Літаратурная гасцёўня, прысвечаная роднай мове, адбылася ў дзіцячым садзе № 161 г. Гомеля, з якім аддзел абслугоўвання вучняў 1–5 класаў абласной бібліятэкі супрацоўнічае ўжо не першы год. Госцем мерапрыемства быў ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі, член савета Гомельскага абласнога аддзялення ГА «СПБ», паэт Міхась Болсун.

Літаратар паведаміў дзецям пра гісторыю роднай мовы, прачытаў свае  вершы, адказаў на пытанні маленькіх выхаванцаў. Хлопчыкі і дзяўчынкі таксама рыхтаваліся да сустрэчы – вучылі вершы паэта, якія цудоўна прадэкламавалі на літаратурнай сустрэчы.

Маленькім выхаванцам садзіка бібліятэкары прапанавалі выставу кніг беларусскіх пісьменнікаў «Гучы, родная мова!». Загадчык аддзела Наталля Нікіціна прадставіла бацькам і іх дзеткам кнігі класікаў беларускай літаратуры, а таксама кнігі гомельскіх аўтараў для дзяцей, якія пішуць свае творы на роднай беларускай мове.

Напрыканцы сустрэчы выхаванцы садка знаёміліся з кнігамі, задавалі пытанні Міхасю Болсуну і выказалі намер стаць чытачамі абласной бібліятэкі.

Падарункам для дзіцячага аддзела стала кніга «Роднае, блізкае», якую падпісаў для маленькіх чытачоў яе аўтар – Міхась Болсун.

Прэс-служба Гомельскага абласнога аддзялення ГА “СПБ” (па матэрыялах абласной бібліятэкі).

Яндекс.Метрика