У Таганрозе (Растоўская вобласць, Расійская Федэрацыя) завяршыўся V Міжнародны маладзёжны фестываль-конкурс паэзіі і паэтычных перакладаў “Берагі дружбы”. Гран-пры фестывалю-конкурсу заваявала маладая гомельская паэтэса Анастасія Кацюргіна.

–У юбілейным міжнародным форуме сёлета прымалі ўдзел 28 літаратараў-прафесіяналаў з ліку членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі, якія выступалі ў ролі перакладчыкаў і куратараў-настаўнікаў, і 25 маладых творцаў практычна з усіх рэгіёнаў Беларусі, за выключэннем Віцебскай вобласці (найбольшую колькасць удзельнікаў прадставілі Гомельскае і Гродзенскае абласныя аддзяленні ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”), – адзначае кіраўнік міжнароднага праекта па збліжэнні славянскіх народаў “Берагі дружбы” па Рэспубліцы Беларусь, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Уладзімір Гаўрыловіч.

Нагадаем, што беларусы — ўдзельнікі гэтага міжнароднага праекта, які падтрымліваецца буйнымі творчымі саюзамі – Саюзам пісьменнікаў Беларусі і Саюзам пісьменнікаў Расіі, Саюзам пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы – накіроўвалі на конкурс свае паэтычныя набыткі на беларускай мове, іх творы затым арганізатары размяркоўвалі паміж пісьменнікамі-настаўнікамі і маладымі творцамі Расіі і Украіны з мэтай перакладу на рускую і ўкраінскую мовы. Адпаведнае “дамашняе заданне” атрымліваў і беларускі бок. Такім чынам усе маладыя аўтары (а іх з трох славянскіх краін ўдзельнічала ў праекце каля 300 чалавек) з дапамогай сваіх куратараў плённа працавалі над паэтычнымі тэкстамі сваіх суседзяў. Міжнароднае журы ацэньвала  як якасць прадстаўленых творчай моладдзю Беларусі, Расіі і Украіны паэтычных твораў на сваіх родных мовах, а таксама і якасць зробленых імі перакладаў. У выніку самыя здольныя з маладых аўтараў з трох краін сталі фіналістамі юбілейнага фестывалю, які прайшоў у Таганрозе.

З-за няпростай эпідэміялагічнай сітуацыі і прынятымі ў сувязі з гэтым абмежаваннямі, у тым ліку па перасячэнні расійскай мяжы, беларусам не ўдалося прыняць удзел у заключным туры фестывалю-конкурсу, што адбыўся на берагах Азоўскага мора. Аднак гэта не перашкодзіла ім сустрэцца ў фармаце анлайн.

Так, у першы дзень працы фестывалю-конкурсу ў Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы імя У.І. Леніна адбылася міжнародная анлайн-канферэнцыя  “Беларуская, руская, украінская мовы. Творчы пераклад. Набыткі, духоўнае ўзбагачэнне маладых творцаў. Узаемапранікненне літаратур на карысць славянскага адзінства”. На працягу некалькіх гадзін творчай сустрэчы адбываўся абмен думкамі аб выніках унікальнага па зместу і значнасці фестывалю-конкурсу, гучалі словы ўдзячнасці ад творчай моладзі за магчымасць развіваць свае здольнасці і знаёміцца з творамі пісьменнікаў з іншых славянскіх краін. І, зразумела, гучалі паэтычныя творы, якімі дзяліліся расійскія літаратары на чале са старшынёй Саюза пісьменнікаў Расіі Мікалаем Івановым, фіналісты фестывалю-конкурсу з Расіі і Украіны, якія прыехалі ў Таганрог, пісьменнікі з Бранска і ўкраінскага Глухава, а таксама  пісьменнікі-настаўнікі з Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” і маладыя гомельскія паэты. А на наступны дзень прайшоў сам конкурс, на які кожны з фіналістаў ад Беларусі дасылаў і сваё відэавыступленне. 

SONY DSC
SONY DSC
SONY DSC

У выніку двух этапаў конкурсу міжнароднае журы прысудзіла Гран-пры V Міжнароднага маладзёжнага фестывалю-конкурсу паэзіі і паэтычных перакладаў “Берагі дружбы” маладой гомельскай паэтэсе Анастасіі Кацюргіной. Гэтаксама яшчэ шэраг маладых фіналістаў ад Беларусі занялі прызавыя месцы. Так, лаўрэатам 1 ступені стала мінчанка Алейнікава Наталля, лаўрэатамі ІІ ступені сталі Паўлоўская Аліна з Гродна і Надзея Петручук (Філон) з Гомеля; лаўрэатамі ІІІ ступені сталі Грынь Вольга са Светлагорска, Багданчыкава Марыя і Цімашэня Яніна з Гомеля. Спецыяльнымі дыпломамі журы ў намінацыі “Паэзія” адзначаны: Жлоба Таццяна з Кармянскага раёна Гомельскай вобласці і Шведка Анастасія з Мінскага раёна Мінскай вобласці. Спецыяльныя дыпломы ў намінацыі “Паэтычны пераклад” таксама прысуджаны Курбака Вячаславу з Маладзечна і Прывалаву Сяргею з Гомеля.

Заслужаныя ўзнагароды  і кнігі, выдадзеныя па выніках конкурсу перакладаў, беларускія ўдзельнікі змогуць атрымаць у верасні ў Гомелі: V Міжнародны маладзёжны фестываль-конкурс паэзіі і паэтычных перакладаў “Берагі дружбы” завершыць сваю гадавую працу на XV Міжнародным фестывалі-свяце “Славянскія літаратурныя дажынкі-2020”.

Улад ПРЫАЗЁРНЫ

На фота: дыплом Гран-пры; у час міжнароднай анлайн-канферэнцыі.

Фота прэс-службы Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика