(Пра творчасць Васіля Ткачова)

Напэўна, шчаслівы той аўтар, калі чытач ці глядач, пасля знаёмства з яго творамі, адчуе раптам у сабе неспадзеўнае трапяткое хваляванне, калі ў памяці, нібы на палатне пацямнелага ад часу экрана, пракруцяцца кадры нечага свайго, патаемнага, разбудзіўшы пачуцці і ўспаміны, а лёс герояў гэтых твораў, падзеі, што адлюстраваны ў іх, стануць неабыякавымі табе, узварухнуць, прымусяць сэрца зашчымець ад болю ці захліпнуцца ад радасці. Менавіта штосьці такое, па часе далёкае, а для сэрца блізкае ўзрушэнне перажыў я асабіста, узяўшыся чытаць раман Васіля Ткачова «Дом камуны», які ўвайшоў у яго кнігу прозы «Снукер».

Падзеі, якія ўзнаўляе аўтар, разгортваюцца ў горадзе над Сожам у самым пачатку завірушных 90-х гадоў мінулага ўжо стагоддзя, калі Дом камуны, гэты знакаміты ў Гомелі гмах, цудам ацалелы ў вайну, пасля «перабудовы» больш нагадваў «разбуранае гняздо», чым той, якім застаўся ў памяці гараджан, яго колішніх жыхароў, у маёй памяці. Тады мне, галоднаму вясковаму падшыванцу, часам усміхалася шчасце на нейкі тыдзень-другі рабіцца гарадскім, ласавацца куплёным хлебам — гасцяваць у цёткі Дар’і і дзядзькі Максіма, якія здымалі жыллё ў чатырохкватэрнай драўлянай будыніне нейкага домаўласніка побліз чыгуначнага вакзала, на вуліцы Мінскай. Мяне балюча даймалі груды бітай цэглы і шкла, з-за якіх не паспявалі зажываць босыя ногі, здзіўлялі зямлянкі, зараснікі дзядоўніку і лебяды з мэканнем коз на прывязі. А за нейкіх дзвесце-трыста крокаў адгэтуль белакаменна ўзвышаўся ён, Дом камуны. Памятаю, усе, хто туліўся ў гэтых прывакзальных трушчобах, непрыхавана зайздросцілі тым, каму нейкім чынам пашчасціла займець куток у Доме камуны, дзе ў людзей былі, здавалася б, усе выгоды, якія могуць толькі быць. Нідзе больш, толькі ў Доме камуны можна было прама ў двары ў суботнія дні бясплатна паглядзець кіно. Мне са стрыечнымі братамі ўдавалася трапляць на свята «кіна», бо там цётка Дар’я працавала прыбіральшчыцай. А яшчэ «…свае былі ў доме слесары, свой кравец, свой шавец… На вуглах дома, з праспекта Леніна, былі ларкі: у адным прадавалі розныя прысмакі, пончыкі і піражкі, а ў другім мужчыны пілі піва. Пасярод, на першым паверсе — крамы…» Як і адна з гераінь рамана Ларыса Сяргееўна ў маленстве, я таксама потайкам ад цёткі (баялася, каб не нарваўся на задзірастых домкамунаўскіх падшыванцаў) «бегаў глядзець, чым там гандлююць. Нібы на экскурсію ў музей…»

Усё — праўда. Чытаючы гэтыя радкі, я, здаецца, нанава адчуў смак тых смажаных у алеі пончыкаў, купленых за цётчыны капейкі, здаецца, зноў гляджу і не веру вачам, што апрача звыклых для вясковых крам «падушачак» ёсць яшчэ шакаладныя цукеркі, фігурныя, вырабленыя пад зайчыкаў ды вавёрачак, у срабрыстых абгортках, па шалёнай на той час цане — ажно 175 сталінскіх рублёў за кілаграм! Адно недаўменна цюкала тады ў галаву: няўжо ёсць такія багацеі, што купляюць іх?

Чаму я ўсё гэта прыгадаў? Каб сваёй выпадковай прычыннасцю да таго часу, пра які апавядаецца ў рамане, да месца падзей, хоць трошкі ды пацвердзіць карпатлівасць таго пошуку, які правёў аўтар, працуючы над ім, таго старання, каб усё ў творы было праўдзіва, дакладна, бо «Дом камуны» — твор, на маю думку, у пэўнай ступені гістарычны і па ім, магчыма, пазнейшыя даследчыкі змогуць атрымаць належнае ўяўленне, што за час быў, у якім нам выпала жыць, якімі былі нашы ідэалы і ўзаемаадносіны, чым кіраваліся ў жыцці, што было вышэй — любоў і спагада, сумленне і чысціня пачуццяў, дабрыня і міласэрнасць, творчы ўздым і духоўнасць ці прага да багацця, сквапнасць, жорсткасць і раўнадушша, якія калечылі душы людзей, рабілі іх глухімі да чалавечага болю, духоўна спустошанымі шукальнікамі прывіднага шчасця?

Эпіграфам да свайго рамана Васіль Ткачоў паставіў словы: «У кожнага дома ёсць свая гісторыя. Яна непарыўна звязана з гісторыяй горада, з гісторыяй краіны». У гэтых словах — уся задума аўтара, яго імкненне з назіральнасцю летапісца адлюстраваць ход падзей, перадаць тую атмасферу, што панавала ў грамадстве на заранку нашай незалежнасці, разняволіўшы думкі, свядомасць і ўчынкі людзей. Як і той Дом камуны, твор густа населены мноствам персанажаў самых розных катэгорый — ад пакрыўджаных жыццём пенсіянераў і людзей творчых прафесій да прадстаўнікоў уладна-партыйнай эліты, чыноўнікаў, якія, страціўшы высокія пасады, хутка пераарыентаваліся, пераселі ў крэслы ў цянётах бізнэсу, паспяхова авалодалі навукай «прыхватызацыі», не засталіся пакрыўджанымі, займеўшы статус «новых беларусаў».

Падзеі, што адбываюцца ў горадзе над Сожам і ў яго ваколіцах, нярэдка нагадваюць дэтэктыў. Цікава яшчэ і тое, што многія персанажы твора ўзяты з жыцця, нібы перафатаграфаваны аўтарам з рэальных асоб, нават той жа аблашчаны Бахусам радыёжурналіст Валодзька — «сімбіёз акцёра і паэта-фантазёра». Лічу, гэты вобраз найбольш удаўся аўтару.

Галоўны герой твора — старажыхар Дома камуны Сцяпан Хамянок. Жыццё не песціла яго: у свой час «за доўгі язык» трапіў на Поўнач, «здабываў у шахце вугаль адбойным малатком». За што, азіраючыся з вяршыні пражытых гадоў, не заўсёды крыўдуе: «загартаваўся там, няма чаго казаць. Таму і клыпаю ўжо амаль восемдзесят, і чарку калі бяру, то рука не трымціць». Калі з-за аварыйнага стану былога «дома шчаслівай будучыні» аўдавелага старога высялялі з наседжанага кутка, ён усё ж дамогся, каб яму вымеркавалі кватэрку якраз насупраць Дома камуны, з акном на яго. Каб у любы час сутак «мог на белы свет глядзець. І на Дом камуны». Гарвыканкамаўцы спадзяваліся, што ён адмовіцца, бо кватэра была на апошнім, чацвёртым паверсе. «Інвалід жа, без нагі, як ён будзе забірацца ў сваё гняздо, як выходзіць з яго на двор? Не на парашуце ж. Але пралічыліся. Хамянок адразу пагадзіўся, і твар яго свяціўся, быў лагодны, нібы пра такую кватэрку ён толькі і марыў». Шмат людзей перабывала ў кватэры Хамянка. І знаёмых, і зусім незнаёмых. Адны з Валодзькам «прыходзяць гамузам», і тады тут стаіць гул і лямант, бесперастанку гучаць песні, а другія — тая ж суседка Кацярына Іванаўна, — пагаварыць па душах, падзяліцца сваёй бядою, а, бывае, і нейкім пробліскам радасці. Ён ні перад кім не зачыняе дзверы, нікога не адпрэчвае, бо прывык, пражыўшы ў Доме камуны дзясяткі гадоў, да пастаяннага людскога віравароту, да суседства, дзе ўсе былі адзін аднаму — як адна сям’я, як радня, асабліва не таіліся ні ў чым. Ён ведае, што ўжо не вернецца ў дом, які змушаны быў пакінуць, але ж хвалюе, не пакідае думка: хто заселіцца туды, якія людзі прыйдуць нанава абжываць яго, чым дыхаюць яны?.. А навасёлы, як паведаміў яму Валодзька, ужо з’явіліся ў Доме камуны, але «шумяць пад музыку, а карысці ад іх ніякай: бутэлькі замежныя выносяць раніцай на сметнік, такія ў нас не прымаюць…» Ці прымусяць іх задумацца радкі ў сшытку, пакінутыя Сцяпанам Хамянком: «Калі ёсць на небе Бог, то на зямлі наш Горад. Божа, зберажы яго!..»

Проза Васіля Ткачова даўно ўжо стала адметнай з’явай у нашай літаратуры. Яна прываблівае любоўю да чалавека, да свайго, зямнога, свежасцю думкі, вобразнасцю, каларытнымі запамінальнымі персанажамі, досціпам народнага гумару, жывой мовай. Не ведаю, як хто, а я яшчэ раз, нібыта ўпершыню, з задавальненнем перачытаў аповесці «Участковы і фокуснік» і «Гульня», а таксама многія апавяданні, што раней змяшчаліся ў нашых літаратурных выданнях, а цяпер убачылі свет, сабраныя як добрыя, разважліва-памяркоўныя сябры-суразмоўцы пад дахам зборніка «Снукер». У іх пісьменнік з прыроджанай, прысутнай толькі яму, мастацкай хваткай у які ўжо раз паказаў сябе адмысловым майстрам інтрыгі, навізны сюжэта, нечаканых паваротаў у ім, умельствам знайсці такое, што бярэ цябе ў палон і не адпускае ад першай да апошняй старонкі, прасвятляе нейкай патаемнай сімпатыяй да тых, пра каго ён расказвае. Не ўсе яго героі — анёлкі, не ва ўсіх склалася жыццё так, як хацелася б, але ўсе яны — людзі, жывыя людзі, і ва ўсіх свой унутраны свет, свая псіхалогія, свая душа, у якой, нягледзячы на ўсе супярэчнасці, на ўсе выбрыкі лёсу, не згасаюць іскрынкі чалавечнасці, дабрыні і спагаднасці, часам ужо змяльчэлай, прыглухлай ад няўмольнай рэчаіснасці, але — годнай, вартай прыстойнага стаўлення да сваёй асобы.

Засяроджуся толькі на адным апавяданні — «Эмчээсавец». Сур’ёзна захварэў Сцяпан Філімончык — слесар мясцовага завода, гарманіст і спявак. А чаму Эмчээсавец? Жонка прыклала да яго такую мянушку. Суседзі і знаёмыя прынялі яе. Сцяпанам мала калі называюць, больш — Эмчээсаўцам. Ён і не крыўдуе. Бо яно так і ёсць, тут чысцейшая праўда: калі што дзе — адразу да Сцяпана: «Выручай, сусед!»

Трэба было рабіць аперацыю. Патрабаваліся грошы, якіх у сям’і Філімончыкаў на той момант не мелася. Дачуліся суседзі: «Сцяпана трэба ратаваць, трэба!» Як яно вядзецца ў нас, кінуліся збіраць грошы па пад’ездах. Не надта ўзрадавала, як падалося, такая ініцыятыва суседзяў Кольку — «добрага выпівоху, чалавека-пустацвета»: «І задачу вы перада мной паставілі: мне таксама хочацца Сцёпку выручыць, але як? Грошай у мяне… самі ведаеце… А хто пазычыць? Скажу, што на лячэнне Эмчээсаўца, дык не павераць жа! Зноў, скажуць, прыдумаў, каб нажлукціцца…»

Не спатрэбіліся грошы, не прыняла іх ад зборшчыкаў Сцяпанава жонка Антаніна: «Не трэба ўжо гроошы. У нас цяпер такія аперацыі робяць за дзяржаўны кошт. Праўда, толькі ў Мінску… А грошы вярніце людзям. І ўсім, хто адгукнуўся на наш боль з вашай, канешне ж, дапамогай, скажыце вялікі дзякуй. Эмчээсавец, калі, дай Божа, усё абыдзецца, будзе добра, таксама падзякуе…

Трэнькнуў званок, Антаніна адчыніла дзверы, і на парозе ўсе ўбачылі Кольку. Ён шырока ўсміхаўся бяззубым ротам, а ў руцэ трымаў перад сабой адной паперкай пяць тысяч.

— Пазычыў на падмогу Эмчээсаўцу, паверыў новы сусед з першай кватэры. Дай, кажу, пяць тысяч. На тое і на тое. Ён нічога не сказаў, моўчкі вынес і даў. Каб парасіў дзесяць, ён бы, адчуваю, і дзесяць тысяч не пашкадаваў. Тады мне хапіла б яшчэ і на бутэльку. А не прапіў! Цярэшка, запішы мяне ў свой талмуд… Я ж, верыце ці не, гадзіну назад грошы гэтыя пазычыў… і ўвесь час вагаўся: ці ў краму бегчы за віном, ці аддаць на талаку… Думаеце, лёгка мне было? Гадзіна годам здалася…»

Вобразы, створаныя пісьменнікам, здаецца, сыходзяць са старонак кнігі да чытача, як з падмосткаў тэатральнай сцэны. Яны паўстаюць перад ім — як жывыя рэальныя людзі, ён бачыць іх учынкі, чуе мноства іх маналогаў, гісторый, у якіх цесна перапляліся трагічнае з камічным, народжанае аўтарскай фантазіяй з рэаліямі сучаснага жыцця-быцця, з горкай праўдаю, з нашай будзённасцю. Нялёгка ім, вяскоўцам і гараджанам, выкручвацца, знаходзіць сябе, праходзіць «адаптацыю», і сацыяльна-бытавую і маральна-псіхалагічную, трапіўшы ў палон сённяшніх прывідна-ўсцешных спакус і захапленняў, уяўнага дабрабыту і душэўнай заспакоенасці, калі ад мінулага, якім дагэтуль жылі, застаўся толькі цень, а абрысы заўтрашняга лепшага дня яшчэ слаба праглядваюцца ў прысмужанай далечыні невядомай будучыні. Таму і бачым мы іх такімі, якія яны ёсць, у апавяданнях «Тратнік», «Стажок», «Адаптацыя», «Дзень шахцёра», «Дарога», «Кассё», «Рэба», «Свята», «Цывілізацыя», «Едзе сена на калёсах», «Конь бабы Дуні», «Кватэра ў Омску», «Чабаток», «Раб чмяля»… Дарэчы, апошнія два ў свой час друкаваліся ў газеце «Звязда», а іх аўтар Васіль Ткачоў двойчы станавіўся лаўрэатам літаратурных конкурсаў, якія праводзяцца рэдакцыяй газеты.

Шмат прыхільнікаў займела, шмат станоўчых водгукаў у свой адрас атрымала цікавая, самабытная драматургія Васіля Ткачова. Яго пь’есы з поспехам ставіліся (і ставяцца!) на сцэнах многіх прафесійных і  народных тэатраў у Беларусі, а таксама ў суседніх рэспубліках, гучалі ў радыёэфіры. Не дзіўна, што і ў гэтым жанры пісьменнік застаецца верны свайму мастакоўскаму крэда, выбару душы: з цеплынёй і павагай піша пра сваіх землякоў, пра іх жыццё, парушанае Чарнобыльскай бядой, пра нашых сучаснікаў. У кнігу, пра якую ідзе гаворка, аўтар уключыў два драматургічныя творы — «Снукер» і «Курорт для зяця». Як і ў большасці яго трагікамедыйных твораў, у іх шмат займальных сцэн і дыялогаў, вынаходлівасці і досціпу, жартоўных інтанацыі і… аптымізму: спадзявайся на сябе — і ўдача не пройдзе міма.

Як паказвае жыццё, крызісы здараюцца не толькі ў эканоміцы, яны балюча адбіваюцца таксама на творчай сферы дзейнасці. Пасля сумнавядомых перабудовачных узрушэнняў многія нашы літаратары ў разгубленасці апусцілі рукі, знізілі актыўнасць, а то і зусім спыніліся на раздарожжы, прымоўклі. На шчасце такога крызіснага заняпаду не адбылося ў творчасці Васіля Ткачова. Ён з ранейшай нястомнасцю працягвае працаваць, не зрэдчас, а пастаянна радуючы чытачоў, прыхільнікаў свайго яскравага таленту арыгінальнымі здабыткамі ў прозе, драматургіі, публіцыстыцы, дзіцячай літаратуры. Выхад новых кніг «Так і жывём, брат», «Варона», «Апошні», «Жыла-была ёлачка» і «Высокі страх» — яшчэ адзін важкі доказ гэтаму.

А чаму я засяродзіўся на кнізе прозы «Снукер»? Ды найболей таму, што яе можна лічыць знакавай у творчасці пісьменніка. Па-першае, гэта кніга выйшла ў пачэснай серыі «Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі», а па-другое, была вылучана і ўганаравана прэміяй Федэрацыі прафсаюзаў нашай краіны ў галіне літаратуры за 2011 год, што лішні раз надзвычай пераканаўча пацвердзіла вартасць і важкасць творчага набытку гэтага адмысловага майстра мастацкага слова з берагоў Сожа.

P. S. Канечне ж, ён, Васіль Ткачоў, ад прыроды надзелены адмысловым дарам гумарыста і жартаўніка, норавам вясёлага чалавека, не мог, каб надзвычай яскрава не пакарыстацца ім у сваёй творчасці, не перанесці яго ў шматлікія вясёлыя гісторыі, якія з часам трапілі не толькі ў сюжэты сцэнічных твораў, а засведчыліся выхадам сатырычна-гумарыстычных зборнікаў «Смех на прызбе», «Карасі на пяску», «Крутыя хлопцы».

Першая з іх выйшла ў 1995 годзе. Хоць той час, як бачна з рамана «Дом камуны», быў не дужа спрыяльны, настраёва-радасны для людзей, творчая вечарына Васіля Ткачова, самая першая ў ягоным літаратурным жыцці, мела выразна акрэслены характар, падмацаваны імкненнем палепшыць настрой усім, хто сабраўся тады ў каміннай зале Дома літаратара.

«Па дарозе ў Аўцюкі» — крышку нязвыкла і загадкава вызначыў аўтар змест і напрамак сваёй вечарыны. У тыя самыя Аўцюкі, якія знаходзяцца ў Калінкавіцкім раёне, і якім суджана было ўлетку 1995 года стаць яшчэ адной сталіцай, але ўжо — беларускага гумару. Памятаю, на тую літаратурную вечарыну завітаў і народны пісьменнік Беларусі Іван Пятровіч Шамякін. Не проста завітаў, каб пасядзець ды моўчкі паўсміхацца, слухаючы розныя жартоўна-дасціпныя гісторыі, на якія не скупіўся здатны на выдумку аўтар, а сказаў пра яго цёплыя словы, падбадзёрыўшы прызнаннем, што даўно сочыць за творчасцю маладзейшага таварыша, чытаў усё, што надрукавана ім.

Тая памятная для маладога пісьменніка Васіля Ткачова творчая вечарына адбылася 3 сакавіка 1995 года. Адкуль такая дакладнасць? Мабыць, гэта падзея паспела б сцерціся ды знікнуць за даляглядам памяці, калі б не захаваліся ў маім дамашнім архіве старонкі з радкамі сяброўскага прысвячэння: «Васілю Ткачову — з нагоды яго творчай вечарыны “Па дарозе ў Аўцюкі”». Спадзяюся, яны, як і тады, магчыма, прымусяць некага цёпла ўсміхнуцца, як і ўсё тое, што прагучала ў той вечар у Доме літаратара, і што выйшла пазней з-пад пяра таленавітага творцы Васіля Ткачова.

А адкуль у маім прысвячэнні ўзяўся «нож шчарбаты»? Ды яго «падкінуў» сам віноўнік згаданай вечарыны: менавіта з апавяданнем «Шчарбаты нож», якое было змешчана ў студзеньскім нумары часопіса «Вясёлка» за 1966 год, увайшоў у нашу літаратуру, стаў яе прызнаным майстрам семнаццацігадовы Васіль Ткачоў, будучы на той час яшчэ вучнем Ільічоўскай СШ Рагачоўскага раёна. Як было не ўхапіцца за такі красамоўны факт у яго творчай біяграфіі, калі гэтаму цалкам адпавядаў той настрой, які панаваў на вечарыне?

Хоць на творы стаў багатым,

Як «Вясёлку» не згадаць:

Пачынаў з НАЖОМ ШЧАРБАТЫМ

Першы твор тут прабіваць.

Развітаўшыся з вучобай,

З тым НАЖОМ пайшоў у свет…

Рукі ўпраўныя ў Ткачова —

За сюжэтам тчэ сюжэт.

Прозы ўжо — на кілаграмы,

Ўсю не ўціснуць у тэмплан.

Ёсць камедыі,

Ёсць драмы,

Ёсць задумак на раман.

Што такое будзе жніва,

Сам, напэўна, не гадаў:

Нават Дудараў пачціва

Неяк раз руку падаў.

Акрылёны Аляксеем,

Не драмаў Васіль, не спаў:

Да Масквы аж, да Расеі

З Гомля з п’есамі дапяў.

А яшчэ, скажу да слова,

Тым, хто чуць яго не змог, —

У Ткачова з Ільічова,

Што паблізу Рагачова, —

Рогат ленінскі, дальбог!

Дзе Ткачоў — грыміць гамонка,

Языку не адпачнуць…

Смейся, Вася,

Смецся звонка,

Ды апошнім, брат, не будзь!

Ты на творы стаў багатым,

На сыноў, што весняць дні,

Ды адстаў ад лаўрэатаў…

Дагані іх, да-га-ні!

І быццам прыслухаўся, дагнаў! А ў нечым нават — і перагнаў! Калі прыгадаць усе яго літаратурныя ўзнагароды, то іх з добры дзясятяк набярэцца. Найбольш значнымі, прэстыжнымі, напэўна ж, трэба лічыць згаданую ўжо прэмію Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, якою адзначана яго кніга «Снукер», а таксама Нацыянальную літаратурную прэмію ў намінацыі «Драматургія», што была яму прысуджана ў 2017 годзе за кнігу «Характары». І яшчэ адзін надзвычай хвалюючы момант у сваім жыцці давялося перажыць Васілю Юр’евічу годам раней — землякі ўшанавалі яго пачэсным званнем Ганаровага грамадзяніна Рагачоўскага раёна. Таго раёна, дзе нарадзіўся і вырас, адкуль зрабіў першыя крокі ў таямнічы свет роднай літаратуры. І вельмі сімвалічна, што пасведчанне ганаровага грамадзяніна яму ўручылі якраз на святкаванні Дня беларускага пісьменства, якое адбылося на радзіме пісьменніка ў горадзе Рагачове. Хіба шмат каму з творцаў выпадае такі гонар?!

З кнігі “Свая ёсць песня….”

Мікола Чарняўскі

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика