Нарыс

Ішоў другі год пасля вайны. Вёска Старая Алешня, што на Рагачоўшчыне, цярпела неймаверную галечу. У другой палове зімы ў большасці вяскоўцаў не было нават бульбы, перабіваліся, хто як мог, чакаючы першай вясновай зеляніны. Але перажылі, дачакаліся цяпла, вясны, а за ім – і пачатку лета.
Вясковыя хлапчукі знайшлі нейкую цацку на калгасным полі, калі дарослыя абганялі бульбу. Тая цацка ўзарвалася. Пацярпеў малы сын Паўла Старчанкі: дзіцяці ў раёне ампутавалі кісць правай рукі.
“Ну, цяпер у нас будзе свой вечны пастух”, – з сумам казалі вясковыя кабеты, калі хлапчука прывезлі дадому з бальніцы.
Акрыяўшы пасля ранення, дзевяцігадовы Міколка нанава пайшоў у першы клас, які ён скончыў на адны пяцёркі: трэба было вучыцца пісаць левай рукой. Першая настаўніца, Паліна Кавалёва, суцяшала свайго вучня: “Не спяшайся, хлопчык, пішы акуратненька, выводзь кожную літарку, кожную лічбачку…” Напаўгалодны, ён цярпліва прымушаў сябе, паўтараў нанава, пакуль не атрымалася…
Праляцелі гады. Сямігодку Мікола скончыў на выдатна. Бацька жадаў, каб сын паступіў у лясны тэхнікум. Леснікі жылі лепей за калгаснікаў. Праз тры ці чатыры месяцы вучобы ў Буда-Кашалёве Старчанка пакінуў тэхнікум: вельмі нуднай аказалася для юнака лясная навука. І пайшоў у восьмы клас Балатнянскай дзесяцігодкі. Школа са сваімі традыцыямі, цікавымі мерапрыемствамі болей падабалася хлопцу. Да таго ж, яго прыцягвала мастацкая літаратура. Настолькі, што ён сам пачаў пісаць вершы. Асмеліўся нават даслаць сваю паэтычную спробу ў раёнку. І – дзіва: рагачоўская газета “Камунар” надрукавала яго верш “Наша вёска”! Гэта было вялікім шчасцем для здольнага юнака.
Прайшоў час – вось і школа засталася за парогам. Што рабіць? Куды падацца? У газетах давалі аб’явы вышэйшыя навучальныя ўстановы. Толькі ж як паедзеш, калі сям’я Старчанкаў не магла знайсці грошай на новыя штаны сыну.
Неяк Павел Старчанка, бацька Міколы, сустрэў свайго добрага знаёмца, якому шыў некалі хромавыя боты. Чалавек працаваў у Рагачове ў райвыканкаме. Бацька распавёў пра нярадасны лёс сына. Той паспачуваў і абяцаў што-небудзь прыдумаць.
Неўзабаве Міколу выклікалі ў Балатнянскі сельскі савет, паабяцалі ўзяць на працу. Прайшло колькі дзён, і юнака сапраўды аформілі на працу ў якасці ўпаўнаважанага райфінаддзела па ацэнцы маёмасці жыхароў населеных пунктаў сельскага савета.
… У канцы кастрычніка 1958 года вельмі раздажджылася. Бацька і маці чысцілі ад гною калгасныя хлявы, а Мікола сядзеў дома і чытаў кнігу Івана Шамякіна “Крыніцы”. Гэтую кнігу яму падарылі ў школе, як лепшаму выпускніку.
Раптам у дзверы нехта пастукаў. Мікола прыслухаўся. Стук паўтарыўся. “Каму там няма чаго рабіць?”, – падумаў юнак. Прыслухаўся. У дзверы загрукалі мацней.
– Вось вазьму ламачыну і стукну па галаве таму, каму няма чаго рабіць! – крыкнуў Мікола.
Дзверы расчыніліся, і ў хату зайшлі незнаёмыя людзі.
– Тут жыве Мікола Старчанка? – спытаўся чарнявы ў шэрым плашчы.
– Ну, гэта я…– адказаў Мікола і засаромеўся. – Прабачце, але ў нас не прынята перад уваходам стукаць у дзверы.
– Мы з рэдакцыі раённай газеты, – гаварыў чарнявы. – Мяне завуць Віктар Малішэўскі, а гэта Мікола Хількевіч.
– Вось былі па справах у вашым калгасе, – сказаў Хількевіч. – Заадно рашылі заглянуць да свайго рабселькора Міколы Старчанкі.
Мікола папрасіў прабачэння, збегаў у каморку, прынёс свежых яблыкаў.
– Частуйцеся, калі ласка, – сказаў ён.
Прышэльцы распрануліся, павесілі плашчы ў парозе на вешалку з драўлянымі крукамі і селі за стол.
– А закурыць у вас можна? – спытаўся Малішэўскі.
– Можна, можна… – сказаў Мікола і паставіў перад газетчыкамі попельніцу, вырабленую з меднай гільзы. – Бацька так смаліць самасад, што не прадыхнуць.
Госці закурылі: Малішэўскі – беламорыну, а Хількевіч цыгарэту “Прыму”. Завязалася гутарка: пра жыццё-быццё, планы жыццёвыя. У канцы свайго наведвання газетчыкі сказалі Міколу:
– Рэдактар прасіў цябе, каб ты, Мікола, прыехаў у рэдакцыю. Ён хоча з табой пагутарыць пра працу ў нашай газеце. Не адкладвай гэтую справу…
Пра візіт карэспандэнтаў раёнкі Мікола вечарам расказаў бацькам. Маці маўчала. Адчувалася: перажывала. Бацька спрабаваў прыкідваць так і гэтак. Ну, па-першае, разважаў ён, трэба будзе недзе жыць, харчавацца, даглядаць сябе. Па-другое, невядома, як пойдуць справы. А раптам праца ў газеце не заладзіцца? Тады што? Куды падацца? А зараз ты, сынок, пры справе. Маеш восем соцень рублёў у месяц.
Гаварылі доўга, і нарэшце разважылі: вырашай сам. Маці выцерла кончыкам хусцінкі вочы і сказала: – Нам, сыночак, твайго хлеба не есці, не памыліся толькі…
Раніцай яна схадзіла да бацькавай сястры, пазычыла грошай, і на трэці дзень Мікола паехаў у Рагачоў.
Рэдакцыя знаходзілася на вуліцы Цымермана. Юнак падняўся на другі паверх, зайшоў у кабінет бухгалтэрыі, адкуль быў праход у кабінет сельскай гаспадаркі.
З-за стала ўзняўся сам Хількевіч.
– Прыехаў, – адабральна сказаў Мікалай Сцяпанавіч і паціснуў Міколу левую руку. – Зараз пойдзем да рэдактара…
Зайшлі ў наступны кабінет.
– Васіль Міканоравіч, – звярнуўся Хількевіч да чалавека, які сядзеў за сталом. – Прыехаў той самы Старчанка, аб якім мы з вамі вялі размову.
Чалавек узняўся з-за стала, паправіў светла-карычневы фрэнч, уважліва паглядзеў на Міколу, падаў сваю халаднаватую руку і сказаў:
– Прашу ў свой кабінет.
У кабінеце рэдактара ён прапанаваў Міколу распрануцца, сам сеў за стол і закурыў.
– Гэта я быў ў сакратарыяце, – сказаў ён. – Адказны сакратар Шулькін пайшоў па неадкладных справах у райвыканкам, а я вычытваў матэрыялы і здаваў іх у набор у друкарню.
Зацягнуўшыся беламорынай, ён працягваў:
– Дождж нас замучыў. А як там, у вёсцы?
– Увесь тыдзень ідзе без перапынку, – адказаў Мікола.
Некалькі хвілін доўжылася маўчанне, а потым рэдактар спытаў:
– Што ты, Мікола, скажаш наконт нашай прапановы папрацаваць у газеце? Сам я тут працую ўсяго тры месяцы. Сельгасаддзел у нас самы актыўны, а ў ім застаўся адзін Хількевіч. Цяжка яму. Быў у яго літаратурны работнік. Камуніст. Забралі яго ў нас і накіравалі сакратаром аднаго саўгаса. Журналістаў пакуль нам не дае ўніверсітэт. Перабралі мы ўсіх сваіх рабселькораў і спынілі свой выбар на табе. Пішаш ты цёпла пра людзей калгаса. Даў вельмі добры крытычны матэрыял. Ды і вершы твае мне падабаюцца. Папрацуеш – думаю, у цябе справа пойдзе. Што ты на гэта скажаш?
Што ён мог сказаць? Толькі вымавіў: “Паспрабую…”
Начаваць давялося ў рэдакцыі. Рэдактар паказаў яму пакой, дзе стаяла скураная канапа.
– Тут як-небудзь пераначуеш, а там падумаем наконт жылля, – сказаў Васіль Міканоравіч.
Аказваецца сям’я рэдактара часова займала ў рэдакцыі кабінет аддзела пісьмаў і масавай работы: Дужыну праз нейкі час абяцалі даць новую кватэру.
Раніцай у сельгасаддзел, дзе ўжо сядзеў Мікола, зайшоў рэдактар. Ён запрасіў хлопца снедаць.
– Ну, мужыкі, сядайце, ежце, а я пайду рыхтаваць чай, – сказала лагодным голасам жонка рэдактара.
Пачалі снедаць. Левай рукой Мікола браў хлеб, чапляў відэльцам смажаную каўбасу і еў. Правую руку ён трымаў у кішэні.
– А ты што, ляўша? – запытаў Васіль Міканоравіч.
– Так, – адказаў хлопец.
– А што з правай?
– А правай рукі ў мяне няма, – адказаў Мікола і паказаў кульцю.
– А што здарылася? – запытаў рэдактар.
– Доўгая гісторыя…
Ён расказаў пра тое, што і калі з ім здарылася.
– Застаўся жывы і слава Богу, – мовіў рэдактар. Я таксама нашу адзнаку вайны – не гнецца левая нага. Каля мяне ўпаў варожы снарад, і асколкі трапілі ў нагу. Пасля шпіталя мяне камісавалі. А да канца вайны заставалася ўсяго тры месяцы. Вярнуўшыся дадому, закончыў саўпартшколу, працаваў у Заходняй Беларусі, а сёлета мяне накіравалі ў Гомельскую вобласць. Вось так, браце. Я сёння ж напішу загад аб прызначэнні цябе літаратурным работнікам. Будзеш працаваць у сельскагаспадарчым аддзеле.
– Такога маладога работніка рэдакцыі я бачу ўпершыню, – сказаў галоўны бухгалтар, запаўняючы працоўную кніжку Мікалая.
Аформіўшы дакументы, Старчанка пайшоў у сельгасадддзел. Хількевіч паказаў яму яго рабочае месца і павіншаваў з пасадай, пажадаў поспехаў. Затым расказаў, што ўваходзіць у яго абавязкі, раскрыў газетныя прамудрасці, перасцярог ад самазазнайства і фанабэрыстасці.
На чарговай рэдакцыйнай планёрцы рэдактар пазнаёміў Міколу з супрацоўнікамі газеты. Асабліва яму запомніўся Яфім Абрамавіч Шулькін, адказны сакратар рэдакцыі.
– Міколу Старчанку мы ведаем, – сказаў Шулькін. – Добрыя ён вершы піша.
Міколу здзівіла, што ў газеце быў толькі адзін чалавек з вышэйшай адукацыяй – карэктар газеты Людміла Ларычкава.
Пасля планёркі Мікола зайшоў да рэдактара і папрасіў яго адпусціць дадому на некалькі дзён.
Дамашнія турботы, бегатня па сябрах, збор рэчаў – усё гэта заняло два дні. Калі вярнуўся з вёскі, то, як і дамовіліся, хлопца ўзяў да сябе на кватэру галоўны бухгалтар. Ён жыў толькі з жонкай. Дзяцей у іх не было. Праз тыдзень жонка бухгалтара паведаміла, што знайшла для Міколы кватэру. Была яна непадалёк ад рэдакцыі. На вуліцы Кіраўскай стаяў невялікі драўляны домік, у якім жылі немаладыя людзі. Ён дамовіўся з гаспадыняй, што за трыста рублёў у месяц яна будзе рыхтаваць яму абеды.
Самае балючае пытанне – прапіска. Пашпарта ў Міколы не было. Вяскоўцы не мелі такога дакумента. Пашпарты выдаваліся толькі тым, хто ехаў на цалінныя землі або на вялікія ўсесаюзныя новабудоўлі.
Мікола схадзіў у пашпартны стол і даведаўся, якія патрэбны дакументы на атрыманне пашпарта. Там яму сказалі, што патрэбны метрыкі і даведка з месца жыхарства.
Паехаў дадому і зайшоў да старшыні калгаса.
– Што, разумнік, у горад за белым хлебам падаўся? Прыйшла коза да воза. Помню, помню, як ты з мяне здзекаваўся ў сваім “Камунары”…
Яшчэ нямала зневажальных слоў кідаў старшыня ў адрас Міколы.
– Дык я ж цяпер якраз у “Камунары” і буду працаваць, – сказаў Старчанка.
– Працаваць ты можаш і ў нас, – стаяў на сваім старшыня.
– Дык я ж бязрукі, – пярэчыў Мікола. – Што я буду траву адной рукой касіць?
– Свіней пасвіць будзеш, – гаварыў старшыня калгаса.
Ні з чым хлопец вярнуўся ў Рагачоў. Сказаў рэдактару, што, відаць, прыйдзецца вяртацца ў вёску, бо старшыня не дае даведкі на атрыманне пашпарта.
Васіль Міканоравіч супакоіў хлопца і сказаў, што ёсць яшчэ сілы над старшынёй калгаса.
Праз два дні ў рэдакцыю зайшоў рахункавод калгаса і падаў Старчанку патрэбную даведку. Ён моўчкі прыйшоў і моўчкі пакідаў рэдакцыю.
Старчанка атрымаў новенькі пашпарт і стаў паўнапраўным жыхаром горада.
Ён пакрысе асвойваў газетную справу. Падрыхтаваў некалькі допісаў, даў дзве падборкі на маладзёжную тэматыку, зрабіў рэпартаж з гарадскога камсамольскага суботніка.
Быў канец лістапада. Стала ўжо халаднавата. Раніцай нават падмаражвала. У адзін з такіх дзён у кабінет прыбег Хількевіч.
– Мікола, здароў быў! – выгукнуў загадчык. – Я толькі што з райсельгасупраўлення. Наслухаўся ўсяго. Табе, браце, трэба пабываць у калгасе “Заветы Ільіча”. Штосьці там справы з падрыхтоўкай ферм да зімы не радуюць. Ёсць значныя ўпушчэнні.
Хількевіч расказаў, як дабрацца да калгаса. Аўтобусы тады не хадзілі. Пешшу Мікола да ўказанай вёскі дайшоў хвілін за сорак. Каля крамы стаялі людзі. Хлопец запытаў, як трапіць у кантору калгаса. Яму падказалі. Знайшоў. А побач з канторай знаходзіўся жывёлагадоўчы двор.
У канторы, акрамя работнікаў бухгалтэрыі, нікога не было. Мікола пайшоў на ферму. Пабываў на кармакухні, у чырвоным кутку, заглянуў на вялікую пляцоўку, дзе стаялі стагі сена і саломы. Але нікога нідзе не было. Стаў каля хлява і думае: што рабіць?
А ў гэты час сюды пад’ехала падвода. На возе сядзела маладая жанчына. Мікола запытаў яе, дзе б знайсці загадчыка фермы ці заатэхніка. Яна назвалася галоўным заатэхнікам калгаса. Мікола ўзрадаваўся і дастаў з кішэні службовае пасведчанне.
Яна доўга разглядала яго, а потым спытала:
– Па якой справе прыехаў да нас, таварыш карэспандэнт?
Пачуўшы адказ, спецыяліст пачала знаёміць Старчанку з фермай. Мікола ўважліва слухаў яе, запісваў у сшытак неабходную інфармацыю.
