У Гомелі ўрачыста і запамінальна прайшоў абласны конкурс чытальнікаў “Захаваем свет разам!”       

       У 2007 годзе Гомельскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі  заснавала  ўнікальны конкурс чытальнікаў “Захаваем свет разам!”. Селета на Гомельшчыне ён праходзіць у 13 раз і складаецца 5 тураў.  26 красавіка 2019 года, у 33-ую гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС,  Савет аддзялення арганізаваў  4 вочны этап XIII абласнога конкурсу чытальнікаў “Захаваем свет разам!”, прысвечанага Году малой радзімы. Мерапрыемства ладзілася ў Гарадскім цэнтры культуры горада Гомеля, пры ўдзеле народнага клуба “Арт-кафэ на Ірынінскай”.

Як вядома, першы (школьны) тур прайшоў у лютым 2019-га ва ўсіх установах адукацыі рэгіёна, у сакавіку – у кожным раёне Гомельшчыны адбыліся раённыя туры. А на трэці  завочны тур, які прайшоў у Гомелі 10 красавіка, аддзеламі адукацыі гаррайвыканкамаў і асобнымі ўстановамі адукацыі даслана 89 відэазапісаў. У адпаведнасці з Палажэннем аб конкурсе, усе відэазапісы былі ўважліва прагледжаны аўтарытэтнай камісіяй, у саставе якой працавалі пісьменнікі, журналісты, артысты тэатра і кіно. У выніку да 4 вочнага тура дапушчаны  23 фіналісты  –   лепшыя чытальнікі з  розных раёнаў Гомельшчыны і г. Гомеля. Разам з настаўнікамі яны прыехалі 26 красавіка ў горад над Сожам,  каб пазмагацца за званне “Лепшага чытальніка Гомельскай вобласці твораў пісьменнікаў-землякоў”.

У сваім прывітальным слове на ўрачыстасці, прысвечанай Году малой радзімы і 33-ай гадавіне аварыі на ЧАЭС, якая папярэднічала творчаму спаборніцтву, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “СПБ” Уладзімір Гаўрыловіч падкрэсліў, што ва ўсіх яго этапах прынялі ўдзел каля 1,5 тысячы школьнікаў,  навучэнцаў гімназій і каледжаў.   Ад імя пісьменніцкай грамады кіраўнік аддзялення СПБ  шчыра падзякаваў канкурсантам і настаўнікам за любоў да мастацкага слова, да творчасці пісьменнікаў-землякоў.

Дарэчы, конкурс “Захаваем свет разам!” праводзіцца з мэтай стымулявання чытацкіх інтарэсаў школьнікаў, павышэння цікавасці да выразнага чытання мастацкіх твораў, а задачамі з’яўляецца прапаганда твораў пісьменнікаў Гомельшчыны, прысвечаных роднаму краю, духоўнаму багаццю рэгіёна, якія адлюстроўваюць пазітыўныя бакі нашай рэчаіснасці. Для чытання ўдзельнікі конкурсу самастойна выбіралі: а) мастацкія творы сучасных празаікаў, якія пражываюць на тэрыторыі Гомельскай вобласці і з’яўляюцца членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі; б) мастацкія творы празаікаў – членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі, выхадцаў з Гомельскай вобласці. У конкурсе прымалі ўдзел вучні агульнаадукацыйных школ, устаноў адукацыі іншых форм, у тым ліку прафтэхфадукацыі Гомельскай вобласці з 12 да 17 гадоў.

… Бурнымі апладысментамі удзельнікі 4 тура ўспрынялі паведамленне кіраўніка абласнога аддзялення СПБ і арганізатара конкурсу, што ўсе яны сумесным рашэннем Савета аддзялення і конкурснай камісіі прызнаны фіналістамі – пераможцамі конкурсу.

Старшыня аддзялення СПБ Уладзімір Гаўрыловіч уручыў з гэтай нагоды  ім спецыяльныя дыпломы Гомельскага абласнога аддзялення СПБ.  Для ўдзельнікаў конкурсу і іх настаўнікаў прагучаў музычны падарунак ад гомельскага музыканта і паэта Сяргея Старыкава – члена клуба “Арт-кафэ на Ірынінскай”, удзельніка многіх творчых праектаў Гомельскага аддзялення СПБ.

А пасля конкурсная камісія на чале з вядомым гомельскім паэтам і грамадскім, культурным дзеячам  Гомельшчыны Міхасём Болсунам пачала праслухоўванне. Перад камісіяй была няпростая задача: з лепшых чытальнікаў – выбраць найлепшых. Трэба адзначыць, што выступленні большасці фіналістаў 4 тура былі яркімі, эмацыянальнымі, хвалюючымі, што пацвярджалі глыбокае пранікненне вучнямі-чытальнікамі ў мастацкі твор, выдатным было і валоданне мовай апавядання.

Проза Барыса Сачанкі і Івана Мележа, Івана Шамякіна, Івана Сяркова, Віктара Казько і Міхася Даніленкі, Уладзіміра Гаўрыловіча і Васіля Ткачова, Валянціны Кадзетавай, Ганны Атрошчанкі, Раісы Дзейкун  — урыўкі з буйных і малых па форме мастацкіх творах  пранікнёна гучалі на сцэне гарадскога цэнтра культуры, а ў вачах прысутных нярэдка наварочваліся слёзы…

У зале прысутнілалі ў якасці ганаровых гасцей і многія пісьменнікі, творы якіх былі выбраны для чытання школьнікамі і навучэнцамі ліцэяў і каледжаў, і яны паўторна “прапускалі” праз сябе  напісанае, а затым, па завяршэнні спаборніцтва, звярнуліся да вучняў і настаўнікаў.

Горача падзякавалі ім за выбар мастацкіх твораў  Уладзімір Гаўрыловіч і Васіль Ткачоў, Раіса Дзейкун, Ганна Атрошчанка, Тамара Кручэнка, пісьменнікі падаравалі фіналістам конкурсу свае новыя кнігі, памятныя буклеты.  Напрыклад, Васіль Ткачоў падзяліўся сваімі набыткамі і кожнаму ўручыў буклеты з гумарэскамі.  На ўрачыстасці выступіла і член СПБ, галоўны рэдактар часопіса “Метамарфозы” Наталля Сляднева, якая зрабіла прэзентацыю выданняў, якія выпускае як рэдактар і таксама іх падаравала дзецям і дарослым. А член СПБ і празаік Раіса Дзейкун падзякавала за ўвагу да сваёй творчасці, прэзентавала свае новыя выданні і праекты юным чытальнікам і іх настаўнікам з усёй вобласці.

Пасля цікавай творчай сустрэчы з літаратарамі аддзялення СПБ конкурсная камісія падвяла вынікі праслухоўвання. Іх агучыў паэт Міхась Болсун.

Разам за старшынёй аддзялення СПБ Уладзімірам Гаўрыловічам яны ўручылі памятныя ўзнагароды і кніжныя падарункі лепшым чытальнікам Гомельскай вобласці.

                                                   Імі сталі:

Гран-пры конкурсу – вучаніца 8 класа  ДУА “Матнявіцкі дзіцячы сад-сярэдняя школа” Чачэрскага раёна  Алеся Жураўлёва ( настаўнік: Радзькова Ганна Іванаўна;  мастацкі твор – У.Гаўрыловіч, урывак з рамана “Цяпло маладзіка”).

1 месца –  вучаніца 11 класа ДУА “СШ №9 г. Жлобіна” Вікторыя Саўчук (настаўнік: Макуркіна Аксана Васільеўна; мастацкі твор – Б.Сачанка. “Апошнія і першыя”);

 1 месца   –  вучаніца ДУА “СШ №45 г. Гомеля Шкрабава Марыя  (настаўнік: Плескачэўская Т.П.; мастацкі твор —  В.Ткачоў. “Як сон знайшлі”.)

2 месца  –  вучань 11 класса ДУА “ СШ №2 г. Акцябрскі Ёўжанка Ілля (настаўнік Прахоцкая Ларыса Міхайлаўна; мастацкі твор – В. Лоўгач. “Падкузьміў”);

2 месца – вучаніца 8 класа ДУА “Гімназія г.Жыткавічы імя А.А. Ліхоты” Ксенія Рай (настаўнік: Струк Таццяна Уладзіміраўна; мастацкі твор – У.Гаўрыловіч  “Забранае шчасце”).

3 месца – вучань 7 класа ДУА “Макарыцкі дзіцячы сад-базавая школа” Петрыкаўскага раёна Крупа Уладзіслаў (настаўнік: Тарасевіч Святлана Анатольеўна; мастацкі твор – В.Кадзетава “Нямецкая каша”);

3 месца – вучань 8 “В” класа ДУА “Гімназія №10 г. Гомеля” Вячаслаў Дзеркачоў (настаўнік: Дзеркачова Вікторыя Сяргееўна; мастацкі твор – Б.Сачанка “Хлеб”).

Усе лаўрэаты атрымалі ў падарунак альманахі абласнога аддзялення СПБ “Літаратурная Гомельшчына”, аўтарскія кнігі пісьменнікаў абласной арганізацыі. Граматы і выдатныя наборы буклетаў пра кожнага члена Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі атрымалі ў падарунак ад пісьменніцкай сям’і Гомельшчыны і ўсе педагогі, якія падрыхтавалі лаўрэатаў абласнога конкурсу чытальнікаў.  

Цёплыя словы ад імя ўсіх фіналістаў і лаўрэатаў конкурсу адрасавала  яго арганізатару — абласному аддзяленню Саюза пісьменнікаў Беларусі — лаўрэат конкурсу, вучаніца 11 класа ДУА “СШ №9 г. Жлобіна” Саўчук Вікторыя: “ Шчыры дзякуй за такі цікавы, змястоўны, карысны і вельмі нам, школьнікам, патрэбны конкурс, шаноўныя пісьменнікі!”.

Пасля цёплых слоў і выступленняў членаў конкурснай камісіі (паэта Міхася Болсуна, паэткі і празаіка Г.Атрошчанка, маладога аўтара і музыканта, кіраўніка “Арт-кафэ на Ірынінскай” Дз. Нілава і іншых) працягваліся зацікаўленыя гутаркі вучняў і настаўнікаў з любімымі аўтарамі, сумеснае фатаграфаванне. 4 конкурсантам, якія выбралі для чытання мастацкі твор пісьменніка Уладзіміра Гарыловіча, аўтар падараваў свае кнігі “Палешукі”. Адзначыла кніжным падарункам выступленне юнай зямлячкі і Ганна Атрошчанка.  Кожнаму з 23 фіналістаў дасталіся ў падарунак ад паэткі Тамары Кручэнкі яе зборнікі вершай і публіцыстыкі…

Дарэчы, лаўрэаты  абласнога конкурсу чытальнікаў (1,2,3 месцы і Гран-пры) восенню 2019 года прымуць самы актыўны ўдзел ў XIV Міжнародным фестывалі-свяце “Славянскія літаратурныя дажынкі-2019” і ІІІ Форуме маладых літаратараў і аматараў мастацкай творчасці “Слова”. Тады, па задумцы арганізатараў, паміж імі пройдзе яшчэ адно творчае спаборніцтва.

Дзяніс ІВАНОЎ, прэс-служба Гомельскага абласнога аддзялення ГА “СПБ”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика