Набыць новую кнігу выдатнага пісьменніка і пры жаданні ў любы момант пачуць жывы голас аўтара – такое здараецца не часта. Дык вось магчымасць зрабіць гэта дае кніга Уладзіміра Ліпскага “Памілуй і ўзвысь” (“Малітвы”) (Мінск, “Адукацыя і выхаванне”, 2020). Выданне ўтрымлівае кантэнт дапоўненай рэальнасці: творы гучаць у выкананні аўтара, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Ліпскага, а таксама заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Валерыя Анісенкі і заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Леаніда Улашчанкі.

У кнігу ўвайшлі 33 творы-малітвы славутага беларускага пісьменніка Уладзіміра Ліпскага. Гэта не проста зварот чалавека да Бога, гэта глыбокі роздум творчага чалавека над жыццём штодзённым і духоўным. Кожны твор пачынаецца са своеасаблівага загалоўка-эпіграфа – слоў Бібліі, якія даюць накірунак думак у тэкстах малітваў, створаных пісьменнікам. Яны ж і ўзмацняюць уздзеянне напісанага самім Уладзімірам Ліпскім. Таму і ўся кніга ўспрымаецца, як Евангелле, якое чытаеш – і кожны раз адкрываеш для сябе нешта новае.

Малітвы пісьменніка шчодра перасыпаны афарыстычнымі выразамі:

      Любоў – гэта залаты ключык, якім можна адамкнуць і замкнуць сэрца.

      Каштоўнасць чалавека – яго карысць на зямлі.

      Жыццё вымяраецца не гадамі, а справамі.

      За ўсё добрае мы плацім, за ўсё дрэннае – расплачваемся.

      Лепш змаўчаць, чым сказаць лішняе.

     Дабрыня – самая надзейная вопратка.

У тэкстах – шмат мудрых думак:

      Аказваецца, карысней за ўсё спазнаць самога сябе.

      Аказваецца, усе колеры прыгажосці ў духоўным багацці.

      Пачынаць ачышчэнне ніколі не позна.

      Божы запавет: рабіць дабро – святая справа. Што аддаў – тое і тваё.

      Бедны не той, у каго нічога няма, а той, хто заняты толькі сабой.

      Толькі натхнёнай працай можна набыць плён.

Дык што ж просіць пісьменнік у Госпада? А хоча ён вось чаго:

      Навучы, Ойча, рабіць дабро, тады я набуду сяброў на зямлі, скарб – у нябёсах.

      Не адымай, Госпадзе, у беларусаў іхняй зямлі, мовы, святаў…

      Не дай, Госпадзе, высахнуць празрыстай, чыстай крыніцы, якая завецца Беларусь, з якой наталяюць смагу ці не ўсе славяне свету.

І заклікае:

      Памолімся, каб людзі вакол нас сталі добрымі, міласэрнымі, спагадлівымі. І самі пастараемся быць такімі.

Новая кніга Уладзіміра Ліпскага “Памілуй і ўзвысь” (“Малітвы”), якая цудоўна ілюстравана мастаком Лізаветай Субач, выйшла накладам 1000 экзэмпляраў. Так што многія чытачы змогуць набыць яе – зрабіць сабе добры падарунак, дакрануцца да высокага і светлага, да духоўнасці.

Міхась СЛІВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика