Шаноўныя калегі!

Прыміце самыя сардэчныя віншаванні з 15-годдзем дзейнасці ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, які з’яўляецца пераемнікам творчай арганізацыі літаратараў, створанай у 1934 годзе пры ўдзеле класікаў беларускай літаратуры Я. Купалы, Я. Коласа. 

У склад нашай арганізацыі ўваходзяць людзі розных прафесій, узростаў, майстры, умудроныя жыццёвым вопытам і таленавітыя пачаткоўцы. Усіх нас яднае вялікая любоў да слова, жаданне несці яго святло да глыбіні чалавечай душы, кранаць яе да суперажывання, абуджаць у ёй найлепшыя пачуцці.

За 15 гадоў сумеснай працы да 700 сябраў пашырылася кола нашага Саюза. Слова пісьменніка гучыць у розных кутках Беларусі. Дзякуй за руплівае старанне нашым абласным аддзяленням, якія магутнымі ручаінамі ўліваюцца ў плынь агульнага літаратурнага працэса. Сучасныя літаратурныя густы фарміруюць і 300 літаратараў сталічнага аддзялення. Амаль 40 замежных пісьменнікаў дапамагаюць росту аўтарытэта беларускай літаратуры ў краінах блізкага і далёкага замежжа.  

За гэты параўнальна невялікі, але такі насычаны на шматлікія падзеі час, значна папоўнілася скарбонка культурнай спадчыны беларусаў. Кнігі нашых літаратараў атрымалі перамогі ў многіх прэстыжных міжнародных  конкурсах. Сярод тых, кім ганарымся, творцы, адзначаныя дзяржаўнымі ўзнагародамі, уладальнікі Нацыянальнай літаратурнай прэміі, лаурэаты Нацыянальнага конкурса “Мастацтва кнігі”. 

Але для кожнага пісьменніка  найлепшае прызнанне яго заслуг – гэта любоў чытача. Мудрыя, добрыя, пазнавальныя кнігі, выданні для дзяцей і дарослых – знанае спалучэнне інтэлекту і творчага натхнення ўсіх вас, паважаныя пісьменнікі, адораныя мастацкім талентам людзі. Кожны з вас карысны на сваім месцы. Сведчанне запатрабаванасці грамадствам творчага патэнцыялу нашага Саюза – правядзенне штогод з удзелам сяброў нашага Саюза  амаль 20 тысяч святаў, сустрэч, імпрэз.

Няхай і надалей мацуецца наша агульная воля быць разам, памнажаецца жаданне супольна ствараць культ кнігі ў грамадстве, заахвочваць да чытання  пакаленні беларусаў. Няхай асветніцкая місія пісьменніка служыць найлепшым чынам духоўнасці нашай краіны, стварэнню яе надзейнай будучыні! Жадаем вам моцнага здароўя, бадзёрага настрою, усялякіх даброт! 

Прэзідыум Саюза пісьменнікаў Беларусі 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика