
18-19 снежня ў Мінску адбудзецца другое пасяджэнне VII Усебеларускага народнага сходу. Мы пацікавіліся ў дэлегата форума, члена Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў, кіраўніка рабочай групы Нацыянальнага сходу па справах замежжа, старшыні Гомельскага абласнога аддзялення СПБ, заслужанага деяча культуры краіны, вядомага беларускага пісьменніка Уладзіміра Гаўрыловіча: што ён чакае ад гэтай знакавай падзеі ў жыцці грамадства?
– Уладзімір Мікалаевіч, завяршаецца 2025 год. Ён распачаўся з выбараў кіраўніка дзяржавы. Сімвалічна, што завяршаецца правядзеннем Усебеларускага народнага сходу. Як ён пражыты, на ваш погляд?
– Няпроста для краіны, але, упэўнены, для большасці нашых грамадзян 2025-ы быў стабільным і шчаслівым. Увогуле, шмат што можна тут успомніць…
Вось вы згадалі прэзідэнцкія выбары. Памятаеце, у якой сітуацыі яны праходзілі? Мы – у цэнтры геапалітычнага разлому. Супраць нас дзейнічаюць лютыя санкцыі. Што робіць наш мудры народ? Паказвае ўсяму свету стабільнасць, жаданне жыць па сваіх законах, і – рэкордны давер беларускага народа прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку. А гэта было архіважна: нам патрэбен быў менавіта такі моцны лідар, які змог бы аб’яднаць самых розных людзей, зрабіць іх адзіным цэлым, зарадзіць сваёй стваральнай энергетыкай. І такі лідар у нас быў і ёсць! Адначасова ў няпростых умовах выбудавана і новая сістэма дзяржаўнага кіравання, асновай якога стаў вышэйшы орган народаўладдзя – Усебеларускі народны сход, традыцыйны для беларусаў інстытут па прынцыпе Народнага веча. Мы цалкам маем стабільнасць дзяржаўнай палітычнай сістэмы.
Так, кардынальныя змены, якія адбыліся за апошнія некалькі гадоў на знешнім контуры, сфарміравалі новую глабальную рэальнасць, і, зразумела, не маглі істотна не паўплываць на сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі. Гэта – ланцужок… Аднак нацыянальная эканоміка вытрымала выпрабаванне часам і даказала сваю ўстойлівасць. Дзякуючы сацыяльнай палітыцы, якая дзяржавай і нашым лідарам праводзіцца, Беларусь захавала сваю пазіцыю ў групе краін з вельмі высокім узроўнем чалавечага развіцця. Гэта – нямала. А яшчэ? Тое, што мы, беларусы, нягледзячы на праблемныя моманты, якія ёсць (мы бачым недахопы, праблемныя кропкі і своечасова праводзім працу над памылкамі!) павышаем дабрабыт грамадзян, што мы жывём пад мірным небам, працуем на карысць сваіх сем’яў, ва ўласнай дзяржаве, што ў нас бяспечна, ціха і спакойна на вуліцах, нягледзячы на няспынныя спробы ўплываць на нашу палітычную бяспеку пэўнымі дэструктыўнымі сіламі, – гэта вялікае дасягненне.
Калі гаварыць пра дэпутацкі корпус, то аператыўна, абапіраючыся на прапановы нашых грамадзян, на запатрабаванні часу, прымаюцца важныя законапраекты ў розных сферах, у тым ліку звязаныя і з нацыянальнай бяспекай. Краіна ажыццяўляе шматвектарную, я б сказаў, гнуткую знешнюю палітыку: мы робім крок насустрач сябрам, узаемадзейнічаем з тымі, хто не адгароджваецца ад нас спецыяльна выбудаванымі металічнымі сценамі на межах, хто па надуманным прычынам бяздумна не блакіруе пагранічныя пераходы, хто не зачыняецца ад нас. І тых, хто выбудоўвае з намі канструктыўны дыялог і ўзаемавыгадна супрацоўнічае, усё ж болей.
– Падчас другога пасяджэння VII Усебеларускага народнага сходу плануецца зварот Прэзідэнта з Пасланнем да беларускага народа і парламента. Што чакаеце ад гэтай падзеі?
– Пачну з далейшага… Я быў дэлегатам V Усебеларускага народнага сходу. Выступленне кіраўніка дзяржавы і тады было яркім, смелым, своечасовым. І самае галоўнае – тыя задачы, якія ставіў А.Лукашэнка перад краінай, выкананы. Беларусь нарасціла эканамічны патэнцыял, развіццё мы адчувалі ва ўсіх сферах. Расла эканоміка – рос дабрабыт грамадзян. Я нарадзіўся ў вёсцы, мама працавала на калгаснай ферме, і я там правёў усё дзяцінства. Але не мог і падумаць яшчэ 10 гадоў таму, што мы, маленькая Беларусь у 2025 годзе ўвойдзем у топ-10 экспарцёраў малакапрадуктаў, у тым ліку дзякуючы будаўніцтву сучасных высокатэхналагічных малочнатаварных комплексаў! Магу шмат прывесці прыкладаў руху наперад і ў другіх галінах. А пра гэта ж гаварылася на Народным вечы. І тады многія ў падобнае не верылі.
Так і цяпер, як дэлегат ужо VІІ Усебеларускага народнага сходу, калі на наша жыццё так жорстка ўздзейнічаюць знешнія праблемы, калі заходнія суседзі забыліся, што для іх вызвалення 80 гадоў таму зрабіў савецкі салдат, і калі мы вымушаны адстойваць гістарычную праўду ды даваць адпор новаму фашызму, калі сфарміравана няпростая глабальная негатыўная рэальнасць з пагрозлівым брацаннем зброі ля нашых межаў, з хваляваннем зноў чакаю Слова чалавека, якому давяраю, як старэйшаму, мудраму брату. Перакананы: зварот Прэзідэнта будзе хвалюючым, лагічным, перспектыўна верным. Аляксандр Рыгоравіч не раз даваў нам урокі мудрасці! Важна, каб мы прыслухаліся да сказанага. Насуперак заходнім прагнозам сёння ў нас ёсць трывалыя зачыны будучага развіцця ва ўсіх сферах.
Для мяне асабіста так, вельмі хвалюючы ўдзел у УНС. Лічу, што гэта ўнікальны фармат прамога дыялогу і стратэгічнага планавання, дзейсны інстытут прамой дэмакратыі. Ён дазваляе пачуць голас кожнага рэгіёна, атрымаць зваротную сувязь ад людзей, якія жывуць у самых розных кутках нашай краіны. Рашэнні, якія будуць тут прыняты, стануць асновай для карэкціроўкі праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця і заканадаўчых ініцыятыў.
– На сходзе будзе зацверджана Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступную пяцігодку, з праектам якой дэлегаты ўжо мелі магчымасць азнаёміцца…
– Так, новая Праграмма сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі на 2026-2030 гады, якую прапусціў праз сэрца ўжо кожны дэлегат, вельмі напружаная для выканання, але рэальная. Гэта, упэўнены, падкрэсліць і наш лідар. Беларусы – працалюбівая нацыя, у нас ніколі не любілі гультаёў. І разумеем, што на сподачку нам ніхто нічога не дасць. Разам з тым, мы павінны разумець, што прынятае стане для кожнага з нас законам, які кожнаму трэба будзе напаўняць працоўнымі поспехамі. Кім бы ён не працаваў, але задача ў нас адзіная: зрабіць нашу родную Беларусь шчаслівай і прыгожай краінай. У Праграме ўлічаны дасягненні мінулых гадоў, мы базіруемся на аналізе перспектыў сучаснага развіцця, выяўляем актуальныя праблемы і накіраваныя на іх вырашэнне рашэнні. Таму, перакананы, гэты дакумент, будзе зразумелы кожнаму. У аснове сучаснай стратэгіі развіцця – пяцігодка якасці як адказ на сучасныя выклікі, аснова нацыянальнага суверэнітэту і новага жыццёвага ўзроўню беларусаў.
– А якія важныя моманты, адлюстраваныя там, вас асабліва хвалююць?
– Мяне не можа нешта адно хваляваць, а другое зусім не. Усе моманты – важныя! Ключавая канцэпцыя новага пяцігоддзя – сфарміраваць самадастатковую і канкурэнтаздольную дзяржаву, у цэнтры ўвагі якой – чалавек. Так, мы не адыходзім ад сацыяльных аспектаў, наадварот, жадаем як мага хутчэй перайсці да новай якасці жыцця кожнага беларуса. Беларусь павінна стаць краінай з развітой лічбавай індустрыяй і тэхналагічнай структурай, уласнымі прарыўнымі тэхналогіямі. І пачатак тут пакладзены!
Безумоўна, дасягненне пастаўленай мэты патрабуе цеснага і
канструктыўнага ўзаемадзеяння дзяржавы, бізнесу і грамадства, аб’яднання
намаганняў усіх слаёў насельніцтва для эфектыўнага вырашэння задач
сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Найважнейшай умовай з’яўляецца строгая
факусоўка працы і канцэнтрацыя рэсурсаў на ключавых прыярытэтах, вызначаных
праграмай. Не выпадкова пры яе падрыхтоўцы выпрацавана сем ключавых прыярытэтаў,
і ўсе – падкрэслю – вельмі важныя. Сярод іх —
нацыянальная дэмаграфічная бяспека-захаванне насельніцтва, умацаванне
здароўя нацыі і падтрымка сям’і, развіццё чалавечага патэнцыялу, якаснай
адукацыі, выхаванне гарманічнай і патрыятычнай асобы, стварэнне якаснай і
зручнай асяроддзя для жыцця, рост канкурэнтаздольнасці, паскарэнне
тэхналагічнага развіцця і лічбавая трансфармацыя. Калі будуць слабыя рэгіёны –
ці можа быць моцнай дзяржава? Не. Таму вялікая ўвага гэтаму напрамку. Калі не дбаць
пра ўмацаванне абараназдольнасці дзяржавы і развіццё абароннага сектара эканомікі
– будзеш карміць чужую армію. Гэта аксіёма. Наша Беларусь захавала аўтэнтычнасць і ўвайшла ў топ-50 самых наведваемых турыстамі краін – 48-е месца
из 202. Шмат робіцца ў гэтым накірунку, але нам і надалей трэба рэалізоўваць турыстычны
патэнцыял.
– Нядаўна кіраўнік дзяржавы адзначыў, што УНС павінен займацца значнымі, глабальнымі пытаннямі. Якія, на вашу думку, тэмы найбольш заслугоўваюць увагі?
– Згодна змяненняў і дапаўненняў,
унесеных у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь па выніках рэспубліканскага
рэферэндуму 27 лютага 2022 года, Усебеларускі народны сход стаў канстытуцыйным
органам і мае права разглядаць найбольш значныя агульнадзяржаўныя пытанні. А гэта:
асноўныя напрамкі ўнутранай і знешняй палітыкі, ваенная дактрына, канцэпцыя
нацыянальнай бяспекі. Дэлегаты зацвярджаць Праграмы сацыяльна-эканамічнага
развіцця Рэспублікі Беларусь, сход заслухоўвае кіраўніка ўрада аб выкананні іх, прымае рашэнні, якія з’яўляюцца
абавязковымі для выканання ў краіне. На мой погляд, гэта і ёсць глабальныя
пытанні.
– А яшчэ кіраўнік дзяржавы на Прэзідыуме УНС звярнуў увагу, што сход фарміруецца з грамадзян, вылучаных рознымі групамі грамадства і дзяржаўных органаў. Наколькі важна, на ваш погляд, каб сярод дэлегатаў былі і члены Саюза пісьменнікаў Беларусі?
– Быць дэлегатам УНС – ганарова і адказна. Давер людзьмі вялікі аказваецца кожнаму, каго паважаюць у тым ці іншым калектыве за працалюбства, за любоў да Радзімы, за актыўную жыццёвую і грамадзянскую пазіцыю, за жаданне зрабіць шмат карыснага для дзяржавы і для людзей. І пісьменнікі тут не выключэнне. На форуме будуць працаваць некалькі нашых майстроў слова. Перакананы: яны могуць і павінны ў сваіх творах данесці да шырокіх слаёў насельніцтва эпахальнасць такой важнай падзеі і рэалізацыі прынятых рашэнняў.
Гутарыла Валянціна Канстанцінава
«Літаратура і Мастацтва», 5 снежня 2025
