Менавіта так павінны мы адносіцца да ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны 1941 – 1945 гадоў, да тых, хто праліваў сваю кроў у барацьбе за свабоду і незалежнасць нашай Айчыны. Да ўсіх, хто на франтах і ў тыле набліжаў Вялікую Перамогу. На жаль, удзельнікаў той жудаснай вайны ў жывых застаецца ўсё менш, таму цяжэй становіцца захаваць дакладныя,  праўдзівыя звесткі абтых страшных і гераічных гадах, пра вялікі подзвіг нашага народа.

На сучасным этапе ўзмацняюцца спробы фальсіфікаваць гістарычную праўду, пасеяць у душах новых пакаленняў сумненні ў мужнасці і гераізме савецкіх людзей, у тым, што менавіта мы перамаглі самага страшнага ворага чалавецтва – нямецкі фашызм. Таму вельмі важнай з’яўляецца пазіцыя беларускіх пісьменнікаў, якія з дапамогай мастацкага слова могуць і павінны адстойваць гістарычную праўду.

У сувязі з гэтым актуальнай  падзеяй, якая адбылася на Гомельшчыне 8 – 12 верасня 2021 года,  стала першая міжнародная канферэнцыя славянскіх літаратараў “Захаванне гістарычнай памяці сродкамі літаратуры і мастацтва – наш абавязак перад паўшымі, перад гісторыяй і наш абавязак перад сучаснымі і будучымі пакаленнямі”. Ініцыятарам і арганізатарам  гэтага мерапрыемства быў заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, вядомы празаік, публіцыст і драматург Уладзімір Гаўрыловіч. Канферэнцыя праведзена абласным аддзяленнем СПБ пры падтрымцы Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама, абласной універсальнай бібліятэкі, абласнога адзялення Беларускага фонда міру, многіх пісьменніцкіх рэгіянальных арганізацый Расіі і Украіны.

З прывітаннем на канферэнцыі славянскіх літаратараў выступілі намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Прывалаў, намеснік старшыні праўлення абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру” Уладзімір Восараў. З відэапрывітаннем да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуліся кіраўнікі творчых саюзаў Беларусі і Расіі, сустаршыні Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы Мікалай Чаргінец і Мікалай Іваноў. Акрамя літаратараў трох краін, цікавыя, змястоўныя даклады і выступленні слухалі студэнты вышэйшых навучальных устаноў Гомеля і вобласці, работнікі культуры, адукацыі, вучоныя і спецыялісты розных сфер.

Асаблівую ўвагу прыцягнулі даклады Ганаровага старшыні СПБ, народнага пісьменніка Беларусі Мікалая Чаргінца (“Мая памяць – галоўны абвінаваўца фашызма”),  ларэата Дзяржаўнай і Нацыянальнай прэмій Рэспублікі Беларусь, празаіка і публіцыста Уладзіміра Саламахі “Сучасная беларуская літаратура працягвае выхоўваць патрыётаў”),  старшыні Гомельскага абласнога аддзялення СПБ, заслужанага дзеяча культуры, празаіка, публіцыста і драматурга Уладзіміра Гаўрыловіча (“Пра вайну і літаратуру”), сакратара праўлення, генеральнага дырэктара Саюза пісьменнікаў Расіі Васіля Дварцова (“Не трэба забываць…”), сакратара  Саюза пісьменнікаў Расіі, старшыні Краснадарскай краявой пісьменніцкай арганізацыі, заслужанага  дзеяча мастацтваў Кубані , галоўнага  рэдактара  часопіса “Краснодар литературный”, паэта, празаіка,  публіцыста Святланы Макаравай-Грыцэнка (“Блажен, кто посетил сей мир в его минуты роковые”). Многа слушных думак выказалі таксама член Саюза пісьменнікаў Расіі, паэт, празаік з Бранска Людміла Ашэка (“Роля сучаснай літаратуры ў патрыятычным выхаванні моладзі”), паэт, старшыня Калужскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Расіі Вадзім Цярохін (“Слова можа кіраваць светам”),  іншыя ўдзельнікі канферэнцыі з розных рэгіёнаў Беларусі, Расіі і Украіны.

У прынятай на канферэнцыі рэзалюцыі пісьменнікі  абавязаліся рабіць усё магчымае, каб урокі Вялікай Айчыннай вайны, адлюстраваныя ў таленавітых і праўдзівых творах літаратуры і мастацтва, зноў станавіліся асновай генетычнай памяці нашых народаў і выказваліся ў пачуццях любові і найглыбейшай павагі да ветэранаў-пераможцаў, дзяцей вайны і ўсіх, хто пацярпеў у ваеннае ліхалецце, вытрымаў страшэнныя пакуты. Удзельнікі канферэнцыі заклікалі сучасных славянскіх літаратараў пісаць новыя творы пра подзвіг народа-пераможцы, уносіць свой уклад ва ўмацаванне міру, братэрства і адзінства. У рэзалюцыі адзначана таксама: “Мы заклікаем усіх людзей добрай волі, сумлення і абавязку, асабліва падрастаючае пакаленне праяўляць найглыбейшую павагу да нашай гістарычнай памяці. Мы заклікаем пісьменнікаў Беларусі, Расіі, Украіны і іншых брацкіх дзяржаў выступіць адзіным фронтам супраць фашызма, які ўзнімае галаву!”

Вельмі важна і тое, што ўсе матэрыялы канферэнцыі (а іх набралася на цэлую кнігу!) аператыўна апублікаваны. Намаганнямі таго ж Уладзіміра Гаўрыловіча яны былі своечасова падрыхтаваны да друку і ўключаны ў чарговы выпуск міжнароднага трохмоўнага  альманаха “Літара” (дарэчы, гэта літаратурна-мастацкі, культурна-асветніцкі  праект старшыні Гомельскага аддзялення СПБ) – № 7 і 8 за 2022 год (здвоены выпуск).  Кніга выйшла ў свет якраз напярэдадні важных падзей у культурным жыцці вобласці і краіны – XXVII Міжнароднага фестывалю-свята “Славянскія літаратурныя дажынкі”, IV рэгіянальнага фестывалю літаратуры, культуры, мастацтва і народных традыцый “На зямлі Кірылы Тураўскага” з удзелам майстроў слова трох славянскіх краін, Дня беларускага пісьменства ў Добрушы.

Што яшчэ цікава: у кнізе змешчаны адказы літаратараў на пытанні спецыяльнай анкеты “Слова да памяці і міру”, у якіх адлюстраваны думкі і меркаванні па ўсіх, узнятых на канферэнцыі праблемах. Як бы працягам тэмы гістарычнай памяці і патрыятызму ў альманаху апублікаваны  паэтычныя і празаічныя творы амаль паўсотні расійскіх літаратараў  і больш двух дзясяткаў пісьменнікаў Гомельшчыны. Кніга ў выдатным паліграфічным выкананні, у цвёрдай вокладцы  выйшла тыражом 150 экзэмпляраў, паступае ў бібліятэкі, стане добрым памочнікам у патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення, паслужыць важнейшай справе  – захаванню нашай гістарычнай памяці.

Міхась СЛІВА

Яндекс.Метрика