

У трэцяй навучальнай чвэрці актыўна працягваецца пазакласная выхаваўчая работа з вучнямі 8-11 класаў горада над Сожам у Школе міру, мужнасці і патрыятызму, створанай у бягучым навучальным годзе Гомельскім абласным аддзяленнем ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” пры падтрымцы Галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама і абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І.Леніна.
Студзеньскія заняткі ў пазакласным фарміраванні наведалі старшакласнікі трох навучальных устаноў горада над Сожам – сярэдняй школы №3 імя Героя Савецкага Саюза Д.Н.Пенязькова, а таксама гарадскіх гімназій №71 і №36 імя народнага пісьменніка Беларусі І.П.Мележа.
“Героі ў мастацкіх творах класікаў і сучасных творцаў”, “У жыцці заўсёды ёсць месца подзвігу”, “Гомельшчына – зямля патрыётаў і талентаў” – так называліся ўрокі, якія правялі пісьменнікі, што выступалі ў ролі настаўнікаў, Уладзімір Гаўрыловіч, Тамара Кручэнка і Лідзія Долбікава. Усе тры двухгадзінныя заняткі былі прысвечаны 85-гадоваму юбілею Гомельскай вобласці.
Так, на першым уроку слухачы Школы згадвалі творчасць земляка-юбіляра Васіля Ткачова (1 студзеня яму споўнілася б 75 гадоў), аналізавалі патрыятычныя творы Івана Сяркова, Міколы Гамолкі, Ізяслава Катлярова і Соф’і Шах, Уладзіміра Гаўрыловіча, узгадвалі класікаў беларускай і шматнацыянальнай савецкай літаратуры, вялі шматгранную размову пра мінулае і сённяшні дзень, сацыяльна-эканамічны стан сваёй роднай вобласці.


У цэнтры ўвагі двух наступных заняткаў размова пісьменнікаў і вучняў ішла пра аднаўленне Гомельскай вобласці пасля Вялікай Айчыннай вайны і яе сённяшнія набыткі ў эканамічным, сацыяльным і духоўным накірунках, пра тое, як гэтыя падзеі адлюстроўваліся ў мастацкіх творах пісьменнікаў-землякоў, як савецкага часу, так і сённяшняга дня. Напрыклад, згадваліся творчыя дасягненні пісьменнікаў-землякоў Івана Сяркова, Анатоля Грачанікава, Уладзіміра Верамейчыка, Міколы Мятліцкага, Васіля Ткачова, іншых таленавітых творцаў.

Традыцыйна літаратары-настаўнікі распавялі дзецям і пра сваю творчасць і літаратурныя набыткі сваіх калег, арганізавалі невялічкія прэзентацыі калектыўных зборнікаў аддзялення і ўласных кніг, чым прызывалі дзяцей любіць сваю малую і вялікую Радзіму, ганарыцца ёю. Так, вялікую цікавасць у вучняў выклікаў новы гістарыка-пазнавальны, сацыяльна-праблематычны раман-версія “Па веры вашай…” Уладзіміра Гаўрыловіча.

Слухачы Школы міру, мужнасці і патрыятызму таксама запрашаліся да ўдзелу ў штогоднім патрыятычным літаратурным конкурсе “Незабыўны подзвіг. Міша Мароз” і на кожным занятку старшакласнікі мелі магчымасць паглядзець дакументальны фільм “Шагнул первым” пра подзвіг юнака-палешука з Палесся Міхаіла Мароза, які ў 80-я гады цаной уласнага жыцця адвёў бяду ад аднагрупнікаў – вынес з бульбянога поля на Дубровеншчыне фашысцкі снарад.


Шмат уражанняў пакінула ў юнакоў і дзяўчынак наведванне экспазіцый Музея літаратуры Гомельшчыны, створанага на базе абласной бібліятэкі. У адпаведнасці з вучэбным планам Школы для вучняў кожнай з навучальных устаноў кіраўніком краязнаўчага аддзела Алінай Харлан і яе калегамі былі праведзены цікавыя экскурсіі, прысвечаныя літаратарам-франтавікам, ураджэнцам Гомельшчыны – народным пісьменнікам Беларусі Івану Мележу, Івану Шамякіну, Івану Навуменку і Андрэю Макаёнку.
– Пасля правядзення кожнага ўроку міру, мужнасці і патрыятызму мы заўважаем добрыя перамены ў большасці нашых юных слухачоў, непадробную іх зацікаўленасць да мастацкага слова і літаратуры, гонар за нашу краіну, дзе кожны пры жаданні можа рэалізаваць сваю мару, калі будзе ў нас і навокал мір і шчаслівае жыццё, – падкрэслівае дырэктар Школы, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, пісьменнік Уладзімір Гаўрыловіч. І дадае: – А гэта значыць, наша праца – не дарэмная, мы, літаратары разам з бібліятэкарамі-партнёрамі, на правільным шляху, каб дастукацца да сэрцаў вучняў.
МІКАЛАЙ ІГНАТОВІЧ
На здымках: у час урокаў міру, мужнасці і патрыятызу.