Абласны семінар прозы і драматургіі прайшоў на базе аддзела перыядычнага друку Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І.Леніна. Яго ініцыятарам выступіла пісьменніцкая арганізацыя вобласці і абласное літаратурнае аб’яднанне “Слова” пры Гомельскім аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі. Мерапрыемства праведзена пры падтрымцы абласной бібліятэкі.

Рабочы момант семінара прозы і драматургіі

Напачатку ўдзельнікі семінара – члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, Міжнароднага саюза пісьменнікаў і майстроў мастацтваў, члены аматарскіх літаратурных аб’яднанняў вобласці, аўтары-пачаткоўцы, работнікі бібліятэк г. Гомеля, настаўнікі, чытачы – разгледзелі шэраг актуальных пытанняў, якія датычаць грамадскага і літаратурнага жыцця ў краіне і  рэгіёне.

Так, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз  пісьменнікаў Беларусі” У.М. Гаўрыловіч акцэнтаваў увагу як на асобных выніках электаральнай кампаніі 2024 года і ўдзеле ў ёй на розных узроўнях пісьменніцкай грамады, так і на актуальных задачах, якія стаяць перад творцамі ў бягучым годзе. Асобна кіраўнік пісьменніцкай арганізацыі спыніўся на неабходнасці больш актыўнага ўдзелу аўтараў рэгіёна ў міжнародных, рэспубліканскіх і абласных літаратурных конкурсаў, якія, асабліва для творчай моладзі, могуць стаць сур’ёзным стартам для творчага росту.

У практычнай частцы творчага семінару у цэнтры ўвагі былі новыя кнігі пісьменнікаў-гамяльчан.

Грунтоўны аналіз кнігі Таццяны Майсеевай ”Ці то дрэва, ці то куст” зрабіў Алег Ананнеў, член Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, кіраўнік семінараў. У прыватнасці, рэцэнзент адзначыў, што праца Таццяны Рудольфаўны – вельмі карысная і своечасовая, бо яна з’яўляецца не толькі крыніцай новых ведаў пра прыроду, але і спрыяе развіццю экалагічнай культуры, фарміруе паважлівыя адносіны да сям’і і сваёй малой радзімы.

Мінула ўжо больш двух гадоў, як няма з намі пісьменніка Васіля Ткачова. Выдатны драматург, празаік, публіцыст, крытык, ён заўсёды застанецца ў сэрцах усіх, тых жыў, працаваў разам з ім, сябраваў, проста сустракаўся і ведаў яго. На семінары прагучалі ўспаміны пісьменніка Міхася Слівы, у якіх выказвалася шчырая пашана да літаратара, які сваёй творчасцю праславіў родны край.

Творчы тандэм Андрэя Матвеенкі і Таццяны Майсеевай добра вядомы на Гомельшчыне. І новая кніжка гэтых аўтараў “Аўтографы на снезе” – п’есы-мініяцюры  пра жыццё жыхароў лесу –  спадабалася юным чытачам і іх настаўнікам, канстатавалаТамара Кручэнка, член Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, кіраўнік семінараў.

Пра жыццё ва ўсіх яго праявах цікава піша ў сваёй новай кнізе “А душа заўжды маладая…” Міхась Сліва. Пасловах самога аўтара, яна стваралася як “дзённік чытача”, “кніга для сябе”: занатоўваліся цікавыя думкі, прачытаныя ў творах розных пісьменнікаў – як беларускіх, так і замежных. Затым тэкст быў дапоўнены аўтарскімі матэрыяламі і перакладамі, у тым ліку гумарыстычнымі. І яны, як падкрэсліў у сваім водгуку У.Гаўрыловіч, вельмі ўдалыя, трапныя:  “Дзякуючы аўтару кнігі “А душа заўжды маладая…” мы можам здзейсніць літаратурнае падарожжа па краінах і кантынентах, прачытаць тое, што рассеяна па шматлікіх кнігах, выдадзеных у розныя гады на розных мовах! Многім чытачам прыйдуцца даспадобы мудрыя, неардынарныя, часам парадаксальныя разважанні пра літаратуру, творчасць, каханне, адносіны паміж людзьмі, пра жыццё ва ўсіх яго праявах…”

У межах абласнога семінара прозы, які прайшоў надзвычай цікава і карысна, таксама адбыліся экспрэс-прэзентацыі новых кніг Наталлі Шэмет і Наталлі Шэстаковай, Таццяны Майсеевай і Уладзіміра Гаўрыловіча, Соф’і Шах, зборнікаў Алы Навумавай і іншых гомельскіх аўтараў. Яны стануць асновай наступных даследаванняў і рэцэнзій, якія, як падкрэслена, будуць агучаны на наступным семінары прозы ў красавіку.

Мікалай ІГНАТОВІЧ

Яндекс.Метрика