Яны хадзілі па памяшканнях. Мікола дзівіўся з незашклёных там-сям вокнаў, з паламаны у асобных караўніках дзвярэй, з дзіркі, якая віднелася на даху аднаго цялятніка. Вельмі здзівіла, што заатэхнік як ні ў чым не бывала распавядала пра недахопы і ўсю віну ўскладвала за такі стан рэчаў на старшыню гаспадаркі. Успамінала негатыўна і пра загадчыка фермы.
– А што ж рабілі асабіста вы, каб своечасова ліквідаваць гэтыя недахопы? – спытаў Мікола.
– А што я, – гаварыла яна. –Тут за ўсё адказвае загадчык фермы, а з ім згаджаецца толькі старшыня. Калі я скажу што-небудзь, то старшыня мне ў адказ: не твая справа.
У канторы калгаса Мікола справіўся пра надоі, прывагі жывёлы, запасы кармоў. Галоўны бухгалтар толькі ківала галавой і гаварыла:
– Гэта не галоўны заатэхнік, а Ева Савачкіна, нічога не памятаючая…
Па абедзе Мікола пакінуў цэнтральную сядзібу калгаса і накіраваўся ў горад. Вяртаючыся, па дарозе зазірнуў на задруцкую комплексную брыгаду калгаса. Тут таксама было шмат недахопаў, і работнікі фермы скардзіліся на няўвагу галоўнага заатэхніка.
… На трэці дзень Дужын выклікаў Міколу да сябе. Запрасіў сесці і сказаў:
– Давай, Мікола, пачытаем, што ты напісаў.
– Васіль Міканоравіч, – адказаў літработнік. – Я ўважліва прачытаў атрыкул.
– Веру, – засмяяўся рэдактар. – А цяпер давай пачытаем яго разам.
Пасля кароткага маўчання ён сказаў:
– Ты даў загаловак “Заатэхнік ці пабочны назіральнік”. Што ж, здаецца, ёмка сказана. А што за гэтым? Вось тут у цябе ідзе гаворка пра значэнне і важнасць жывёлагадоўлі. Гэта правільна, але агульнавядома. Прыйдзецца апусціць. А тут добрае абагульненне і ідзе пералік недахопаў. А вось тут у цябе факты без доказаў. Апусцім.
Так радок за радком прайшоўся па ўсім артыкуле рэдактар. Яму падабалася тое, дзе Мікола гаварыў пра наяўнасць рэзерваў, але нежаданне людзей, і ў першую чаргу саміх спецыялістаў, паўней выкарыстоўваць свае рэзервы. Асабліва спадабалася рэдактару тое месца ў артыкуле, дзе размова ішла пра арганізацыйныя непаладкі, дапушчаныя па віне галоўнага спецыяліста гаспадаркі.
– Ну, вось, здаецца, і ўсё, – сказаў Васіль Міканоравіч. – Ён завізіраваў матэрыял і лагоднымі вачыма паглядзеў на Міколу. – Ты па-свойму паглядзеў на факты, не шаблонна прааналізаваў паводзіны спецыялістаў. Малайчына.
– Гавары, што там? – нецярпліва спытаў Хількевіч, калі Старчанка вярнуўся ад рэдактара.
– Прачытаў, месцамі пакрэмзаў артыкул, але падпісаў у набор, пахваліў, – адказаў літаратурны работнік.
– О, ён любіць правіць, –сказаў Хількевіч. – Яго хлебам не кармі, а дай пакорпацца ў матэрыяле. А што пахваліў – табе плюс. Будзе павышаны ганарар…
Акрамя газетнай работы, Мікола ўвесь вольны час аддаваў паэзіі. Ён нярэдка бываў у школах горада і выступаў са сваімі вершамі. Аднойчы ў Рагачоў завітаў журналіст беларускага радыё Яўген Каршукоў. Запісаў ён некалькі вершаў Старчанкі. Напярэдадні Мікола пабываў у гасцях у сваёй сястры, якая працавала на “Нафтабудзе”, самі па сабе неяк нарадзіліся радкі пра новабудоўлю і яе працаўнікоў. Так упершыню прагучаў паэтычны голас Міколы на рэспубліканскім радыё.
Праз гады ён прыгадае адзін характэрны выпадак. Хрушчоў (тады першы сакратар ЦК КПСС) заўзята насаджаў кукурузу і партыйнай мятлой знішчаў травы. Рэдактар загадаў аднойчы Старчанку ехаць у калгас імя Сталіна Запольскага сельсавета і напісаць артыкул пра тое, як механізатары райсельгастэхнікі будуць заворваць шматгадовыя травы. Механізатары калгаса адмовіліся рабіць гэта. Некалькі раней Старчанка даваў атрыкул старшыні калгаса з расказам аб тым, што дае вырошчванне траў на бедных калгасных землях.
– Васіль Міканоравіч, – здзівіўся Старчанка. – Як я буду глядзець у вочы старшыні калгаса, артыкул якога толькі летась даваў у газеце? Я не паеду…
– Дык ты не хочаш выконваць загад рэдактара?
– Я ж сказаў – не паеду, – стаяў на сваім Мікола.
– Тады аб’яўляю табе вымову, таварыш літаратурны работнік, – кінуў злосна Дужын.
Прайшло тры дні, і Старчанка чытаў артыкул загадчыка аддзела сельскай гаспадаркі пра тое, як механізатары райсельгастэхнікі нішчылі калгасныя травы.
У 1961 годзе Старчанка ўзначаліў у газеце аддзел сельскай гаспадаркі. Але працаваць на гэтай пасадзе давялося нядоўга: вясной 1962-га ў краіне адбылася рэарганізацыя абласных камітэтаў партыі. Былі створаны два камітэты: партыйны і аграрны. Адбылося ўзбуйненне раёнаў. Зрабілі міжраённыя газеты абкомаў партыі. Рагачоўскі і Кармянскі раёны ўвайшлі ў Жлобінскае міжраённае аб’яднанне. Рагачоўская і кармянская газеты былі ліквідаваны.
Старчанка ўладкаваўся на працу ў гомельскую міжраённую газету “Маяк”. У гэтай газеце ён працаваў да сакавіка 1963 года. Пасля таго, як пераканаліся ў нязручнасці кіравання, лішняй валакіце, дубліраванні, зноў правялі рэарганізацыю і пакінулі ранейшую сістэму. Былі адноўлены раней скасаваныя газеты. Мікола вярнуўся ў Рагачоў на ранейшую пасаду загадчыка сельгасаддзела. Рэдактарам быў прызначаны журналіст Уладзімір Штапенка.
Мікола Старчанка часта згадвае асобныя моманты працы ў тыя гады…
Аднойчы Штапенка зайшоў у сельгасаддзел, злосна з парога запытаў:
– Загадчык сельгасаддзела ведае, што ў вобласці сёння робіцца?
– Ведаю, – сказаў Старчанка. – Заданні сямігодкі выконваюцца, ідуць пошукі новага, перадавога.
– Вось-вось, перадавога, – ухапіўся за слова рэдактар. – А ці ведае загадчык сельгасаддзела, што ў калгасе “12 год кастрычніка” ўпершыню сеюць цукровыя буракі?
– Ведаю, – сказаў Старчанка. – Газета давала пра гэта інфармацыю.
– Дзе?! – крыкнуў рэдактар.
Мікола ўзяў сваю падшыўку і паказаў інфармацыю.
– Так… – вымавіў Штапенка. – Газету падпісваў мой намеснік. Я быў недзе ў адлучцы…
Памаўчаўшы, сказаў:
– Як жа так. Калгас пачаў выдатную справу, а газета дала толькі нейкіх тры дзесяткі радкоў пра гэта. Непарадак, таварыш загадчык, непарадак… Трэба выпраўляць становішча. Едзь у Журавічы і дай адтуль артыкул радкоў на дзвесце.
Мікола ўзяў рэдакцыйны “Масквіч-408” і накіраваўся ў камандзіроўку ў названую гаспадарку.
Назаўтра загадчык аддзела прыбег раненька ў рэдакцыю, папярэдне дамовіўшыся з з машыністкай, аддрукаваў тэкст.
Неўзабаве з’явіўся Штапенка. Мікола аддаў яму матэрыял.
Праз пятнаццаць хвілін яго выклікаў галоўны.
– Мікола, – сказаў ён. – А ты б мог выцягнуць паласу?
– Не ведаю, – адказаў журналіст. – Напэўна б змог…
– Вось-вось, напэўна, – ухапіўся за гэтыя словы рэдактар. – Мабілізуйся, і каб да вечара была гатова паласа матэрыялу.
Мікола сеў за свой стол і задумаўся.
Патэлефанаваў у калгас, папрасіў расказаць больш падрабязна пра вопыт украінскіх хлебаробаў, дзе калгас знаёміўся з вопытам. Ён дабавіў усё, што мог, і атрымалася газетная паласа.
З паўгадзіны рэдактар чытаў матэрыял, а потым зайшоў у сельгасаддзел.
– Паслухай, Мікалай Паўлавіч, што я табе скажу…– пачаў ёз з парога. – Паласу ты напісаў добрую. Малайчына. Хвалю. Вось што значыць лішні раз падумаць. А што калі мы наладзім выпуск “старонак-плакатаў”? У іх кіраўнікі і спецыялісты гаспадарак будуць расказваць пра перадавы вопыт.
– У нас жа ёсць рубрыка “Школа перадавога вопыту”, дзе размова ідзе пра перадавое ў сельскагаспадарчай вытворчасці?
– Лепшае добраму не перашкода, – парыраваў рэдактар.
– А дзе возьмем здымкі? – запытаў толькі Старчанка.
– Ну, аб гэтым хай у цябе галава не баліць…
– Тады паспрабую, – нехаця сказаў журналіст.
– Што значыць – паспрабую? – пасуровеў Штапенка. – Устаноўка: даём матэрыял у наступным нумары газеты. У наступным…
Давялося загадчыку аддзела творча перапрацаваць свой тэкст, дабавіць сёе-тое з брашуры, пашырыла свае разважанні старшы аграном райсельгасупраўлення Ключнікава.
Рэдактар радаваўся, як дзіця, калі начальнік сельгасупраўлення хваліў новаўвядзенне. Праз кароткі час пра гэта пачынанне мелі інфармацыю адпаведныя начальнікі вобласці…
Ішоў 1964 год. У рэдакцыю завітаў настаўнік Серабранскай дзесяцігодкі, актыўны рабселькор Іван Канавалаў. Некалі ён працаваў у Стараалешнянскай школе і вучыў Старчанку.
Разгаварыліся.
– Ты, Мікола, здаецца, яшчэ халасцякуеш?
– Што вы, Іван Дзям’янавіч, – усміхнуўся Мікола. – Хутка першай дачушчы два годзікі будзе…
– Вельмі добра. А як у цябе з вучобай?
– Пасля школы паступіць куды-небудзь не было магчымасці, а потым усе думкі з газетай… – адказаў Мікола.
– Гэта дрэнна, браце, дрэнна. Без дыплома цяпер не пражывеш.
– Ды вось у сельгасакадэмію думаю завочна паступаць, Іван Дзям’янавіч.
– Не, гэта не для цябе, – гаварыў Канавалаў. – У цябе ёсць душа, падыход да людзей, уменне знайсці патрэбнае слова. Табе абавязкова патрэбна быць педагогам.
Дзесьці ў красавіку, праз кароткі час пасля гэтай размовы, надарылася зноў весці гутарку пра вучобу. На гэты раз больш прадметна. У рэдакцыі быў прадстаўнік беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і даваў аб’яву пра набор студэнтаў на завочную форму вучобы. Мікола, пагутарыўшы з ім, прыняў рашэнне: вучыцца. Незабаве сабраў дакументы і адвёз іх у Мінск. Падаў заяву на філалагічны факультэт. Скончыў універсітэт праз шэсць гадоў.
У 1967 годзе Старчанку прызначаюць намеснікам рэдактара “Камунара” пры новым кіраўніку газеты – рэдакцыю ўжо ўзначальваў Канстанцін Васільевіч Ніжнікаў. Кола інтарэсаў журналіста было вялікім: асвятляў партыйную тэматыку, не забываўся пра сельгасвытворчасць.
У 1973 годзе Старчанка развітваецца з роднай рагачоўскай зямлёй: Гомельскі абкам партыі накіроўвае яго на вучобу ў Мінскую партыйную школу.
Калі вучыўся ў Мінску, праходзіў вытворчую практыку ў адной з абласных газет, дзе яму прапанавалі працу намесніка рэдактара. Прыехаўшы ў Гомель пасля заканчэння школы, Старчанка завітаў у абласны камітэт партыі. Прасіўся, каб адпусцілі з вобласці. Адказ быў суровы: з’едзеш толькі хіба самавольна з партыйнай вымовай, абкам клапоціцца пра свае кадры. На новым месцы сказалі прама: з вымовай ніхто яго не возьме. Давялося ехаць у Кармянскі раён, дзе яму прапанавалі працу намесніка рэдактара. І толькі праз чатыры гады пераводам абкама партыі яго прызначаюць загадчыкам сельгасаддзела абласной газеты “Гомельская праўда”. На гэтай пасадзе Старчанка працаваў больш за дваццаць год, аж да самага выхаду на пенсію.
А што ж з паэзіяй? Няўжо журналісцкая руціна згубіла паэтычную душу Старчанкі? Не, гэта не так. Ён ўвесь час пісаў вершы і друкаваў іх у сваёй і раённых газетах. Паслаў некалькі вершаў ў штотыднёвік “Літаратура і Мастацтва”. Аднойчы, у пачатку 1987-га, купіў у кіёску названую газету і знайшоў у ёй свой верш “Зімовы вечар”. Гэтая публікацыя ўскрыліла. Дагэтуль памятае, як хораша аднойчы адазваўся пра адзін з вершаў калега, супрацоўнік аддзела культуры, пісьменнік Міхась Даніленка:
– Слухай, а верш неблагі ў цябе атрымаўся. Асабліва ўдалы вобраз: “Стог, прысеўшы на калені, грэе мёрзлы бок зямлі…”
За кароткі перыяд “ЛіМ” надрукаваў звыш двух дзясяткаў вершаў Міколы, паэта падрымлівалі “Знамя юности”, часопіс “Полымя”. Але надта цяжка ішло выданне першай кнігі.
У выдавецтве “Мастацкая літаратура” рукапіс зборніка вершаў ухвалілі, паставілі ў план. А праз некалькі год загадчык рэдакцыі паэзіі Леанід Дайнека паведаміў, што ў выніку цяжкага эканамічнага становішча выдавецтва не можа выпусціць зборнік. Радасць Міколы скончылася…
Дапамаглі аўтару чытачы, якім прыйшліся даспадобы надрукаваныя вершы Старчанкі ў “Гомельскай праўдзе”. У 1996 годзе, дзякуючы падтрымцы генеральнага дырэктара льноаб’яднання Васіля Іванавіча Яцэвіча, выйшаў першы зборнік вершаў і паэм “Зямное прыцягненне”. Сам жа Старчанка не хаваў ад чытача, што значную ролю ў яго паэтычным успрыняцці адыграла знаёмства з беларускімі паэтамі Уладзімірам Карызнам, Казімірам Камейшам, Анатолем Сербантовічам…
Чытачам спадабаліся творы мясцовага аўтара, пра гэта сведчылі лісты ў яго адрас, водгукі прыходзілі ў перыядычныя выданні.
“Гомельская праўда” ў артыкуле “Мяне радуе жыццё” вызначае крэда паэта:
Не шукай у маіх вершах
Мудрагелістых ты слоў
І сюжэтаў найвастрэйшых,
Непрадказаных хадоў.
Гавару пра хлеб і сонца,
Пра сябе і небыццё,
І пра тое, як бясконца
Мяне радуе жыццё…
Зборнік “Прыцягненне зямлі” складаецца з чатырох раздзелаў і дзвюх паэм. У “Матывах душы” паэт сапраўды разгарнуў сваю душу, агаліў перад чытачом свае пачуцці, перажыванні, свой боль і свае надзеі, паспрабаваў зірнуць на сябе збоку: які я ёсць, ці так жыву?
Гані з душы спакусу абхітрыць
Таго, хто сёння за цябе слабейшы,
Мне застаецца толькі паўтарыць:
Хто аддае – заўсёды багацейшы.

Так сцвярджае Старчанка.
“Шукала ты шчасця падкову”, “Бараўлянскі смутак”, “І дзесьці прыгажуня ў белым”… – вершы прысвечаны памяці Жэні Янішчыц, Варлену бечыку, Сяргею Ясеніну і змешчаны ў раздзеле “Адценні пачуццяў”. Сапраўды тут кожны твор прапушчаны праз сэрца, перажыты аўтарам.
Журналісцкія шляхі-дарогі – гэта новыя сустрэчы з цікавымі людзьмі, адкрыццё падзей, фактаў, яркія ўражанні. Для творчай асобы, апрача ўсяго, выдатная магчымасць паназіраць за акаляючай прыродай, налюбавацца яе хараством, адчуць з ёй сваё адзінства.
У раздзеле “Хараство прыроды” адчуваецца філіграннае майстэрства паэта Старчанкі. Пра якую б пару года ён ні пісаў, робіць ён гэта жыва, чула, вобразна.
Смугой блакітнаю спавіта
Нізіна дальніх паплавоў,
Дзе чарнаморамі нібыта
Грамады высяцца стагоў.
А за палеткам жэўжык-вецер
Трасе за чуб зялёны гай…
Мілей за ўсё на белым свеце
Мне гэты кут, бацькоўскі край.

Таму і столькі болю ў шасці вершах, аб’яднаных адной назвай “Крыло Чарнобыля”. Аўтар не па чутках ведае, колькі трагічных змен у наша жыццё ўнесла аварыя на ЧАЭС. Ён не аднойчы быў у эпіцэнтры бяды, у зоне жорсткага кантролю, гутарыў з перасяленцамі.
Колькі жыццёвай мудрасці, развагі ў дыялогу пенсіянераў з хойніцкіх краёў, якія пакутуюць ад настальгіі па родных мясцінах. “Настальгія”, “Ночка асыпала” – лепшыя вершы з чарнобыльскага цыклу.
У слязах бабуля цалавала,
Бы ў лоб нябожчыка, парог,
Адчувала, сэрцам адчувала,
Не таптаць дзяцінства ўжо мурог.
Рэаліі сённяшняга дня, жыццё людзей, раз’яднанасць душ, чэрствасць, раўнадушша непакояць паэта. “Не гарыш – не жывеш” – так сцвярджае паэт у аднайменным вершы з раздзела “Мы і сучаснасць”. Характэрна, што і большасць у ім твораў – своеасаблівыя адбіткі душы паэта, тэматычны працяг гаворкі, закладзенай у пачатку кнігі. Ды інакш і быць не можа, бо паэзія – праца душы. Пра гэта выдатна сказана ў вершах “Такая доля ў паэта”, “Не памыляйся ў пачуццях”.
А паэма “Зямное прыцягненне” ілюструе лірычнае майстэрства аўтара. Хаця размова ў ёй ідзе зусім пра іншы, чым у коласаўскай “Новай зямлі”, час беларускай гісторыі. Толькі галоўны аграном калгаса Ніна Мельнік з такой жа адказнасцю любіць працаваць на зямлі і бачыць у гэтым сэнс свайго існавання.
У якіх толькі гаспадарках не пабываў Старчанка–журналіст! Сакавіты народны гумар, трапныя словы-стрэлы, скіраваныя супраць лайдакоў і прыстасаванцаў робяць адметнай мову ягоных твораў. А гэтаму ён вучыўся ў народа-першатворцы.
У 1997 годзе Старчанка выпусціў другі зборнік вершаў і паэм “Водгук сэрца”. Ён таксама быў цёпла прыняты аматарамі паэзіі. Водгукі на кнігу друкавалі многія выданні.
Кожны верш зборніка “Водгук сэрца” – вобраз мясцін, дзе нарадзіўся аўтар, дзе рос, пазнаў першае пачуццё. Літаратар адгукаецца на розныя падзеі. З болем у сэрцы ўспрымае чарнобыльскую трагедыю. Разам з тым, Старчанка з асаблівым яму лірызмам паказвае прыгажосць роднай прыроды. Паэту ўласцівы філасофскія разважанні пра жыццё, чалавечую годнасць.
Адметная і літаратурная пародыя Старчанкі. Удаюцца яму і вершаваныя фельетоны, у якіх высмейваюцца многія заганы, на якія яшчэ хварэюць людзі.
Жыццё ідзе, здзяйсняе новыя вяршыні. Чарговым рубяжом на творчым шляху Старчанкі стаў выхад чарговай кнігі паэзіі “Чароўная восень”. Тут змешчаны дзве сотні вершаў і дзве паэмы, у якіх нераўнадушны чатач адчуе любоў да радзімы, да людзей, нянавісць да ўсяго, што перашкаджае людзям жыць, надзея на лепшае заўтра.
Назаўсёды з аўтарам любоў да родных мясцін, да тых людзей, хто жыў, жыве на гэтай зямлі. Нельга без хвалявання чытаць верш “Пісьмо маці”.
… Сваіх кароў цяпер пасём дварамі,
Даўно ў вёсцы пастуха няма,
Якраз на Спаса ўжо чарга за намі,
А як мне быць? Хварэю я сама.
У вершах Старчанкі пра малую радзіму адчуваецца і радасць за родныя мясціны, і боль пра незваротныя страты, і трапяткое чаканне новых сустрэч з Бацькаўшчынай. Такія вершы “Старая Алешня”, “Гармонь мая”, “Маці”, “Мясціны маленства”.
