У аграгарадку Глінішчы Хойніцкага раёна прайшлі памятныя ўрачыстасці з нагоды 100-годдзя народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа. Прывітаць землякоў і аддаць даніну павагі класіку беларускай літаратуры на яго малую радзіму прыехалі пісьменнікі Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.

Нягледзячы на марознае надвор’е, на свята, якое распачалося ў цэнтры аграгарадка, сабралася шмат глінішчанцаў. Тут прайшоў памятны мітынг у гонар славутага пісьменніка-земляка.

Шчыра прывітала ўсіх прысутных старшыня Хойніцкага раённага Савета дэпутатаў Галіна Бондар, якая адзначыла, што сёння Глінішча — сучасны аграгарадок, які вырас між балот. Цудоўныя растуць тут дзеці, вучацца ў адметнай школе,  будаўніцтва якой ў свой час дабіўся менавіта класік беларускай літаратуры, а  мележаўская “Палеская хроніка” па-ранейшаму застаецца настольнай кнігай не толькі глінішчанцаў, але і ўсіх жыхароў раёна. Тое, што літаратурная спадчына Івана Мележа — інтэлектуальная скарбонка нацыі і яе духоўная аснова, а гэта тое, што нас аб’ядноўвае, таму з ёй трэба рухацца наперад і ўмацоўваць фундамент беларускай дзяржаўнасці, пераканана Анастасія Севярынец, старшыня Алексіцкага сельсавета. “Усё, што ў ва мне ёсць добрае і светлае, гэта ад Мележаўскага роду, я ўдзячна дзядзьку за тое, што я сёння моцны карэньчык ад яго моцных каранёў. Удзячна лёсу за тое, што таксама нарадзілася на тым селішчы, дзе нарадзіўся і Іван Паўлавіч, бегала тымі ж сцежкамі, што любіў і ён, каштавала той хлеб, які пякла і мая бабуля, Марыя Дзянісаўна, маці пісьменніка… Асаблівая падзяка землякам, якія так хораша шануюць памяць пра славутага творцу,  — такімі словамі вітала глінішчанцаў і гасцей урачыстасці родная пляменніца Івана Мележа, супрацоўніца  Хойніцкага раённага цэнтра культуры Лілія Краўчанка…

Да бюста легендарнага творцы, дзякуючы якому ўвесь свет даведаўся пра працалюбівых і шчырых палешукоў, пісьменнікі, прадстаўнікі мясцовых уладаў і жыхары аграгарадка ўсклалі кветкі.

Затым усе разам наведалі дом-музей класіка (афіцыйна цяпер — філіял Хойніцкага краязнаўчага музея). Шмат цікавага і дарослыя, і школьнікі даведаліся пра аўтара “Палескай хронікі”  ў час экскурсіі, якую правяла малодшы навуковы супрацоўнік Любоў Рубан .

Тут не толькі пабачылі ўнікальныя рэчы (напрыклад, мебельны гарнітур і друкарскую машынку, многія кнігі з уласнай бібліятэкі пісьменніка, якія выйшлі адразу пасля вайны… — перададзены ўстанове сям’ёй класіка) і шматлікія арыгіналы дакументаў беражліва захоўваюцца ў музеі, як самая вялікая каштоўнасць. Напрыклад, нядаўна знойдзены ўнікальны дакумент – рэестр новароджаных у 1921 годзе па Алексіцкаму сельсавету, дзе значыцца, што ў Глінішчах нарадзіўся Мележ Іван Паўлавіч, а дата нараджэння… 6 лютага. Гэтую загадку  – чаму ў сельсавеце запісалі хлопчыка двума днямі раней – не змаглі разгадаць ні родныя Мележа, ні даследчыкі дагэтуль… Прысутныя пачулі і хвалюючае выступленне Івана Паўлавіча на сваім апошнім юбілейным вечары, калі земляка прыбыў падтрымаць Глінішчанскі народны хор.

Вялікае Мележаўскае свята прадоўжылася ў Глінішчанскім цэнтры адпачынку прывітаннямі начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Хойніцкага райвыканкама Наталлі Ешчанка,  дырэктара Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя Леніна Марыны Рафеевай, якая агучыла прысутным у зале прывітальны адрас старшыні Гомельскага аблвыканкама Генадзя Салаўя.

Шэраг работнікаў галіны культуры былі адзначаны граматамі Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”  за ўшанаванне памяці і творчай спадчыны Івана Мележа, лаўрэата Ленінскай прэміі, актыўнага грамадскага дзеяча Беларусі. Старшыня абласнога аддзялення СПБ, лаўрэат абласной літаратурнай прэміі імя І.Мележа Уладзімір Гаўрыловіч,  уручыўшы іх,  таксама падзяліўся з землякамі пісьменніка сваімі ўражаннямі пра жыццёвы шлях класіка  (роўна два дзесяцігодзі таму на глінішчанскай сцэне яму быў уручаны дыплом лаўрэата мележаўскага конкурсу),  а яшчэ агучыў імёны пераможцаў адкрытага абласнога літаратурнага конкурсу “Белыя вішні і яблыні”, прысвечанага 100-годдзю Івана Мележа.

Дарэчы, сярод чатырох лаўрэатаў творчага спаборніцтва –  і Лілія Краўчанка, якая даслала на конкурс сваё апавяданне “Мутулін хлеб”. Фіналісткай конкурсу стала і юная глінішчанка – старшакласніца мясцовай школы-сада Ганна Зінавенка. Пад апладысменты землякоў класіка беларускай літаратуры ім былі ўручаны дыпломы абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

А яшчэ прыемнай падзеяй вечарыны, хоць і прагучалі ў запісе, стаў зварот да землякоў вядомага беларускага паэта, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Міколы Мятліцкага і віншаванне творчага калектыву Мазырскага драматычнага тэатра імя І.Мележа…

Тое, што жывуць на Палессі традыцыі продкаў, засведчылі на мележаўскім свяце яшчэ раз землякі славутага Мележа. Так, надзіва хораша ўпрыгожылі канцэртную праграму юбілею выступленні творчых вакальных калектываў:  гучалі песні з рэпертуару колішняга глінішчанскага народнага хору, любімая мележаўская песня “Растуць вербы каля грэблі” у выкананні хойніцкага ансамбля “Спадчына”,  школьнікі і старэйшыя ўдзельнікі мастацкай самадзейнаці падаравалі незабыўны палескі танец “Нарэчанька”. А завяршылася вялікае Мележаўскае свята каларытнымі песнямі, гумарыстычнымі кампазіцыямі, і нават танцамі, якія падаравалі суседзі з Ельска – удзельнікі народнага ансамбля народнай песні “Ялінка”.

Улад ПРЫАЗЁРНЫ

Фотаздымкі з газет “Гомельская праўда”.

 

Фотаздымкі газеты «Гомельская праўда».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика