29 жніўня ў аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна прайшоў VI Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый “Кліч Палесся”. Унікальны форум, які адбыўся  на тэрыторыі новастворанага гісторыка-этнаграфічнага комплексу “Музей пад акрытым небам” у Нацыянальным парку “Прыпяцкі”, запомніцца і творчымі сустрэчамі з сучаснымі беларускімі пісьменнікамі.

SONY DSC
SONY DSC
SONY DSC

У межах шматграннай праграмы фестывалю ў глыбінцы Беларускага Палесся упершыню Гомельская абласная пісьменніцкая арганізацыя Саюза пісьменнікаў Беларусі падаравала палешукам літаратурна-музычную праграму “Журавы на Палессе ляцяць”, у межах якой шырока прэзентавала кнігі лаўрэатаў абласной літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага. Больш таго: гэтае сваё выступленне пісьменніцкая арганізацыя прысвяціла 100-годдзю народнага пісьменніка Беларусі Андрэя Макаёнка і менавіта з яго распачала Дэкаду сучаснай беларускай літаратуры на тэрыторыі Гомельскай вобласці.   

SONY DSC
SONY DSC

У рэкрэацыі ДУА “Ляскавіцкая сярэдняя школа”, па прызнанні кіраўніцтва ўстановы і гледачоў (а гэта былі вучні, педагогі, супрацоўнікі школы, жыхары аграгарадка Ляскавічы), на працягу дзвюх гадзін сапраўды было вельмі ўзнёсла і душэўна цёпла ад пачутых лірычных і празаічных твораў. Іх прачыталі лаўрэаты абласной літаратурнай прэміі К.Тураўскага розных гадоў. Так, у першай частцы выступілі празаік, старшыня абласнога аддзялення СПБ Уладзімір Гаўрыловіч (які вёў праграму), акцёр тэатра і кіно, рэжысёр і драматург Аляксей Бычкоў, празаік і паэтэса Іна Зарэцкая, паэтэса і перакладчык Вольга Раўчанка (прэзентавала аж 4 кнігі перакладаў з розных моў свету).

Затым хораша падзяліліся сваімі творчымі набыткамі гомельскія творцы Ганна Атрошчанка і Галіна Рагавая, а таксама маладзейшыя творцы – член Саюза пісьменнікаў Беларусі Ала Бялькова і сёлетняя ўладальніца Гран-пры V Міжнароднага фестывалю-конкурсу маладзёжнай паэзіі і перакладаў  “Берагі дружбы” Анастасія Кацюргіна.  І кожнае выступленне вельмі цёпла было сустрэта палешукамі.

SONY DSC

Трэба сказаць, у межах праграмы, падрыхтаванай аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі, месцічы даведаліся і  пра шматгранную творчую дзейнасць абласной пісьменніцкай арганізацыі на тэрыторыі вобласці,  пра фестывальны рух, абласныя літаратурныя конкурсы і штогадовыя фестывалі “Славянскія літаратурныя дажынкі” і “На зямлі К.Тураўскага”, пра вельмі цікавае і карыснае міжнароднае супрацоўніцтва ў межах V Міжнароднага фестывалю-конкурсу маладзёжнай паэзіі і перакладаў  “Берагі дружбы” і іншыя праекты.

Надта парадаваў жыхароў аграгарадка яшчэ адзін удзельнік святочнай літаратурна-музычнай праграмы “Журавы на Палессе ляцяць” – Віктар Задарожны. Яшчэ ў маладосці менавіта тут, у Ляскавічах, ён пачынаў свой працоўны шлях у якасці дырэктара сельскага дома культуры, нямала зрабіў дзеля развіцця  народных традыцый і песеннай культуры. І цяпер, вядомы музыка і выканаўца, самабытны паэт і кампазітар, член Міжнароднага саюза пісьменнікаў і майстроў мастацтва, лаўрэат многіх міжнародных конкурсаў падарыў вяскоўцам шэраг песень, напісаных ім на творы гомельскіх літаратараў – зала літаральна “узрывалася” ад апладысментаў.

SONY DSC

А завяршылася літаратурна-музычная праграма ўручэннем навучальнай установе падарунка: Уладзімір Гаўрыловіч перадаў установе бібліятэчку кніг лаўрэатаў абласной прэміі К.Тураўскага і гомельскіх літаратараў. У адказ удзячныя чытачы падаравалі беларускім літаратарам кветкі,  пажадалі ім творчага плёну, запрасілі часцей прыязджаць на Палессе.

Улад ПРЫАЗЁРНЫ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика