Роздум пісьменніка  Уладзіміра Саламахі

Творчы дыяпазон гэтага пісьменніка надзвычай шырокі.  Проза і драматургія,  нарысы і публіцыстыка, сатыра і гумар… А створанае ім, Васілём Ткачовым, лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі, а таксама  іншых літаратурных прэмій, шмат гадоў запатрабавана чытачом і гледачом, і іх цікавасць да напісанага ім з часам ўзрастае. І не толькі ў нас. Калі, напрыклад, узяць яго п’есы для дарослых і юных, дык яны  з нязменным поспехам ішлі і ідуць у шэрагу прафесійных і народных тэатраў нашай рэспублікі.  Больш таго, толькі сёння ў расійскіх тэатрах па яго п’есах, заўважу, заснаваных на беларускім матэрыяле — амаль 30 пастановак: Усурыйск, Нафтаюганск, Уфа, Кустанай і інш…

    Чытачы заўважаць: “Жыццёвінкі” Васіля Ткачова друкаваліся  ў “СГ”. Так, ён даражыць сваім вясковым чытачом — сам з вёскі.  Ды і большасць яго персанажаў  адтуль, або каранямі з яе. А “Жыццёвінкі” – былі з рэчаіснасці, у якіх яны і дзейнічаюць.  І ў гэтых былях, сведкам якіх з’яўляецца аўтар,  ён праз асабістае таго або іншага чалавека выяўляе  агульнае ў жыцці і вяскоўцаў і гараджан: мы розныя, але ў многім  аднолькавыя. Асабліва, калі трэба некага зразумець, ды падтрымаць: так здаўна між людзей. Пры тым пісьменнік не супрацьпастаўляе як людзей вяскоўцаў гараджанам, і наадварот. Ён нібыта кажа, што мы – адно цэлае, што надзвычай важна ў паўсядзённым жыцці. А вось асобных індывідумаў і тут і там – сутыкае. Але не абразліва, а стараючыся зразумець іх. На гэтым часта  будуецца драматургія яго твораў увогуле.

    Васіль Юр’евіч Ткачоў нарадзіўся 1.1.1948 года ў в.Гута Рагачоўскага раёна ў сям”і настаўнікаў. Бацька Юрый Трафімавіч выкладаў у пачатковых класах мясцовай школы. Маці  Вольга Якаўлеўна – родную мову і літаратуру. Першае апавяданне “Шчарбаты нож” будучы пісьменнік надрукаваў  у 1966 годзе ў дзіцячым часопісе вясёлка “Вясёлка”. Першая кніга “Хітры Данік”, апавяданні для дзяцей – у 1975-ым. А першую кнігу для дарослых, “Дзень у горадзе”,  – толькі праз 10 гадоў. Пасля быў зборнік публіцыстыкі “Пахвалі пражыты дзень”, а за ім – усе астатнія кнігі пісьменніка, якіх шмат.

    Чаму такая “разбежка” між першымі кнігамі? Таму, што ў тыя часы, калі В.Ткачоў уступаў у літаратуру, кнігі выходзілі ў асноўным у 2-х дзяржвыдавецтвах. Існавала чарга, і 1 кніга ў 4-5 гадоў – было звычайнай з’явай, асабліва для маладых.

    Пачатак творчасці Васіля Ткачова такі: пасля школы  праца ў раённых газетах у Івацэвічах і Карме. Затым служба ў войску і вучоба на факультэце журналістыкі Львоўскага ваенна-палітычнага вучылішча. (Яго скончыла некалькі беларускіх пісьменнікаў, звесткі ў іх біяграфіях). Пэўны час служых ваенным журналістам ў Туркменіі. Затым  вяртанне ў Беларусь, дзе цалкам заняўся літаратурнай працай. Спачатку, як я ўжо казаў, В.Ткачоў пісаў для дзяцей. Памятаецца, тады ў нашых асабістых гутарках ён заўважаў, што юнаму чалавеку вельмі патрэбна дабрыня і спагада. І з імі трэба гаварыць шчыра, як з асобамі. Тут і мяккі, зразумелы ім гумар, да месца.

       Дзецям, падлеткам, іх бацькам і адрасавана  і новая кніга Васіля Ткачова “Мішэнь”, якая толькі што выйшла ў “Выдавецкім доме “Звязда”. Для юных і маладых тут аповесці “Скачы ад печы, жэўжык!”, і  “Вятрак – птушка вольная”. А для бацькоў — аповесць “Мішэнь”, п’еса “Дзіцячае шампанскае, альбо Пазакласны ўрок”, і  некалькі апавяданняў. Першыя 2 творы пра жыццё вёскі напрыканцы вайны, і адразу пасля яе. Многія нашы пісьменнікі, тыя, хто дзецьмі і падлеткамі перажылі той час, таксама пісалі пра гэта. Па-сутнасці, у нашай літаратуры ёсць такая цэлая плынь. Узгадаю: Міхась Стральцоў, Янка Сіпакоў, Іван Капыловіч, Віктар Казько, Рыгор Барадулін, Анатоль Грачанікаў, Уладзімір Скарынкін, і іншыя празаікі і паэты вызначылі і стварылі яе — плынь юных сведкаў незабыўных падзей. Затым ужо пра іх пісалі ці не ўсе тыя лтаратары, хто памятаў пасляваенны час жыцця людзей у вёсцы  і горадзе. І Васіль Ткачоў, пісьменнік чуйны наогул да зрухаў чалавечай душы ў самых розных абставінах, узгадвае тыя падзеі, у якіх адбывалася  станаўленне чалавечай асобы яго юных  персанажаў, якія потым, дарослымі,  ладзілі жыццё краіны. Яны рана сталелі і ў вайну, і пасля, і ён паказвае як і чаму. Гэта тэма глыбокая, вельмі  патрэбная і сёння ў выхаваўчым працэсе. Бо ролю сапраўднай літаратуры ў ім не перабольшыць. Упэўнены, да гэтай тэмы будуць звяртацца і пісьменнікі новых пакаленняў…

    Васіль Ткачоў жыве ў Гомелі. Але яго жыццё і творчасць, скажу так, не прывязана толькі да аднаго гэтага горада. Ён увесь час у руху і ў творчым пошуку. Асабліва гэта было заўважана раней, калі асабістыя жыццёвыя абставіны былі менш скаванымі… І сёняшні вялікі жыццёвы вопыт знакамітага пісьменніка, яго ранейшыя і цяперашнія пастаянныя сустрэчы з людзьмі, з вяскоўцамі,  сярод якіх нарадзіўся, гадаваўся і рос, і  з гараджанамі, сярод якіх даўно жыве і працуе, натхнялі і натхняюць на новыя

   Наогул, у пісьменніка Васіля Ткачова нямала хто вучыцца. І пісаць, і аналізаваць, і разумець жыццё ва ўсіх яго праявах. Напрыклад, студэнты Гомельскага  дзяржаўнага універсітэта  імя Ф.Скарыны па яго творчасці пішуць дыпломныя… Мне здаецца, што па творах Васіля Юр”евіча, асабліва па яго п’есах, можна вывучаць беларускі характар. А ён ёсць, менавіта наш, беларускі. (Між іншым, як і ўсіх народаў характар). Яго заўважаюць многія, хто ўпершыню прыязджае да нас: шчырасць, адкрытасць, зычлівасць, гумар… Гэты характар надзвычай цікавіць пісьменніка Васіля Ткачова. І ён у сваіх творах выяўляе яго найперш праз простых людзей: жыццё адкрывае творцу  бязмежныя магчымасці пазнання чалавека. Вядома, калі творца – талент.

              ( Надрукавана ў “Сельской газете” №39. 4.04.2020 г. стар.24)

Прэс-служба Гомельскага абласнога аддзялення ГА «СПБ»

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика