У абласнога конкурсу юных мастакоў “Родныя вобразы. Вясёлка над тураўскай зямлёй”– сёлета першы маленькі юбілей. Амаль паўтысячы малюнкаў па творах класікаў беларускай літаратуры – выхадцаў з Гомельшчыны ды сучасных гомельскіх пісьменнікаў даслалі на пяты конкурс вучні агульнаадукацыйных устаноў вобласці.
Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця незвычайнай выставы, якая прайшла ў выставачнай зале Гомельскай абласной бібліятэкі імя У.І.Леніна, прынялі ўдзел юныя мастакі і іх педагогі, бацькі, пісьменнікі.
Цёплыя словы ў адрас канкурсантаў, сказалі заслужаны дзеяч культуры Беларусі, старшыня абласнога аддзялення СПБ Уладзімір Гаўрыловіч і дырэктар абласной бібліятэкі Таццяна Забіяка. У праватнасці, яны падкрэслілі: спачатку кожны ўдзельнік конкурсу прыйшоў у бібліятэку, выбраў кнігу пісьменніка-земляка і, прачытаўшы яе, прапусціўшы твор праз сваю душу, адлюстраваў прачытанае на малюнку. Кагосьці з юных чытачоў-мастакоў кранулі героі мастацкіх твораў, кагосьці апісаныя пісьменнікамі краявіды роднага краю. Але відавочна адно: дзякуючы мастацкім творам яны яшчэ больш палюбілі сваю Радзіму – нашу мірную сінявокую Беларусь і сваю Гомельшчыну.
Аўтарытэтныя эксперты, у складзе якіх мастакі, пісьменнікі, журналісты і бібліятэчныя работнікі, вызначылі 41 фіналіста, з якіх 13 сталі пераможцамі юбілейнага абласнога конкурсу. Іх творчая праца прадстаўлена на спецыяльнай выставе ў фармаце “малюнак+кніга”.(Упершыню ладзіць такія выставы па ініцытыве абласной пісьменніцкай арганізацыі сталі з 2022 года; першая адбылася, дзякуючы падтрымцы абласной бібліятэкі, у час правядзення 29 Дня беларускага пісьменства ў Добрушы – заўв.аўт.).
Лепшымі былі прызнаны мастакоўскія работы вучняў: Крупнік Анастасіі (8 “А” клас Лельчыцкай СШ №1), Клімянок Соф’і (9 клас СШ №10 г. Светлагорска), Пратасенка Улляны ( 9 “А” клас СШ № 9 г. Мазыра”), Шкода Марыі (11 клас СШ №1 г.Светлагорска), Касцюшкінай Марыі ( 9 “А” клас СШ №10 г. Светлагорска) Дулуб Багдана (6 клас Сыродскай БШ Калінкавіцкага раёна, Клімашэўскай Таццяны (7 клас Ленінскай СШ Жыткавіцкага раёна), Івановай Анастасіі (5 “А” клас СШ №9 г. Мазыра) і іншых канкурсантаў па творах вядомых пісьменнікаў Анатоля Грачанікава, Ізяслава Катлярова, Соф’і Шах, Уладзіміра Гаўрыловіча, Міхася Болсуна і Таццяны Чараухінай, Аляксанда Беліка, Міхася Слівы ды Ліліі Вялічка. Прысутным лаўрэатам конкурсу былі ўручаны заслужаныя дыпломы, кніжныя падарункі ад аўтараў. Падзячныя лісты былі ўручаны і настаўнікам лаўрэатаў, кнігі – бацькам, якія падаравалі сваім дзецям магчымасць прыехаць у Гомель на іх свята. А незвычайную выставу змогуць пабачыць многія: выстава будзе працаваць да канца верасня ў Гомелі, Тураве, Жыткавічах і Рэчыцы, дзе ўвосень пройдзе V рэгіянальны фестываль літаратуры “На зямлі Кірылы Тураўскага”. Дарэчы, малюнкі лаўрэатаў будуць таксама змешчаны ў 21 нумары абласнога альманаха “Літаратурная Гомельшчына”.
Улад ПРЫАЗЁРНЫ.
На здымках: у час акрыцця выставы “Родныя вобразы”.