Некалькі дзён таму краснапольскі народны тэатр адзначыў сваё стагоддзе. На фестываль «Тэатральныя вечарыны», які праходзіў тут сёмы раз, прыехала шмат удзельнікаў з Беларусі, Расіі, Украіны і Літвы. Далучыўся нават калектыў з літоўскага горада Рокішкіс, які прымаў удзел яшчэ ў першым фестывалі. Тры дні на сцэне мясцовага цэнтра культуры ішлі пастаноўкі аматарскіх калектываў з Магілёва, Мінска, Гатчыны, Чарнігава, Екацярынбурга. Вярнуцца на міжнародны ўзровень краснапольскаму тэатру дапамаглі ў тым ліку і народныя абраннікі. І шмат сіл у гэтую справу ўклала Алена Раманенка, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Краснапольскага райвыканкама, дэпутат папярэдняга склікання.

А памятаеш, як усё пачыналася?

 Ва­лян­цін Ер­ма­ло­віч уба­чыў у ёй Паў­лін­ку (на фото Свят­ла­на дэ­ман­струе фес­ты­валь­ную ўзна­га­ро­ду).

Напэўна, Краснапольшчына — спрыяльная зямля для творчых людзей. Адсюль родам легенда савецкай эстрады Марыя Пахоменка, ваенны паэт Аляксей Пысін. Як ён трапна сказаў пра свой край у вершаваных радках — «салаўіны, глыбінны раён». У Краснаполлі наогул цяжка знайсці чалавека, абыякавага да тэатра. Напрыклад, старшы інспектар аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Святлана Петрачэнка на сцэне з 19 гадоў. І лічыць знамянальным, што яе пяцідзесяцігадовы юбілей супаў з тэатральным стагадовым. З дзяцінства марыла пра сцэну і трапіла на яе дзякуючы таленавітаму і апантанаму акцёру і рэжысёру Валянціну Ермаловічу, які ўзначаліў тэатр у канцы 80-х.

Першы фестываль, арганізаваны Валянцінам Ермаловічам, прайшоў у Краснаполлі ў 1993 годзе. Пасля быў яшчэ адзін з удзелам творчых калектываў Літвы і Латвіі, а потым справа заглухла.

— Я прыйшла сюды на работу ў 2009 годзе, і першае жаданне было — падтрымаць наш тэатр, папулярызаваць народную творчасць, у першую чаргу Краснапольшчыны, — успамінае Алена Раманенка. — Першае, з чаго мы пачалі, арганізавалі ў 2012 годзе тэатральны тыдзень. Прайшоў ён вельмі сціпла, але ж мы нагадалі, што існуём. У 2013 годзе Анатоль Сінкавец, на той час начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама, убачыў нашы творчыя пачынанні і падтрымаў ініцыятыву па развіцці тэатральнага руху на Краснапольшчыне. З бюджэту былі выдзелены сродкі, што дапамагло ўмацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу. Дзякуючы гэтаму з’явілася пэўная стабільнасць, жаданне тварыць… У 2016-м усе сілы аддалі рабоце над конкурсным праектам, прысвечаным захаванню тэатральных традыцый. Адначасова працавалі над праектам па ганчарстве. У выніку перамаглі і дзякуючы праекту «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН (ПРААН), атрымалі гранты «Тэатральныя вечарыны», выйшлі на новы ўзровень і змаглі прэтэндаваць на брэнд раёна. Сёлета фестываль упершыню праводзіўся па рашэнні райвыканкама і пры яго фінансавай падтрымцы. Мы змаглі купіць дэкаратыўную тканіну на сцэну, зрабіць падсветку, аплаціць харчаванне і пражыванне гасцей, арганізаваць для іх экскурсію па раёне. Але гэтыя грошы абавязкова акупяцца. Нашы дзеці займаюцца ў тэатральным гуртку раённага цэнтра культуры, і дастаткова адзін раз убачыць іх на сцэне, каб пераканацца, што за будучае нашага тэатра можна не перажываць.

Знак якасці «ад народа»

 

 

Аляк­сандр Куз­ня­цоў, Ва­сіль Тка­чоў і Юрый Па­да­ля­кін (зле­ва на­пра­ва) — лю­дзі, бліз­кія па ду­ху

 

Васіль Ткачоў — драматург запатрабаваны. Яго п’есы ідуць і ў беларускіх, і ў рускіх тэатрах. А вось з «народнікамі» з Краснаполля ён працаваў упершыню.

— Калі народны тэатр узяў маю п’есу, можна ганарыцца. Гэта знак якасці ад народа. Для мяне як драматурга гэта вельмі важна.

Трагікамедыя, якую выбралі краснапальчане, — «Лёгкі на ўспаміне» ставілася ў народных тэатрах Гродзеншчыны, Віцебшчыны, нават Харкава на Украіне. Ёсць у ёй тое, што кранае да глыбіні душы.

— П’есу для сёлетняга фестывалю выбіраў доўга, — прызнаецца Аляксандр Кузняцоў, рэжысёр Краснапольскага народнага тэатра. — І п’еса «Лёгкі на ўспаміне» зачапіла. Праблема адселеных вёсак, Чарнобыль — гэта ж усё пра нас. Шмат нашых вёсак пасля чарнобыльскай трагедыі знікла. Вёску, дзе нарадзіўся мой бацька і куды я ездзіў да бабулі, на жаль, бяда таксама не абмінула.

Тэатральны перапалох

Кажуць, што пачуцці з часам становяцца менш вострымі і хвалюючымі. На артыстаў Краснапольскага народнага тэатра гэта не распаўсюджваецца. Іван Ткачоў, артыст са шматгадовым вопытам, перад прэм’ерай хваляваўся як школьнік:

— Тэатр настолькі глыбока ўва мне сядзіць, што я ўжо не ведаю, калі я жыву, а калі іграю. У новым спектаклі ў мяне галоўная роля. Я ўвасабляю Сцяпана. Калі рэпеціраваў, сто патоў сыходзіла. А ў дзень прэм’еры прачнуўся і спужаўся, што слоў не памятаю!

Юрый Падалякін, дырэктар Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Краснапольскага раёна, адзін з натхняльнікаў тэатральнага руху на Краснапольшчыне.

— Сёлета ў нас паказвалі дзевяць спектакляў тэатраў з Беларусі, Расіі, Украіны і Літвы. Дзякуючы ПРААНаўскаму праекту, леташні фестываль дастаткова нашумеў, — кажа ён. — Екацярынбург і Гатчына, напрыклад, завіталі другі раз. Прычым за свой кошт. Мы забяспечваем толькі пражыванне і харчаванне. Білет на фестывальны спектакль каштаваў усяго 2—3 рублі. Але, як прызнаюцца арганізатары, у накладзе яны не засталіся, бо быў, як той казаў, поўны аншлаг.

Адна з праблем — пражыванне для іншагародніх. На фестываль збіраецца шмат людзей. Некаторых прыйшлося пасяліць у суседнім Чэрыкаве. Тутэйшым прадпрымальнікам трэба ўзяць на заметку, што раёну неабходна, напрыклад, аграсядзіба пад умоўнай назвай «Тэатральная». Фестываль з’яўляецца брэндам для Краснапольскага раёна, таму трэба трымаць імідж.

З удзяч­нас­цю ад дра­ма­тур­га.

Старшыня Краснапольскага райсавета дэпутатаў Анжаліка ГОМАН:

— Для нас, дэпутатаў, прасоўванне ініцыятыў, праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі — адна з альтэрнатыўных крыніц павышэння эфектыўнасці рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці. Наша задача — дапамагаць ствараць спрыяльныя ўмовы для жыхароў. Зрабіць гэта за кошт мясцовых бюджэтаў не заўсёды атрымліваецца. Праектная дзейнасць, арганізаваная ў рамках конкурсаў з прыцягненнем замежных грантавых сродкаў, паспяхова садзейнічае развіццю тэрыторыі. За чатыры гады ўдзела ў ёй раён атрымаў грантаў на суму больш за 115 тысяч долараў і 88 тысяч еўра.

 

Нэлі ЗІГУЛЯ

 zviazda.by

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика