паспяхова працуе ў літаратуры. Тэматыка яго твораў такая: сучаснасць і былое. Сучаснасць зразумела: чалавек сярод людзей, яго месца ў грамадстве. Былое – няпростыя ў, так бы мовіць, нашым “унутраным” жыцці краіны, калі ўсё адно ў большасці людзей не трацілася дабрыня і чалавечнасць, а з імі – адданасць народу, Айчыне. А далей у вайну, дзякуючы гэтай адданасці, мы і перамаглі. І яшчэ: ва ўсіх яго творах прасочваецца непарыўная сувязь часоў: творца – глыбокі аналітык падзей. Былых і сённяшніх. Усё гэта бачыцца ва ўсіх яго трох дзясяткаў кніг. А ў аповесці “Святая Параскева”, можа, найбольш.

    Сталася так, што аповесць пакуль не вядома шырокаму чытачу. Яна  выйшла на рускай мове абмежаваным тыражом (першае месца ў конкурсе па суісканне прэміі Гомельскага аблвыканкама “Літаратурная прэмія імя К.Тураўскага”, 2020 год). Аўтар дорыць сябрам і калегам, як дарагую сваю працу… У снежні 2020-га аўтар стаў пераможцам у намінацыі “Проза” 15-га Міжнароднага конкурсу “Нацыянальная літаратурная прэмія “Залатое пяро Русі”, у якім прымалі ўдзел пісьменнікі 72 краін.

  Дык вось аповесць “Святая Параскева” —  твор пра вайну. А дакладней, пра зламаны, абпалены вайной лёс жанчыны-маці.  І пра яе жыццё ў наш недалёкі ад цяперашняга час. А таксама пра сёння. І ва ўсім гэтым яна, маці, якая засталася без дзяцей, жонка, якая засталася без мужа, дачка —  без бацькоў, нявестка без свёкра і свякрухі.  А ўвогуле жанчына, чалавек, у якога наогул няма нікога роднага і блізкага. (Адзін хто недзе можа быць, дык сыночак, сын, якога ў вайну некуды забралі карнікі. Можа, жывы, жыве, і маці сваю не помніць. І на чужой мове гаворыць, і не ведае каранёў сваіх…) Адно – людзі навокал, дзеля якіх і жыве Параскева. Вось толькі, здараецца, і сярод іх яна часам адзінокая, як былінка…

    Пісьменнік Уладзімір Гаўрыловіч, якога некаторыя “літрэгуліроўшчыкі”  папракаюць у тым, што піша пра вайну, не ведаючы яе, у гэтай аповесці не толькі празаік, але і публіцыст. Не па мове, не па стылі напісання – тут ён, як і заўсёды, сапраўдны мастак слова, а па ўздзеянні твора на свядомасць чытача. Але сфармулюю яго думкі так: хоць і не ведаю, ды ўсё адно пішу і буду пісаць. Бо і сёння, праз столькі часу пасля вайны, пагроза знішчэння вісіць над людзьмі.  Помнім: гінулі асобныя людзі, сем’і, цэлыя чалавечыя роды. Пераставалі існаваць мільёны чалавечых жыццяў. І што самае жахлівае – дзяцей… Гэта не павінна паўтарыцца, бо ўсё залежыць ад нас…

   Дык вось, падтэкст твора, лёс галоўнай гераіні, які адкрываецца нам, як наяве – так умела адлюстроўвае аўтар, усё гаворыць пра гэта. А яна, Параскева Максімаўна Міронава,  жанчына даволі сталага веку.  Маці, жанчына, якая, падкрэсліваю, страціла ў гады вайны сваіх дзяцей, мужа, родных і блізкіх… Жанчына, якая цудам засталася жывой…  Наша сучасніца, якая знайшла ў сабе сілы, каб пасля ўсяго гэтага прысвяціць  ўсё сваё жыццё іншым…  І зноў жа, або ўвесь час МАЦІ, якая “марыць” злучыць сваю сям’ю праз столькі гадоў пасля вайны, якая не скончылася да апошняга яе дыхання…

   І тут пытанне: як злучыць, калі загінулі?…   Знарок не раскрываю змест твора: акцэнтуемся на выдзеленае. Твор трэба чытаць. Неўзабаве ён будзе даступны шырокаму чытачу. Выходзіць у выдавецтве “Чатыры чвэрці” у зборніку прозы Уладзіміра Гаўрыловіча “Куда улетает Ангел”. (Серыя “Женские судьбы”). І ўсё ж, прадбачу, што чытач, маючы такія звесткі пра аповесць,  засяроджваецца на нязвыклым у сітуацыі з лёсам жанчыны, што значыць,  як ажыццявіць “мару” ды як злучыць сям’ю… Адказваю: перазахаваць сваіх, пакласці ўсіх іх разам  на брацкія могілкі, дзе ўсе загінуўшыя ў вайну – адна наша, чалавечая сям’я з трагічным непапраўным лёсам… Дзеці, бацькі, бабулі, суседзі… людзі…

   Удумаемся: хіба з такімі “марамі” павінны жыць тыя, хто выжыў? І наогул, хіба патрэбны людям такія “мары”?.. Сапраўдныя ж чалавечыя мары – святло, цеплыня, дабрыня. Яны пра шчаснае жыццё…

    Лёс гераіні аповесці рэальны. Наогул У.Гаўрыловіч ва ўсіх сваіх творах ідзе  з жыцця ў жыццё. Як журналіст і пісьменнік  Уладзімір Мікалаевіч аб’ездзіў родную Гомельшчыну, вывучаючы жыццё людзей. Душэўная патрэба ў яго такая, найперш як проста чалавека, грамадзяніна сваёй Айчыны, краіны. Уявіце: у  вайну яго род страціў амаль сорак жыццяў…  Не па чутках ведае, што і як было і што можа быць з усімі намі, калі страцім памяць. І пісаць пра былое лічыць сваім  святым абавязкам. І хай нехта кажа: не бачыў, не перажыў… Калі так, скажу наступнае. Увогуле ў нашай  літаратуры ўжо даўно  сфарміравалася магутная плеяда пісьменнікаў, народжаных у вайну і пасля вайны, якія працягваюць справу літаратараў-франтавікоў – праўдзіва расказаць людзям пра былое. Ды ў адной толькі Гомельскай пісьменніцкай арганізацыі, дарэчы, якую узначальвае У. Гаўрыловіч,  іх дзесяткі!.. В.Ткачоў, І.Катляроў, С.Шах, А.Каляда, А.Ананнеў, В.Кадзетава, М.Болсун, Р.Дзейкун, Я.Калашнікаў, Т.Кручэнка. І  яны (творчасць кожнага заслугоўвае асобнага разгляду),  як і У.Гаўрыловіч, калі пішуць пра вайну, нібы здзяйсняюць своеасаблівы “скачок” з нашага часу ў той наш час. Пра гэта, пра такі “скачок” памяці, напрыклад, вельмі дакладна сказаў расійскі паэт Сяргей Строкань (нар.  у 1959 г.) у вершы “О войне не бывает легко заваёванных строк”. Чаму? Ды таму, што “…Писать – как сражаться – и сила нужна, и отвага”. Бо “вдруг покажется – схлынули беды, осознан итог, // но рука всё никак не решается тронуть бумагу”.

    Зноў тое ж — чаму? Здавалася б, няма перашкод. Сумленне не дазваляе:  “не причастен”? Сапраўды,  “как писать, если страшным огнем не проверен мой стих? // Пересказывать книги? Нет, так не приблизиться к теме…” Але ж былое тваіх родных і блізкіх, твайго народа, Айчыны генетычна і кроўна тваё… Гэта і дае табе дазвол, калі ты не проста пісьменнік, а яшчэ і грамадзянін сваёй краіны. Значыць, трэба пісаць, як у даным выпадку з паэтам, “Приподая к земле, слушать гул – он еще не утих… // Сердце сжалось, и снова готово к прыжку через время”.

    Уладзімір Гаўрыловіч у аповесці “Святая Параскева”, паўтараю,  якраз і здзейсніў “скачок” з сёняшняга нашага часу ў той наш час. Асэнсаваў былое і цяперашняе… Убачыў тых, хто мацуе гэтыя сувязі. І сярод іх вызначыў месца, на якім стаяць мамы, маці, матулі. Такія, як яго Параскева. Як усе жанчыны-матулі. Яно  – асаблівае, тое месца нашых матуль на зямлі ва ўсе нашы часы.

Уладзімір САЛАМАХА, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі.

«Сельская газета» №61 ад 29 мая 2021 года.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика