Летам 2023 года ў гомельскім выдавецтве “Барк” пабачыла свет новая кніжка пісьменніка Міхася Слівы “Подарки к празднику”, а 17 верасня, у Дзень народнага адзінства, у мясцовым Доме культуры яго прылюдна ўшанавалі высокім званнем “Ганаровы грамадзянін Рагачоўскага раёна” за вялікі ўклад у грамадскае і культурнае жыццё названага рэгіёна. І гэта вельмі добрыя падарункі слыннаму творцу ад выдавецтва і ўлады, ад удзячных шматлікіх чытачой не толькі ў сваёй роднай Беларусі, але і за яе межамі. Ён таксама не застаецца ў даўгу.
Дасланую аўтарам кніжку чытаў з задавальненнем, часам ад душы смяяўся і радаваўся за свайго сябра па жыцці і літаратурнаму цэху, бо зноў пераканаўся, што Міхась Мітрафанавіч таленавіты, самабытны гумарыст, які шмат чаго пабачыў ды перажыў, трапляў у самыя розныя сітуацыі, але заўсёды заставаўся добрым, вясёлым чалавекам. І кожны раз з уласцівым яму гумарам асэнсоўваў іх, рабіў арыгінальныя высновы, ні ў якм разе не навязваючы людзям свае погляды. Ён пакідаў такую магчымасць ім самім, каб пасля таго, як прачытаюць, наматвалі на вус сэнс таго альбо іншага твора і не сталі ў далейшым белымі варонамі самі.
Паколькі гамонка ідзе аб падарунках да свята, то адразу задаешся пытаннем: да якога іменна? Розных святаў у нас хапае, а тут аўтар мае на ўвазе толькі адно. І яно, зусім не цяжка здагадацца, самае што ні ёсць сямейнае — Новы год. Розных навагодніх гісторый у зборніку некалькі і ўсе яны цікавыя, павучальныя. Ды асабіста мне найбольш спадабалася гумарэска “Необычная Снегурочка”. Сюжэт яе на першы погляд быццам бы і просты, але адразу інтрыгуе нечаканым паваротам перадсвяточнай падрыхтоўкі ў адной сям’і, калі да апоўначы заставалася гадзіны тры. “Цёпленькая” кампанія ўжо сабралася за сталом, калі ў кватэру нечакана завіталі Дзядуля Мароз з Снягуркаю. І вядома ж з падарункамі ў ладным мяшку. Што было далей пераказваць не стану, пакіну такую асалоду чытачам, а вось развязка, каб яе нагадаў, просіцца сама. Снягуркаю аказалася маці і цешчаю гаспадароў жытла і прывёз яе сюды з вёскі сусед. Ён ехаў на свята да свайго сына. Калі ж спрытны зяць падскочыў да мяшка, развязаў яго і дастаў падарункі, задаволеная ўсмешка расплылася па ягонаму твару. У адной руцэ ён трымаў ёмкі кумпяк, у другой — хатнюю вэнджаную каўбасу.
Прывозяць дзецям падарункі не толькі маці, цешчы, але і дзеці ім, калі ўжо самі становяцца дарослымі. Быў выпадак, калі ў гарадскі аўтобус з цяжкасцю ўскараскалася пажылая кабета з каляскаю, дзе замест дзіця было поўна мяккіх цацак. Пасажыры дапамаглі ёй уладкавацца, а калі разгаманіліся, то аказалася: стомленая жанчына едзе гандляваць на мясцовы кірмаш. Нялёгка даводзіцца, толькі такі ў яе, пенсіянеркі, цяперака “бізнес”. “Дык вы б пасядзелі дома, адпачылі, – спачуваюць людзі. —Няўжо вашы дзеці не могуць паклапаціцца пра вас?”. “Чаму ж, клапоцяцца, — ажывілася бабуля. — Дачка вось новую вялікую каляску падарыла на дзень нараджэння, а сын — зэдлік, каб зручна было сядзець і прадаваць цацкі”.
Назваць гэты зусім кароткі твор гумарэскаю ніяк нельга, язык не паварочваецца. Пісьменнік проста апісаў усяго адзін выпадак, з якім давялося неяк сутыкнуцца. Толькі ягоная сацыяльная афарбоўка, эмацыянальнае ўздзеянне на людзей вельмі вялікая, вымушае кожнага, у каго яшчэ засталося крышачку сумлення, сур’ёзна задумацца над вечнаю праблемаю бацькоў і дзяцей нават тады, калі бацькі самі маюць патрэбу ў дапамозе, а вымушаны дапамагаць няўдзячным дарослым дзецям. З гэткай нагоды адразу ўспомніў незабыўнага пісьменніка і нашага сябра, пайшоўшага ў лепшы свет, Васіля Ткачова. Ён пісаў не толькі сур’ёзныя творы, але і гумарыстычныя, якія выходзілі асобнымі кніжкамі. Такімі, да прыкладу, як “Карасі на пяску”. Дык вось дарагі нам Васіль Юр’евіч называў такія кароценькія творы “жыццёвінкамі”. І гэты адметны ткачоўскі жанр, на шчасце, прыжыўся, даволі часта скарыстоўваеца літаратарамі-сучаснікамі.
Пісьменнік шмат гадоў працаваў журналістам, многа дзе ездзіў, многа з кім сустракаўся, занатаваў уражанняў, гісторый. Іх спаўна і скарыстоўвае ў сваёй творчай працы па сённяшні дзень. Аб гэтым красамоўна сведчаць гумарэскі «Раба любви», «Гвоздь, который вылез», «Чтобы захватить читателей (из переписки редактора с писателем)», «День памяти жертв Бахуса», «Хочу демократии!..», «Отреагировали» пра перапіску сельскага карэспандэнта Лявона Цмыга з рэдакцыяй газеты “Новый путь”, “Жизнь вносит коррективы” – пра пісьмо ў рэдакцыю яе празмерна актыўнага аўтара –графамана Ахрэма Падбярэжскага, некаторыя іншыя.
Мяне, журналіста, пісьменніка і паэта, надта зацікавіў роздум празаіка Міхася Слівы (Кавалёва) над тым, якімі бываюць вершы. Па-першае, яны бываюць розныя, а-па другое — тыя, якія можна і чытаць і надрукаваць; тыя, якія можна чытаць, але немагчыма надрукаваць; тыя, якія можна надрукаваць, але немагчыма чытаць; тыя, якія можна толькі чытаць, але на добрым падпіцці; тыя, якія можна і чытаць, і надрукаваць, але каму яны патрэбны? З такою мудраю класіфікацыяй абсалютна згодны і раю ўсім паэтам, асабліва пачаткоўцам і маладым, запамятаць яе, ніколі не забываць у паўсядзённым творчым працэсе.
Своеасаблівымі жыццёвінкамі, іх працягам сталі яшчэ болей кароткія мініяцюры, у якіх па-мастацку, трапна абыгрываюцца канкрэтныя дзеі рэчаіснасці. І з уласцівым пачуццём гумару. У мініяцюры “Убедилась”распавядаецца, як па скарзе бабулі ў вёску з праверкаю прыехала раённая камісія. Факты не пацвердзіліся. “Дык навошта вы пісалі скаргу, — пытаюцца ў бабулькі, — калі ўсё ў парадку?” “Хацела пераканацца, ці прыедзеце правяраць…” Такі на першы погляд наіўны, але са схаванаю хітрынкаю адказ адразу выклікае шчыраю ўсмешку. Як і пасля прачытання мініяцюры «Дедушке «повезло». Сэнс яе ў тым, як аднойчы да дзядулі Сямёна з’ехаліся дзеці і ўнукі. Асвежавалі невялікага вепрука ды падзялілі паміж сабою. Маленькая Волечка і кажа: “Цёця Наташа нагрузіла сабе сумку, дзядзя Толя — дзве, дядзя Пеця сумку, і мы з мамаю — дзве. А табе, дзядулечка, увесь вепручок застаўся”.
Падобных мініяцюр набярэцца некалькі дзясяткаў. Яны тычацца як гарадской, так і сельскай тэматыкі, што пацвярджае мініяцюра “Помогает”, у якой упаўнаважаны з раёна распякае кіраўніка гаспадаркі за дрэнную работу па ўзнаўленні статку. Той не здаецца: “Прымаем усе меры, – апраўдваецца кіраўнік. — Я ўжо і сам каля іх кручуся…”
Удала дапаўняюць іх баечкі, складзеныя паводле народнага гумару. Праз узаемаадносіны звяроў, птушак, а часам нават прадметаў аўтар паказвае, хто і чаго варты. Абражаная Зязюля, калі пачула, што птушкі ганяць яе за кепскія адносіны да сваіх дзяцей, усклікнула: “Якая хлусня! Хіба не я ўсіх уладкавала ў чужыя сем’і!..”
Не знайшлі паразумення Дошка, Цвік і Малаток. Дошка папракае Цвіка за бессардэчнасць, калі той упіваецца ў яе цела, а ёй надта баліць. Цвік жа просіць не крыўдаваць, бо яго б’е па галаве Малаток і даводзіцца лезці туды, куды накіроўваюць. Малаток у сваю чаргу апраўдваецца, што робіць гэта не па сваёй волі. Калі б’е,’яму таксама балюча… Выходзіць, ніхто не вінаваты, усе яны паднявольныя. Ды гэта як яшчэ паглядзець.
Пісьменнік-гумарыст даўно і плённа працуе ў галіне перакладаў з розных славянскіх моў. Цяпер у сваю новую кніжку ўключыў пераклады з чэшскага народнага гумару. Усе яны разнапланавыя, трапныя, павучальныя. У асноўным карацелькі. Вось некаторыя з іх. “Смейцеся часцей! Гэта — адзінае лякарства ад усялякай немачы” альбо “Жаночая прыгажосць — не пастаянная, але яе наступствы пастаянныя”, ці “Наша суседка ездзіць на аўтамабілі быццам маланка…Так хутка? Не, проста кожны раз б’ецца ў якое-небудзь дрэва!”.
Разважаць над гумарам названага майстра мастацкага слова можна і далей. Гэта цікава тым, што ёсць магчымасць часта ўсміхацца, а то і смяяцца, чэрпаць для сябе карысныя думкі, высновы. Усё можна і трэба. Але я лепей нагадаю свой эпіграмічны верш, прысвечаны шаноўнаму творцу:
Калі закаласіцца ніва,
Пачне ўраджай даваць гарод,
Тады мой даўні сябар Сліва
Успомніць прахіндзеяў род.
Ніяк не хоча прымірыцца
З нахабным негатывам ён.
Ідзе ў наступ смела біцца,
Да лямпачкі яму праклён.
Напорыста, актыўна піша,
Сатыра, гумар — сваякі,
Усім вядомы аўтар Міша,
І набірае ў дзве рукі.
Таропка па клавіятуры
Іх пальцы таньчаць цэлы дзень.
Твор новы у літаратуры
Нібыта сонечны прамень.
Леташняя творчая ніва пісьменніка ўжо адкаласіла, аддзякавала яму добрым ураджаем, аб чым я нагадаў у самым пачатку свайго артыкула. Але жыццё працягваецца. Неабходна рабіць новыя захады, пісаць новыя творы, каб і ў наступным годзе выраслі важкія каласы, парадавалі чытачоў тымі зярнятамі, якіх яны чакаюць. Для гэта ў гумарыста маюцца ўсе магчымасці. Дай толькі Бог яму здароўя. Як і ўсім творцам.
Мікола ЛЕЎЧАНКА
На здымку: Міхась Сліва ў маладыя гады.