Другім, не менш важна акрэсленым матывам лірыкі М. Старчанкі з’яўляецца любоў да людзей.
У вершы “Падаць руку заўжды гатовы” паэт гаворыць:
…Таму, хто ніву засявае,
Вядзе ў моры караблі,
Хто ад бяды засцерагае
Спакой любімае зямлі.
Я не падам яе ніколі
Праныру, хвату, гультаю,
Якіх у нас яшчэ даволі,
Я гэтай праўды не таю.
Паэт не хавае сваёй непрыязнасці да тых, хто жыве за кошт іншых, імкнецца абхітрыць, праціснуцца наперад, урваць лепшы кавалак жыццёвых выгод. У гэтым сэнсе характэрны верш “Прыстасаванцы”.
Можна зразумець аўтара, калі ён у некаторых вершах хвалююча выкладае свой погляд, свае меркаванні і боль за распад вялікага СССР. У яго ёсць упэўненасць у тым, што сілы дабра ўсё ж перамогуць. Старчанка знаходзіць словы, якія пераканаўча перадаюць гэтае сцверджанне. Іменна пра лепшы заўтрашні дзень і гаворыцца ў вершах “Пад ліхтаром сумёт іскрыцца”, “Адмеранае лёсам”, “Я спакойна сустракаю ранак” і інш.
У кнізе “Чароўная восень” змешчаны дзве паэмы – “Памяць” і “Фермер”. Першая – пра сувязь мінулага з сучасным. Калі такая сувязь парушаецца, сцвярджае паэт, то і парушаецца заканамернасць паступовага руху наперад. Няма гэтай сувязі, няма і памяці.
Паэма “Фермер” адлюстроўвае падзеі сучаснасці. Аўтару, як мне бачыцца, удалося паказаць, які лёс напаткаў фермерскі рух нашай краіны. Адлюстраваны надзённыя праблемы і хібы, пераадоленне якіх звязана з неймавернымі цяжкасцямі. Вера ў заўтрашні дзень і неадольная цяга да новага – вось той асялок, на якім выпрацоўваецца чалавечы характар. І галоўны герой паэмы Іван Коваль гатовы на любыя выпрабаванні дзеля сваёй мэты.
Неаднойчы Мікола Старчанка, выступаючы перад чытачамі, распавядаў, што ў яго творах выдуманага няма. Ён усё бярэ з жыцця людзей, якія твораць само жыццё. Так, правобразам гераіні Аксінні аднайменнай паэмы “Аксіння” стала маці жонкі паэта, Ксенія Мікалаеўна Склярова, якая жыла ў Рагачове. Маладой жанчынай з мужам-ваенным яна трапіла ў Мінск, уладкавалася на фабрыку, стала стаханаўкай. У гады вайны ледзь не загінула…
А прататып гераіні паэмы “Зямное прыцягненне” Ніны Мельнік – галоўны аграном калгаса “Перамога” Жыткавіцкага раёна Ніна Атонаўна Мельнікава, творчы чалавек, была кіраўніком абласнога клуба-100. Тады Гомельская вобласць змагалася за атрыманне ста цэнтнераў пшаніцы з гектара. Пра Мельнікаву Старчанка напісаў нарыс, які быў надрукаваны ў цэнтральнай газеце “Сельская жизнь» у 1987 годзе, а пасля напісаў паэтычны твор.
Паэма “Зіна Грыва” таксама пабудавана на фактычным матэрыяле, падгледжаным у рэальным жыцці. Галоўная гераіня – увасабленне ў жыццё лепшых рыс нашага сучасніка. Многае паэт узяў ад перадавой даяркі саўгаса Брылёва Гомельскага раёна, Героя Сацыялістычнай Працы Зінаіды Мохаравай…
І ў паэмах “Памяць”, “Фермер” ёсць рэальныя прататыпы: дзед паэта Герасім і кіраўнік адной з гаспадарак Жлобінскага раёна.
Трэба сказаць, што ў многіх творах прама або ўскосна адлюстраваны падзеі асабістага жыцця паэта. Яго лірычны герой – чалавек, якому неабыякавы самыя лепшыя пачуцці: дабрата, спагада да людскога гора, жыццесцвярджальнасць, пачуццё гумару, любоў і жаданне ў любы момант прыйсці на дапамогу.
Пра творчасць паэта Старчанкі пісаў пісьменніцкі штотыднёвік “ЛіМ” (“Песня і боль”, 25 сакавіка 2005 года), шматлікія перыядычныя выданні Гомельшчыны.
У 2006 годзе Мікола Старчанка ўступіў у Саюз пісьменнікаў Беларусі. У 2012 годзе ў серыі “Бібліятэка Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” выйшаў пяты паэтычны зборнік паэта “Крынічны звон”, у якім высока гучаць ноты патрыятызму, вернасці роднай зямлі.
На сваёй жыццёвай дарозе гэтаму чалавеку, годнаму публіцысту і паэту, давялося вынесці шмат нягод і выпрабаванняў. Ён стаў інвалідам Вялікай Айчыннай вайны з дзяцінства. Але жыццёвая дарога была спагадлівай да яго сваёй дабрынёй і чуласцю. І ён заўсёды імкнуўся на гэту дабрыню адказаць любоўю і працавітасцю на карысць Айчыны.
Сваё сямідзесяціпяцігоддзе сёлета ён сустракае новымі набыткамі на творчай ніве.

Уладзімір Гаўрыловіч,
празаік і публіцыст, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика