


24 сакавіка споўнілася 75 гадоў вядомаму беларускаму пісьменніку Уладзіміру Пятровічу Саламаха, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі Беларусі, Нацыянальнай літаратурнай прэміі і іншых дзяржаўных і творчых узнагарод.
Нарадзіўся Уладзімір Пятровіч у в. Бераснёўка Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці. У 1975 г. скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў старшым рэдактарам у Дзяржаўным камітэце Беларусі па кінематаграфіі (1975 ‒ 1983), намеснікам дырэктара РВУ “Літаратура і мастацтва”, галоўным рэдактарам часопіса “Вожык”, выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі”, рэдактарам аддзела прозы ў часопісе “Полымя”.
Першыя апавяданні У. Саламахі надрукаваны ў 1977 г. у часопісе “Маладосць”. Ён аўтар зборнікаў “На ўзмежку радасці”, (1980), “Заўтра ў дарогу” (1985), “Кавалёк ‒ лесавая былінка” (1988), “Цяпло чужога сэрца” (1990), “Прывід у скураным крэсле” (1994), “Апазнаецца асоба мужчыны…” (1998), “Напрадвесні” (2001), “Там, дзе самота і радасці…” (2010), “І няма шляху чужога” (2014), “Сустрэчы без развітання” (2016) і інш. Некаторыя творы пісьменніка перакладзены на рускую, украінскую, эстонскую і інш. мовы. Ён ‒ аўтар шэрагу сцэнарыяў, па якіх былі зняты дакументальныя і мультыплікацыйныя фільмы.
Уладзімір Пятровіч даўно і шчыра сябруе з Гомельскай абласной пісьменніцкай арганізацыяй. Неаднаразова выдатны мастак слова Беларусі быў старшынёй журы шэрагу абласных літаратурных конкурсаў. За апошнія некалькі гадоў таленавіты публіцыст апублікаваў у рэспубліканскім друку дзясяткі рэцэнзій на мастацкія творы пісьменнікаў-гамяльчан, літаратуразнаўчыя артыкулы пра палескіх творцаў неаднаразова ўключаў у аўтарскія зборнікі публіцыстыкі.
За плённае супрацоўніцтва з Гомельскім абласным аддзяленнем СПБ ўзнагароджаны памятным медалём “Кірыла Тураўскі. Асветнік”.
Мне, як стваральніку і рэдактару літаратурна-мастацкага, культурна-асветніцкага праекта міжнароднага альманаха “Літара. Литера. Літера” прыемна паведаміць чытачам, што аб’яднаны нумар чарговага альманаха “Літара. Литера. Літера” (№11-12, 2024 г.), з нагоды слаўнага юбілею таленавітага творцы, пачынаецца менавіта аповесцю Уладзіміра Саламахі “Перакулены свет”. Твор надрукаваны цалкам, без скарачэнняў, у аўтарскай рэдакцыі. А сігнальны экзэмпляр выдання дасланы цудоўнаму беларускаму празаіку, публіцысту, крытыку і сцэнарысту, настаўніку творчай моладзі напярэданні юбілейнага дня нараджэння! Спадзяемся, што чытачы міжнароднага альманаха прымуць гэты высокамастацкі твор сэрцам і душой!
Віншую шаноўнага Уладзіміра Пятровіча з юбілеем!
Жадаю моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту і творчага даўгалецця!
Са шчырай павагай –
Уладзімір Гаўрыловіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь.
