Цікавы вершаваны праект ажыццявіла гомельская паэтэса Лідзія Долбікава. Творца стварыла незвычайны буквар – напісала цыкл вершаў пра жывёл і птушак на кожную літару алфавіта.  

Зарыфмаваныя радкі, якія вельмі лёгка запамінаюцца і аздоблены вельмі прыгожымі малюнкамі, зрабілі яе  “Мульцяшны жывы буквар у вершах і малюнках” вельмі прывабным, маляўнічым. Адразу пасля выхаду з друку ў  “Выдавецкім доме “Гомельская праўда”  незвычайны буквар стаў выдатным падарункам для дзетак дашкольнага ўзросту.

Яркая, займальная кніжка, якую не толькі прыемна чытаць, проста гартаць і разглядаць малюнкі, носіць не толькі інфармацыйны характар, а мае яшчэ і практычнае, развіваючае значэнне для маленькіх дзяцей.

Пагадзіцеся: наўрад многія нават дарослыя не здагадваюцца, дзе, напрыклад, жыве Альпака? Гэтая прыгожая і разумная жывёліна водзіцца на тэрыторыі Перуанскіх Анд – носьбіт унікальнай поўсці альпака. З усіх шэрсцяных валокнаў, якія існуюць у свеце, яе шэрсць самая дарагая і з яе вырабляюць тканіну, надзеленую ўнікальнымі ўласцівасцямі…

А ці ўсё нават мы, дарослыя, ведаем пра бегемота, вярблюда, гепарда, насарога, панду, жырафа,  шыншылу ці начнога госця – пугача? Паэтэса ж здолела вобразна, маляўніча і даступна распавесці дзеткам пра іх свет, павадкі і звычкі, пра тое што яны любяць і каго з іх трэба асцерагацца нават людзям. Практычнае ж значэнне кніжкі яшчэ заключаецца і ў тым, што яна дапамагае самым маленькім дзеткам упершыню пазнаёміцца з правапісам літар, нават выпрацаваць прыгоды почырк, а яшчэ запомніць іх друкаваны варыянт.  

Дарэчы, Лідзія Долбікава – аўтар некалькіх кніг паэзіі, дагэтуль арыетаваных толькі на дарослую аудыторыю. А вось да дзіцячай тэматыкі звярнулася параўнальна нядаўна. І не выпадкова. Паэтэса – багатая на ўнукаў,  а нядаўна ў сям’і нарадзілася і праўнучка, якую ў гонар сваёй любімай бабулі бацькі нованароджанай, яе ўнукі,  назвалі Лідачкай. Паэтэса прызнаецца: адважылася пісаць вершаваныя радкі спачатку для іх, у думках адрасуючы іх сваім маленькім ўнукам і праўнукам. А пасля асмелілася прачытаць… І ім – першым чытачам – яе творы так спадабаліся, што паэтэса вырашыла падараваць іх усім маленькім беларусам. Прэм’ерны ў яе творчасці падарунак для дзятвы атрымаўся на славу!

Уладзімір ГАЎРЫЛОВІЧ, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.

Яндекс.Метрика