Да 100-годдзя народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа ў Растоўскай вобласці адкрыецца музейная экспазіцыя.

У дзень нараджэння класіка на растоўскай зямлі з’явіцца куточак Беларушчыны – тут ствараецца мемарыяльны літаратурны пакой народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа. Пра гэта паведаміў старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Уладзімір Гаўрыловіч.

Уладзімір Гаўрыловіч уручае кнігі Івана Мележа бібліятэцы імя І.Мележа (Пятрушына, 2017)

У 2017 годзе Пятрушынскай сельскай бібліятэцы, што ў Растоўскай вобласці, прысвоена імя класіка беларускай літаратуры  Івана Мележа. Такое рашэнне прынята на заканадаўчым узроўні расійскага рэгіёна як вынік плённага творчага супрацоўніцтва пісьменнікаў Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» і іх расійскіх калег.

Як удакладніў Уладзімір Гаўрыловіч, беларускія і расійскія літаратары з Растоўскай вобласці пасябравалі даўно, актыўна працуючы разам у межах двух творчых праектаў – міжнароднага фестывалю-свята “Славянскія літаратурныя дажынкі” і ўзнікшага пазней міжнароднага фэсту-конкурсу паэзіі і паэтычных перакладаў “Берагі дружбы”.

Ля памятнага вугалка Івана Мележа (2018)

– Калі зайшла гутарка пра новы творчы праект перакладаў у 2017 годзе, у якім напачатку працавалі толькі аўтары-гамяльчане, а пасля ўключыліся прафесійныя і маладыя паэты ўжо з усёй Беларусі, сябра нашай краіны расійскі паэт Леанід Север агучыў ідэю увекавечвання  аднаго з творцаў беларускай літаратуры на яго малой Радзіне, – адзначае У. Гаўрыловіч. – Мы прапанавалі ўшанаваць памяць  народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа, выхадца з Хойніцкага раёна Гомельшчыны.  І мелі рацыю: творца – удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, быў цяжка ранены ў 1942 годзе пад Растовам-на-Доне, лячыўся ў растоўскім шпіталі, затым быў адпраўлены ў тыл і камісаваны.

Сустрэча землякоў Івана Мележа на растоўскай зямлі (2017)

Аформленая афіцыйна прапанова аддзялення была накіравана кіраўніцтву расійскага рэгіёна, прынята, разгледжана і хутка рэалізавана:  імя класіка беларускай літаратуры Івана Мележа летам 2017-га атрымала  муніцыпальная бюджэтная ўстанова культуры «Пятрушынская сельская бібліятэка Новабессяргенеўскага сельскага пасялення Неяклінаўскага раёна Растоўскай вобласці”. Тады ж з удзелам кіраўніцтва Гомельскага аддзялення СПБ у Пятрушына была ўрачыста адкрыта мемарыяльная дошка,  абласная пісьменніцкая арганізацыя перадала ў дар бібліятэкі кніжныя падарункі – творы Мележа.

Час паказаў: да творчасці класіка беларускай літаратуры ў расійскай глубінцы цікавасць з году ў год толькі павялічвалася. На базе бібліятэкі, якая носіць яго імя,  штогод ладзяцца канферэнцыі, творчыя сустрэчы, у тым ліку з гомельскімі творцамі, якія ўдзельнічаюць у працы фестываля “Берагі дружбы”. А праз нейкі час па ініцыятыве супрацоўнікаў бібліятэчнай установы і пры  падтрымцы  мясцовых уладаў, нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Растоўскай вобласці» і нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Кубані» было прынята рашэнне аб далейшай папулярызацыі творчасці беларускага пісьменніка і адкрыцці да яго 100-годдзя на базе бібліятэчнай установы мемарыяльнага пакоя.  Годная ініцыятыва зноў аб’яднала творцаў і работнікаў культуры дзвюх краін. Так, па просьбе Савета аддзялення СПБ работнікі Хойніцкага краязнаўчага музея і мемарыяльнага літаратурнага музея Івана Мележа ў агр. Хойнікі зрабілі нямала электронных копій фотадакументаў, звязаных з жыццём і творчасцю пісьменніка-земляка, копій арыгіналаў дакументаў,  накіравалі іх у Растоўскую вобласць. Усе яны былі скарыстаны пры падрыхтоўцы экспазіцыі.

Адкрыццё ж мемарыяльнага літаратурнага пакоя Івана Мележа запланавана на тыдзень, калі мы будзем адзначаць 100-годдзе народнага пісьменніка Беларусі. Дакладна: 12 лютага, 12 гадзін дня. Удзельнікамі гэтай важнай падзеі адначасова стануць няклінаўцы і гамяльчане:  пісьменнікі, бібліятэчныя работнікі і краязнаўцы, прадстаўнікі органаў мясцовай улады двух краін.  У анлайн-фармаце ў абласной бібліятэцы пройдзе міжнародны тэлемост, пад час якога ўрачыста беларусы і рускія адкрыюць новую музейную экспазіцыю, а таксама абмяркуюць далейшае супрацоўніцтва на ніве культуры і літаратуры.

Мікалай ІГНАТОВІЧ

Фота з уласнага архіва аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика