Кажуць, чужой родная зямля не бывае. І ніколі не будзе! Нават тады, калі на месцы былой вёсачкі засталіся адны толькі могілкі, грэбля і сажалка, якую ўжо зацягнула жоўтая раска… Але людзі імкнуцца да родных мясцінаў, каб сэрцам прытуліцца да зямліцы! І не толькі ў думках, але і ў сваіх марах. Калі ёсць добрая магчымасць – многія прыязджаюць, каб павітацца з полем і ляском Доўгінькі. Дый паздароўкацца са старымі вярбінамі і бярозкамі, якія яшчэ засталіся. Зазіраюць, вядома ж, і на могілкі, каб навесці тут належны парадак. І пакланіцца родным людзям, суседзям, вяскоўцам…

 

Некаторыя нават выказалі жаданне, каб быць пахаванымі менавіта вось тут, на вясковых могілках. Дзеці, унукі старанна выконваюць гэтыя зразумелыя просьбы. Асобныя здзіўляюцца: навошта, маўляў, такі клопат? Можна ж знайсці апошні прытулак і на гарадскіх могілках? Але кожнаму, як кажуць, адведзена сваё месца ў жыцці. І ў кожнага – свой лёс, свая святая прастора.

 

Некаторым не дадзена зразумець, што самота па родных мясцінах літаральна лунае ў прасторы. І кліча, прыцягвае, уражвае вясной чысцюткім водарам кветак на лузе і ў полі, сваёй непаўторнасцю. Родныя мясціны – гэта святое месца, якое пустым ніколі не бывае. Тут павінны жыць не толькі птушкі, дзікія жывёлы, але і людзі.

 

Вось і мой сусед заўсёды водпуск плануе правесці ў родных мясцінах. І не ў тым знакамітым Егіпце і Турцыі, як робяць некаторыя… Дарэчы, у суседняй вёсцы ёсць і хата, дзе не так даўно жыла цешча. Працавітая была і вельмі сціплая цётачка. З вясны да самых халадоў там цяпер жыве жонка Ніна, якая старанна шчыруе ў агародзе. І забяспечвае тры сям’і чыстай, без хімікатаў, агароднінай і садавінай.

 

Жанчыне падабаецца жыць у вёсцы. Як яна лічыць, што тут і паветра чысцюткае, і вадзіца са студні крыштальная. І вельмі смачная. Не тое, што ў горадзе! Дый сон ў драўлянай хаце моцны і добры. І такі салодкі, як у далёкім дзяцінстве. І ніхто з суседзяў не турбуе, не грукае па начах. І нават не крычыць, быццам у тым лесе, як часам здараецца ў гарадскіх шматпавярхоўках, дзе ўсё добра чуваць…

 

Прыязджаюць сюды і дачка, і школьніца ўнучка. Ім таксама падабаецца прыволле вясковае, возера і бярозавы гай на Падоле, літаральна за агародамі. А ўлетку яны жывуць у вёсцы пастаянна. А вось, Уладзік, калі зазірае сюды, хуценька дапамагае тое-сёе зрабіць па гаспадарцы. А ўвечары, закінуўшы на плечы стрэльбу, прыхапіўшы перакус з вадзіцай, бярэ накірунак у свой былы пасёлак.

 

Калі мужчына крочыць па знаёмай дарозе, яшчэ здалёк заўважае зялёны лясок Доўгінькі, кудлатыя дрэвы на могілках. А справа – можна таксама ўбачыць дрэўцы на месцы былога памніка. У далёкім 1943-м годзе, воіны Чырвонай арміі вызвалялі пасёлак Рог ад гітлераўскіх акупантаў… І загінулі. Калі пасёлак знік з карты раёна, астанкі перанеслі ў суседнюю вёску і пахавалі… На месцы помніка браты Алампіевы ўстанавілі металічны крыж з шыльдай, на якой пералічаны ўсе воіны, якія тут былі пахаванымі.

 

Асаблівую ўвагу Ўладзіка прыцягваюць і дзве вярбіны. Адно дрэва некалі пасадзіў у канцы агарода ягоны бацька. А вось другую вярбу пасадзіў ужо дзед Зорык. Дрэвы гэтыя ўжо даволі старыя. Але ж кожную вясну зелянеюць, прыцягваюць да сябе погляды. Быццам дасылаюць напамінак усім, што і тут раней жылі людзі. Каб не забылі, помнілі…

 

Менавіта сюды заўсёды рвецца сэрца Ўладзіміра Аляксеевіча. І не дзіўна. Родная зямліца кліча да сябе, пра былое нагадвае. Некалі з сынам ён зрабіў тут будан, які зараз нагадвае шацёр. Змайстраваў і лаўку. Бывала і такое, калі, наблукаўшыся ўволю з сябрамі дзяцінства, заставаліся начаваць пад вярбою. Расклаўшы касцёр, варылі духмяную юшку з рыбы, якую налавілі ў возеры, ды шмат чаго ўспаміналі. Пасля сяброўскай чаркі гэтыя ўспамінкі цягнуліся амаль да самага світанку…

 

Пагладзіўшы далонямі шурпатую кару, Уладзік прыціснецца да яе шчакой. І адразу засумуе. Успомняцца бабуля, маці і бацька-франтавік, які рана пайшоў з жыцця. Здаецца, што нават чуецца ў паветры, як бабуся звонкім голасам кліча іх са старэшым братам Міколкай на абед… Якімі былі смачнымі тады бабуліны баршчы і кашы з вясковай печы! А бульбачка атрымлівалася такая разварыстая, салодкая.

 

Бацька, Аляксей Лаўрэнавіч, вярнуўся з вайны хворым… І мірнае жыццё ў яго было нядоўгім. Засталіся два сыны-школьнікі. Міколка і Ўладзік. Франтавік быў працавітым, у вёсцы лічыўся майстрам “на ўсе рукі”. Пра гэтае маглі засведчыць двор і хата. Жанчыны-ўдовы цішком зайздросцілі. Вось гэтыя добрыя якасці і перадаліся сынам, нават унукам.

 

Прысеўшы на лаўку, Уладзік крыху адпачне. А ўспамінкі плывуць ракой, не даюць пераключыцца на штосьці іншае. А потым – нетаропка пакрочыць сцежкай да сажалкі. Вось менавіта тут, ён купаўся з сябрамі дзяцінства. І старанна асвойваў першыя навыкі плавання. Сюды чародкамі беглі і хатнія вуткі, гусі. Птушкі нават не звярталі ўвагу на малечу, а спакойна плавалі па вадзе. Такое суседства даўно было звыклым.

 

Амаль уся сажалка цяпер зарасла жоўтай раскай, а па берагах – сагнуліся ў паклонах старыя вербы і клёнікі. Гэтыя дрэвы калісьці пасадзілі старэйшыя хлопчыкі, якія амаль усе ўжо адляцелі ў незваротны вырай… Тоненькія дрэўцы тады адразу прыжыліся, утварылі сапраўднае зялёнае кола каля вады. А вось грэбля паступова зруйнавалася, распаўзлася пад коламі моцнай калгаснай тэхнікі. А потым – зусім знікла ў высокай траве. Цяпер па ёй не прайсці. І нават не праехаць.

 

У былыя часы, калі галоўную вуліцу злучала грэбля з Плытаўкай, яна выглядала трывалай і даволі высокай. Бо была дагледжанай. Вясковыя людзі імкнуліся сачыць, каб усё  было як след! Вось менавіта па гэтай вуліцы бегала басанож і дзяўчынка Ніна, якая потым стала ягонай жоначкай…

 

Падняўшыся крыху на ўзвышша, дзе раней месцілася Плытаўка, мужчына самотна азірнецца навокал. Ад былой вуліцы засталося толькі адно поле… Павярнуўшыся тварам на Ўсход, можна ўбачыць далей густы лазняк, які зрабіўся амаль лесам на былым тарфяніку. А за гэтым ляском, яшчэ віднеліся хаты пасёлака Чырвоны Камень. Як добра, што тут жывуць людзі, якія шчырыюць на сваіх сотках, імкнуцца, каб вёсачка не знікла , не згубілася.

 

Уладзік па памяці пачынае пералічваць хаты тых аднавяскоўцаў, хто тут раней жыў… Некаторых ужо даўно няма на свеце. Але засталіся ўспаміны. Яны, гэтыя ўспамінкі, сёння, як тое сонейка ў нябёсах! І саграваюць светлай надзеяй, незвычайным цяплом. Нават сілкуюць, робяць мацнейшымі і дабрэйшымі. І заўсёды дапамагаюць у цяжкую хвіліну.

 

МОЙ СОН

 

Сніцца дом, чужыя хаты,

Ранак, згорбіўся ў нудзе…

Сад ад квецені бухматы,

Па дарозе май ідзе.

 

Я бягу за ім таксама,

І бягуць услед гады…

Дзе жывеш цяпер ты, мама?

Не знайду твае сляды.

 

Крочу ў родны двор нясмела,

Дзень згубіўся ў сіняве.

Што было? Не адбалела.

Сцежка знікла ў траве…

5.05.2018.

 

* * *

Квяцісты луг ад канюшыны,

Застынем тут, як у чарзе…

Ліецца з лесу хор птушыны,

Няма такога больш нідзе!

 

Няма цяпер і апраўдання,

Свой родны кут не збераглі…

Спяшаемся вясною ранняй,

Каб пакланіцца зноў зямлі.

 

Прайшоўшы сцежкай да вярбіны,

Мы мроім думачку адну.

Пасёлак знік зусім. Загінуў…

Адчуем горкую віну.

                                          19.04.2018.

 

У ВЁСЦЫ

 

Песня траўня недапета,

Зелянее яшчэ ліст.

У акне – красуе лета,

Грае шпак, як гарманіст.

 

 

Уздымае колас жыта,

І бягуць імкліва дні…

Луг расою сёння ўмыты,

Гром гудзе ўдалечыні.

 

Дожджык – радасць людзям, Богу,

Толькі сумная пчала.

Квецень сада, на дарогу,

Белай коўдраю лягла…

5.05.2018.

 

СОН ПРА ПЕРАРОСТ

 

Да цябе я прыйшла па дарозе,

І не бачу наш дом з-за смугі…

Прыпынілася тут, у знямозе,

Дзе завулак, ты наш, дарагі?

 

І чамусьці зрабілася горка:

Сум блукае навокал адзін…

Бо для родных патухла ўжо зорка,

Толькі вецер гудзе між ялін.

 

І другая цяпер панарама:

Не квітнее ўжо бэз у акне.

Бегла сцежка па вуліцы прама,

Горыч раптам мяне тузане.

 

Прыціскаю да сэрца далоні,

Са слязамі зноў Бога прашу:

– Каб уранні сагрэлі ўсіх промні,

Весялілі людзей і душу!

23.04.2018.

 

 

* * *

У тым полі, за крыніцай,

Туман л’ецца, нібы дым…

Восень, жоўтай чаўніцай

Пафарбуе луг зусім.

 

Пуста будзе тады ў полі,

Пачарнее раптам лес.

Знікне сонейка ў прыполе

Сярод ёлачак-прынцэс.

 

І ляціць лісток панылы,

Быццам жоўты матылёк.

Родны клён яму нямілы,

Зімку бача ён здалёк…

                            2.05.2018.

 

Н А С Т А Л Ь Г І Я

 

Няма паветра саладзей,

Чым родныя мясціны.

Ты запытайся ў людзей,

Хто родны кут пакінуў…

 

Хто помніць сцежку ля двара,

Як зелянее ніва,

І як смяецца дзетвара,

Так радасна, шчасліва.

 

Вясной спявае ранкам гай,

Здзіўляе хор птушыны.

І цешыць сэрца звонкі май,

І водар канюшыны.

 

Спазнаўшы горкую журбу,

Вяртайся ты дахаты!

Каб пачынаць сваю сяўбу,

Забыўшы горыч, страты…

24..03.2018.

 

П Р Ы З Н А Н Н Е

 

Пад небам гэтым зорным,

Прызнацца зноў змагу,

Што край мой – непаўторны!

Яго я берагу.

 

Туды імкнуцца ногі,

І думкі ўсе мае.

Бялеюць там разлогі,

Завея шлях віе.

 

Спявае птах вясною,

Паветра, як віно.

Завулак той, з вярбою,

Мне сніцца ўжо даўно…                                        

                                               22.03.2018

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика