МУЗЫЧНА-ПАЭТЫЧНАЯ ПРАГРАМА Ў ДЗЕНЬ 78-АЙ ГАДАВІНЫ ВЫЗВАЛЕННЯ АД НЯМЕЦКА-ФАШЫСЦКІХ ЗАХОПНІКАЎ

У дзень вызвалення абласнога цэнтра ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ў гарадскім цэнтры культуры пісьменнікі і аматары мастацкага чытання сабраліся разам, каб аддаць даніну павагі тым, хто вызваляў горад над Сожам, нагадаць гамяльчанам і пра вялікі ўклад у вызваленне роднай краіны, які ўнеслі беларускія мастакі слова – пісьменнікі-франтавікі.

Музычна-паэтычнай праграме папярэднічала змястоўнае выступленне празаіка, старшыні Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Гаўрыловіча.

– Вялікая Айчынная вайна ў гісторыі чалавецтва была самай кровапралітнай і доўжылася амаль 4 гады, адбілася ў сэрцы кожнага жорсткай трагедыяй. Мы не павінны забываць,  што толькі афіцыйна пры вызваленні Гомеля загінула амаль 22 тысячы савецкіх воінаў. Вечная ім памяць! – падкрэсліў літаратар. – Пісьменнікі-франтавікі – гэта асобнае пакаленне гераічных асоб, якія выпрабавалі на сабе цяжар ваеннага і пасляваеннага перыяду. Некаторыя з іх загінулі на фронце, іншыя пражылі даўжэй і памерлі «не ад старасці, а ад старых ран…”

 Старшыня аддзялення СПБ нагадаў прысутным,  што Гомель вызвалялі сусветна вядомы празаік Аляксандр Салжаніцын, паэт Яўген Далматоўскі, а ў 1943 годзе ў горадзе над Сожам друкавалася сатырычнае выданне “Раздавім фашыскую гадзіну”. Да 80-годдзя ад пачатку вайны і выхада першага нумара агітплаката ў верасні 2021-га па ініцыятыве сучасных пісьменнікаў урачыста адкрыта памятная дошка ў гонар гэтай падзеі.

– Многія будучыя беларускія літаратары  пачыналі сваю дзейнасць на фронце. Праўдзівыя, высокамастацкія, па-са­праўднаму народныя творы пра вайну напісаны нашымі землякамі, народнымі пісьменнікамі Беларусі Іванам Мележам, Іванам Шамякіным, Іванам Навуменкам, драматургам Андрэем Макаёнкам, выдатнымі літаратарамі Паўлюком Прануза, Міколам Гамолкай, Аляксандрам Капусціным, Міхасём Даніленкам і многімі іншымі. Таму што яны ад жыцця, – канстатаваў Уладзімір Гаўрыловіч. Так, дзейнасць беларускіх пісьменнікаў набліжала Перамогу, дарыла надзею, заклікала на подзвігі. Беларуская літаратура ў гады Вялікай Айчыннай вайны мела вялікае значэнне і была непарыўна звязана з антыфашысцкім рухам, яна паказала гераічнасць і непераможны дух беларускага народа.

Сваё выступленне кіраўнік абласной пісьменніцкай арганізацыі завяршыў пытаннем: а ці актуальна і ці патрэбна сёння пісаць пра вайну?  Творца перакананы: тэма вайны яшчэ не да канца вычарпана нашымі папярэднікамі. I ў далейшым яна павiнна знаходзiць глыбокае, яркае i таленавiтае ўвасабленне ва ўсiх жанрах лiтаратуры.

Разам з тым нельга сёння маўчаць і не  выказаць рашучае «Не!» тым, хто скажае, перарабляе гiсторыю, здзекуецца з усенароднага подзвiгу i памяцi пра яго, прынiжае ролю савецкага, беларускага народа ў вызваленнi свету ад фашысцкага iга. Нельга маўчаць, калі з-за мяжы паднімаюць вэрхал “унукі фашысцкіх прахвастняў і забойцаў”. Нельга не рэагаваць, калі нехта заключае, што вось, маўляў, жыў і  жыве у краіне паліцаяў, а заяўляць ім у адказ: а мы ганарымся  тым, што жывём у краіне не здраднікаў народа, а герояў – воінаў і партызан!

На думку літаратара,  сучасныя гомельскія аўтары – члены СПБ – працягваюць добрыя традыцыі сваіх папярэднікаў. Нядаўна выйшаў новы нумар міжнароднага праекта – трохмоўнага  альманаха “Літара”, дзе якраз і змешчаны многія іх новыя творы пра падзеі Вялікай Айчыннай. Тэма гэта асабліва глыбока хвалюе Васіля Ткачова, Міхася Болсуна, Соф’ю Шах і Ізяслава Катлярова, Тамару Кручэнку і Ніну Шкляраву, Аляксандра Каляду, Валянціну Кадзетаву і Алега Ананьева, Раісу Дзяйкун і Галіну Рагавую, Уладзіміра Шпадарука і Ганну Атрошчанку, Яўгена Калашнікава і Івана Цітарэнку, Людмілу Яськову і Лілію Бандарэвіч, Аляксандра Атрушкевіча і Аляксандра Джада, Івана Лосікава і Аляксея Сазанчука, Іну Спасібіну, Уладзіслава Шышыгіна, Дар’ю Дарошка, а таксама членаў абласной пісьменніцкай арганізацыі, якія пражываюць за межамі краіны — Леаніда Севера і Анатоля Міроненку.

На ўрачыстасці Уладзімір Гаўрыловіч зрабіў і невялікую прэзентацыю новых кніг сваіх калег пра вайну, рэкамендуючы чытачам абавязкова пацікавіцца гэтымі навінкамі ў бібліятэках.

Толькі што выйшла з друку хроніка падзей Вялікай Айчыннай “Вайна – час подзвігаў і трагедый”, напісаная вядомым паэтам і  празаікам Ізяславам Катляровым. Кніга, як падкрэслена, — яскравы доказ той пераможнай славы, якая дасталася нам у спадчыну ад нашых папярэднікаў.

Тэма подзвігу і памяці пра ўдзельнікаў вайны вельмі моцна гучаць у новых паэтычных зборніках “Отечество души” Валерыя Ветошкіна, “Роднае, блізкае” Міхася Болсуна,  “Незабываемое” Алеся Дуброўскага. Дарэчы, два апошнія зборнікі —  пераклады на рускую мову, зробленыя расійскімі паэтамі; кнігі выйшлі  ў рамках міжнароднага праекта “Берагі дружбы”  у Растоўскай вобласці, удзельнікамі якога з’яўляюцца гомельскія творцы.

—  Пiсаць пра вайну праўдзiва — грамадзян­скi абавязак пiсьмен­нiка, бо лiтаратура — жывая гiсторыя народа, i яна павiнна данесцi гiстарычную праўду наступным пакаленням, — адзначалася на знакавай вечарыне ў гарадскім цэнтры культуры.

Са сцэны тым часам гучалі пранікнёныя лірычныя творы-прысвячэнні вызваліцелям горада над Сожам, успаміны пра сапраўдных герояў, музычныя творы на вершы гомельскіх паэтаў.

Цёплымі апладысментамі віталі чытачы і гледачы творчай імпрэзы гомельскіх літаратараў, лаўрэатаў абласной літаратурнай прэміі імя К.Тураўскага Міхася Болсуна і Іну Спасібіну, якія шчыра павіншавалі гамяльчан са святам і  прачыталі шэраг кранальных паэтычных твораў, прысвечаных падзеям Вялікай Айчыннай і вызваленню.

 Вельмі цёпла гледачы сустракалі і артыстаў самадзейных калектываў, якія працуюць на базе Гарадскога цэнтра культуры (установа сёлета адзначае 45-годдзе і гучала шмат прывітанняў у яе адрас), а таксама ўдзельнікаў аматарскага калектыва “Арт-кафэ на Ірынінскай, маладых аўтараў і музыкантаў Дзмітрыя Нілава і Сяргей Старыкава, іншых выступноўцаў. Канцэртная праграма прайшла вельмі па-сямейнаму, узрушана і сардэчна.

Прэс-служба Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика