Новыя старонкі будучага літаратурнага фестывалю “На зямлі Кірылы Тураўскага”

Гомельскае абласное аддзяленне Грамадскага аб’яднання  “Саюз пісьменнікаў Беларусі” пры падтрымцы мясцовых органаў улады ў мінулым годзе ўпершыню арганізавала і правяло ў самым сэрцы Беларускага Палесся, у старажытным раённым цэнтры Жыткавічы першы адкрыты міжрэгіянальны фестываль літаратуры, культуры і мастацтва, народных традыцый “На зямлі Кірылы Тураўскага”. У рамках фестывалю адбылося ўшанаванне фіналістаў і лаўрэатаў абласнога літаратурнага конкурсу “ТАБЕ ПЯЮ, МАЛАЯ РАДЗІМА!”, прысвечанага памяці пісьменніка-земляка Міколы Гамолкі.

 Для пачынаючых аўтараў пісьменніцкая арганізацыя арганізавала творчыя сустрэчы, майстар-клас, былі наладжаны экскурсіі ў мемарыяльны музей вядомага пісьменніка-земляка Міколы Гамолкі. Шэраг мерапрыемстваў, праведзеных сумесна з аддзеламі райвыканкама, установамі адукацыі, цэнтральнай раённай бібліятэкай і гарадскім цэнтрам культуры пакінулі добры след у душах як жыткаўчан, так і ўдзельнікаў форуму з ліку жыхароў суседняй Петрыкаўшчыны. Увогуле фестываль пацвердзіў: літаратурныя падзеі на зямлі, на якой нарадзіўся агульнаславянскі асветнік і паэт Кірыла Тураўскі, запатрабаваны часам.

Як адзначыў старшыня абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Уладзімір Гаўрыловіч, пісьменніцкай арганізацыяй рэгіёну дасягнута дамоўленасць з кіраўніцтвам Жыткавіцкага райвыканкама аб правядзенні II адкрытага міжрэгіянальнага фестывалю літаратуры, культуры і мастацтва, народных традыцый “На зямлі Кірылы Тураўскага”.

– Зараз на ўзроўні спецыялістаў райвыканкама і членаў Савета аддзялення СПБ вядзецца праца над распрацоўкай канцэпцыі  новага фестывалю, абмяркоўваецца палажэнне аб яго правядзенні і г.д., – адзначае кіраўнік пісьменніцкай арганізацыі. – Гомельскім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі створаны творчы савет фестывалю і аб’яўлена некалькі літаратурных конкурсаў, якія і вызначаць галоўных удзельнікаў будучага літаратурнага свята, якое, як мяркуецца, пройдзе як у Жыткавічах, так і ў Тураве, у іншых населеных пунктах Жыткаўшчыны ў маі 2020 года.

Так, з 1 лютага стартуюць традыцыйныя абласныя літаратурныя конкурсы: IІІ абласны літаратурны конкурс “ТАБЕ ПЯЮ, МАЛАЯ РАДЗІМА!”, прысвечаны памяці пісьменніка-земляка Міколы Гамолкі (у якім, дарэчы, у некалькіх жанравых намінацыях могуць паспрабаваць свае творчыя сілы толькі жыхары Петрыкаўшчыны і Жыткаўшчыны; М.Гамолка нарадзіўся ў Пертрыкаўскім раёне, дзіцячыя гады правёў на Жыткаўшчыне, закончыў жыткавіцкую СШ №1удакл. аўт.), а таксама конкурс чытальнікаў “Захаваем свет разам!” і  конкурс юных мастакоў “Вясёлка нал Тураўскай зямлёй” (ўмовы іх правядзення змешчаны на сайце pismennik.by).

Разам з тым, у адным з галоўных конкурсаў будучага фестывалю могуць паўдзельнічаць не толькі жыхары Гомельшчыны. Упершыню аб’яўлены адкрыты літаратурны  конкурс “Незабыўны подзвіг. Міша Мароз”, у якім могуць  прыняць удзел як грамадзяне Беларусі, так і іншых краін, якія пішуць свае творы на беларускай і рускай мовах, у трох намінацыях: “паэзія”, “проза”, “публіцыстыка” (Палажэнне змешчана ніжэй).

Сёння, у пярэдадзень 75-годдзя Вялікай Перамогі, трэба  абавязкова аддаваць даніну павагі, ушаноўваць памяць савецкіх воінаў, хто вызваляў краіну ад ненавіснага ворага. Разам з тым мы павінны памятаць і пра подзвігі, звязаныя з той страшнай вайной, але здзейсненыя ў мірны час, адзначае Уладзімір Гаўрыловіч:

– Нельга не ганарыцца подзвігам Мішы Мароза, майго земляка, які так і не стаў, як марыў, настаўнікам, трагічна загінуў. 18-гадовы паляшук вынес з бульбянага поля артылерыйскі снарад, мужна адвёў бяду ад сваіх сяброў, якія працавалі побач на бульбяным полі калгаса “Прагрэс” Дубровенскага раёна. У лістападзе 2019-га Міхаілу Марозу, калі б ён застаўся жыць, споўнілася б толькі 60…

Пісьменніцкая супольнасць, арганізуючы пры падтрымцы абласнога выканаўчага камітэту і Жыткавіцкага райвыканама адкрыты літаратурны конкурс,  імкнецца нагадаць грамадству, асабліва дзецям і моладзі, пра подзвіг, які, ахвяруючы ўласным жыццём, здзейсніў у 1977 годзе юны паляшук. Пра гэта нам, беларусам, нельга забываць, і разумець, што сапраўдны патрыятызм – гэта не проста словы.

ПАЛАЖЭННЕ

аб адкрытым літаратурным конкурсе

“Незабыўны подзвіг. Міша Мароз”.

1. Агульнае палажэнне

У двары Жыткавіцкай СШ №1 імя Р.Тураўца стаіць помнік адважнаму юнаку, ураджэнцу Жыткаўшчыны Міхаілу Марозу. Ён нарадзіўся 28 лістапада 1959 года. У верасні 1977-га навучэнец Аршанскага індыстурыяльна-педагагічнага вучылішча, працуючы на бульбяным полі калгаса “Прагрэс” Дубровенскага раёна, заўважыў, што па транспарцёры разам з бульбай рухаецца артылерыйскі снарад. Не вагаючыся, ён схапіў яго і панёс праз поле да лагчынкі, аднак не паспеў дайсці да яе ўсяго некалькі метраў – смяротная знаходка ўзарвалася ў  руках. Юнаку не было яшчэ і 18 гадоў, калі ён трагічна загінуў.

За мужнасць Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР пасмяротна ўзнагародзіў смелага камсамольца ордэнам Чырвонай Зоркі. Імя Міхаіла Мароза было занесена ў Кнігі Гонару цэнтральных камітэтаў УЛКСМ і ЛКСМ Беларусі, а ў яго камсамольскім білеце застаўся запіс: “Вынес з поля баявы снарад, адвёў ад людзей бяду цаной уласнага жыцця”.

У гонар сапраўднага героя Палескай зямлі Гомельскае абласное аддзяленне грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” аб’яўляе адкрыты літаратурны конкурс “Незабыўны подзвіг. Міша Мароз”,  у якім запрашае прыняць удзел усіх, хто жадае мастацкім словам выказаць свае стаўленне да незабыўнага подзвігу Міхаіла Мароза, да тэмы Айчыны, Бацькаўшчыны, родных каранёў. У конкурсе могуць прымаць удзел як грамадзяне Беларусі, так і ўсіх краін свету, якія пішуць на беларускай і рускай мовах.

2. Арганізатар конкурсу

Гомельскае абласное аддзяленне ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”  пры падтрымцы Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта і Жыткавіцкага раённага выканаўчага камітэта.

3. Мэты конкурсу

— папулярызацыя культурна-гістарычных і духоўных каштоўнасцей; прыцягненне ўвагі да тэмы патрыятызму; ушанаванне знакамітых людзей; выяўленне літаратурна-творчых талентаў навучэнцкай моладзі і падтрымкі маладых літаратараў.

4. Намінацыі

Конкурс праводзіцца ў трох намінацыях: 

  1. Паэзія (паэтычныя творы, прысвечаныя  подзвігу М.Мароза). 
  2. Проза (апавяданне, прысвечанае подзвігу М.Мароза.) 
  3. Публіцыстыка (нарысы, эсэ, прысвечаныя подзвігу М.Мароза.) 

5.Умовы, тэрміны і парадак правядзення:

Літаратурныя і публіцыстычныя творы прымаюцца на конкурс з 1 лютага 2020 года па 15 сакавіка 2020 года. 

У склад журы ўваходзяць вядомыя пісьменнікі, краязнаўцы, публіцысты.

Па выніках галасавання журы вызначаюцца пераможцы конкурса: 1-е, 2-е, 3-е месца ў кожнай намінацыі. Журы можа прысуджаць удзельнікам конкурсу заахвочвальныя ўзнагароды і прызы. 

6. Патрабаванні да прадстаўляемых на конкурс работ:

На конкурс прымаюцца нідзе раней не надрукаваныя творы. 

Паэзія: не болей трох вершаў.  

Проза і публіцыстыка: адзін твор аб’ёмам не больш 5 друкаваных аркушаў фармата А4 (шрыфт Times New Roman, 14  шрыфт). 

Творчыя работы неабходна накіроўваць на на электронны адрас:  konkursgomelspb2018@yandex.by

Работы, дасланыя пасля ўказанага тэрміну, не разглядаюцца.  

Дасланыя матэрыялы не рэцэнзуюцца і не вяртаюцца.  

На тытульным лісце неабходна ўказаць:  

— прозвішча, імя, імя па бацьку;  

— дату нараджэння;  

— месца працы або вучобы;  

— адрас для перапіскі;  

— нумар кантактнага тэлефону;  

— е-mail.

7. Падвядзенне вынікаў. Узнагароджанне.

Пераможцы ўзнагароджваюцца дыпломамі.

Лепшыя творы будуць размешчаны на сайце Гомельскага абласнога аддзялення ГА “СПБ” pismennik.by, па магчымасці будуць надрукаваны ў СМІ рэгіёна. Вынікі конкурсу падводзяцца да 10 мая 2020 года.  

Узнагароджанне пераможцаў адкрытага літаратурнага конкурсу адбудзецца на ўрачыстым адкрыцці ІІ адкрытага міжрэгіянальнага фестывалю літаратуры, культуры і мастацтва, народных традыцый “На зямлі Кірылы Тураўскага” ў г. Жыткавічы Гомельскай вобласці.


На здымках: Міхаіл Мароз; фіналісты абласнога літаратурнага конкурсу ля помніка юнага палешука М. Мароза  ў горадзе Жыткавічы ў маі 2019 года.

Фота з архіва абласной пісьменніцкай арганізацыі. Тэкст
падрыхтаваў Улад ПРЫАЗЁРНЫ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика