Насустрач 13 Міжнароднаму фестывалю-святу “Славянскія літаратурныя дажынкі-2018” (Гомель, Калінкавічы, Ельск, 6-9 верасня 2018 года).

Вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Гаўрыловіч у чарговы раз парадаваў  чытачоў – з друку выйшла трылогія “Палешукі” (Мазыр, “Калор”, 2017). А прыхільнікаў яго творчасці многа: палюбілі аматары роднага слова кнігі пісьменніка-палешука “Споднія яблыкі”, “Забранае шчасце”, “Плата за каханне”, “Анёлак мой, анёлак”, “Цяпло маладзіка” і іншыя.

Як адзначаў доктар філалагічных навук, прафесар Іван Штэйнер, аўтар паказаў у сваіх творах землякоў – палешукоў на гэтай цудоўнай зямлі ў часе і прасторы, у вечнай стабільнасці і пастаяннай зменлівасці. Вучоны падкрэсліў, што Уладзімір Гаўрыловіч адметны перш за ўсё тым, што і ў наш час працягвае і плённа развівае класічную нацыянальную традыцыю Якуба Коласа і Івана Мележа, “ягоная творчасць, нягледзячы нават на вандраванні па свеце і сумесныя праекты з замежнымі літаратарамі, не паддаецца самым мадэрновым уплывам”.

Трылогію “Палешукі” склалі раманы “Забранае шчасце”, “Палешукі” і “,,,Тут твае карані”. У творах адлюстраваны падзеі жыцця палешукоў, пачынаючы з 30-х гадоў мінулага стагоддзя і заканчваючы нашым часам. Паказваючы непаўторныя, у многім трагічныя лёсы жыхароў Тураўшчыны і Жыткавіцкага раёна, якія насуперак шматлікім перашкодам імкнуцца да шчасця, таленавіты пісьменнік стварае шырокую панараму народнага быцця на Палессі. А хто лепш самога палешука раскажа пра сваіх землякоў?!

 

Чытаючы творы, якія ўвайшлі ў трылогію, ніхто не застанецца раўнадушным: персанажы выяўляюць самыя розныя рысы характараў, яскрава паказаны каханне і здрада, адданасць справе і абыякавасць да існага, імкненне да справядлівасці і пераадоленне ўсяго бесчалавечнага. Аўтар сцвярджае: ніхто і нішто не можа скарыць наш народ, які жыве па адвечных законах дабра і справядлівасці.

У зборніку змешчана і новая аповесць пісьменніка “Краіна Валодзькава”.

Як піша ў прадмове да кнігі Тамара Кручэнка, вядома, што празаік, завяршыўшы палескую трылогію, працуе над новым раманам. Таму  пажадаем Уладзіміру Гаўрыловічу ажыццяўлення гэтай і ўсіх яго творчых задум, дасягнення жыццёвых мэт.

Міхась СЛІВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика