(Лірычная замалёўка)

Прачынаюся рана-рана, у перадсвітальным паўзмроку. Гэта ўжо не ноч: слаба праступаюць з цемры асобныя прадметы – рыхтуецца да штодзённай працы сонца. Пакуль нябачнае за лесам, яно адлюстроўваецца ў лёгкіх аблачынках, якія  кідаюць рассеянае святло на яшчэ сонную зямлю.

Адчыняю дзверы на двор: на газоне перад ганкам …  дзікая качка. Не  дзіва, бо качкі жывуць побач, за плотам.  Качка адчувае сябе як дома: ходзіць, нешта клюе. Імгненне –і яна са свістам крылаў узлятае. Ляціць у сваё  недалёкае селішча.

За плотам, у зарасніку рагозу, чуецца гучнае ваяўнічае краканне і шумлівае плёсканне.        Гэта качары праганяюць са сваёй тэрыторыі сапернікаў. Назіраю за імі з лесвіцы, якая вядзе на гарышча. Прыгожыя птушкі – пер’е каляровае, больш сіняга з цёмным адлівам – наскокваюць адзін на аднаго, расставіўшы крылы. Я нялоўка паварушылася – і качары ўмомант зніклі: схаваліся ў балотным зарасніку.

…”Не далі прагнаць нахабніка! Гэта мой дом! Сюды не даходзіць пажар. Тут рэдка палююць лісіцы, бо побач, за плотам, сабака. І каршун, што жыве  непадалёку, не адважваецца лётаць так блізка ад селішча.

Няхай толькі знікне постаць чалавека, і я зноў паклічу саперніка на бойку”.

Апранаюся, бяру кошык і выходжу за весніцы. Ні душы, ні гуку. Напэўна, так было калісьці ў пачатку Стварэння. Баюся наступіць на травінку, каб не збіць з яе кроплі расы. Зачараваная, не адразу заўважаю рыбака, што сядзіць з вудаю ля сажалкі, узбоч якой стаіць мой дом і дзе цяпер пралягае мая сцежка. Рыбак,відаць, таксама зачараваны: у сваім шэра-зялёным касцюме, ён здаецца кавалкам зарослага травою берага. Ну, вядома ж, зачараваны. Бо сядзіць зусім нерухома. Ды і сабака мой на яго не брэша…

На маім шляху яшчэ адна сажалка. Яна зацягнута дываном зялёнай раскі. Па расцы пракладзены цёмныя бліскучыя дарожкі вады. Гэта мае знаёмыя – дзікія шэрыя качкі – чэрцяць тут свае маршруты. Спыняюся і гляджу. Ніякай увагі на мяне. Плывуць шпарка, ланцужком. Лапкі пад вадою, таму не бачна, як яны імі вяслуюць. Рух плаўны, без гойдання. Здаецца, што іх нанізалі на вяровачку, якую нехта павольна цягне. Лічу. Адна, дзве, тры… шэсць А  дзе ж сёмая? Няўжо нехта злавіў? Не, вось яна, ля паваленага дрэва. Адным канцом дрэва ўпала ў ваду, а другім, абгрызеным накшталт заточанага алоўка  (бабры пастараліся ) ляжыць на беразе. Пераводжу позірк трохі вышэй. На гэтым жа паваленым камлі сядзіць… шэрая чапля. Сядзіць да мяне ў профіль, і абрыс яе такі выразны, што шкадую: няма з сабою алоўка. Нават я, немастак, бадай,змагла б яе намаляваць. Даўно не было тут чапляў.  Стаю і любуюся. На заднім плане як дэкарацыя – “бабрынае” дрэва з чапляю на ім. На пярэднім —  “выступаюць” качкі. Гэта нагадвае сцэну з балета “Лебядзінае возера”. Але ніводная балерына не дасягне такой гнуткасці і плаўнасці рухаў. Людзі марна імкнуцца пераняць прыгажосць, якая створана прыродай.

Паглыбляюся ў лес. Памалу світае, але сонца яшчэ не паднялося над вяршалінамі дрэў. Сцяжынка толькі ўгадваецца па больш нізкай траве. Ніхто сёння тут яшчэ не ішоў, бо раса некранутая. Пасвістваюць птушкі. І раптам…нечыя морда высоўваецца на прагаліну наперадзе, метраў за дваццаць. Высоўваецца, заўважыўшы мяне, перасцярожліва рохкае,  адным прыжком пераскоквае маю сцежку і знікае ў зарасніку. “Вяпрук, — даходзіць да мяне. – Ды які здаравенны!” Спыняюся, бо там, адкуль выскачыў звер, чуецца і адразу сціхае кароткае шамаценне. Напэўна, статак.

Вяртаюся трохі назад, каб абысці небяспечнае месца па машынным шляху. Машын яшчэ мала. Пахне ранішнім туманам, які пранізаны сонцам.

…”Пахне чалавекам! Далей, як мага далей адсюль! Нельга было так затрымлівацца. Даўно пара затаіцца ў гушчары. Але пасля доўгай спёкі  нарэшце прайшоў дождж. Як цудоўна было ляжаць у прахалодзе і качацца ў вадзе ў ямках-ваннах! А як радаваліся парасяты!  Хутчэй адсюль!” Стары сякач счакаў, пакуль увесь статак – восем галоў – пераскочыў прагал, і павёў сям’ю ў густы зараснік, дзе сярод паваленых дрэў, канаў і ямін можна было адпачываць да наступнай начы.

Утульны беразняк, дзе знаёма амаль кожная бярозка. На доле сярод старога зляжалага лісця там і сям амаль голыя плямы зямлі  — улюбёныя “дамоўкі” жоўценькіх лісічак. А вось і яны, злёгку прыцярушаныя дзе лістком, дзе травінкай.  Стараючыся не пераступаць нагамі, каб не патаптаць грыбы, мацаю зямлю  пальцамі і натыкаюся на ўсё новыя знаходкі.Выцягваю іх з прыўзнятай лістоты, вызваляю з махавых купінак, дастаю з-пад навіслай над зямлёй разлапістай галіны арэшніка. Падразаю, абтрасаю смецце і кладу ў кошык.

Краем вока заўважаю нейкі рух. Не мяняючы становішча, асцярожна паварочваю галаву і трошкі ўздрыгваю ад нечаканасці. Здаецца, хапіла б на сёння сустрэч. Лось. Толькі што ўскочыў у гэты прагал паміж дрэвамі і застыў, убачыўшы чалавека. Вялізны.  Карона рагоў адцягвае галаву. Глядзіць на мяне некалькі секунд зверху ўніз, і ад таго здаецца, што з пагардай. Я разглядаю яго, ён – мяне. І нечакана лёгка для такой аграмадзіны зрываецца з месца і знікае. Бясшумна. Ніводзін сучок не хруснуў.Толькі пакалыхваюцца некалькі галінак на крушыне, ля якой лось стаяў. Як гэта ў іх, звяроў, так атрымліваецца?

…”Эх, шкада! Толькі збіраўся паласавацца карою і маладымі сакавітымі галінкамі. Яшчэ трохі  і быў бы сыты. Ходзяць тут. Поўзаюць. Праўда, ад такіх, з кошыкамі, небяспекі ніякай. Але на ўсякі выпадак трэба далей прабегчы. Можна напасвіцца ў маладым асінніку, што за дубняком, трохі пагуляць на сонечнай паляне паміж балотцамі – людзі туды не дабіраюцца. А потым адлежвацца ў патаемным сховішчы.”

Лось імчаўся, краем вільготнага вока адзначаючы небяспечныя сцежкі і ўзараныя даўгарылымі дзікамі паляны пад дубамі. Імчаўся лёгка і хутка. Далей ад чалавека.

Падсвядома стараюся ступаць бясшумна – вучуся ў лася. Не атрымоўваецца. Як назло пад нагу трапіла і  хруснула сухая галінка. Выходжу на паляну.Тут заўсёды збіраю грыбы. І адразу бачу: сёння мне тут рабіць няма чаго. На досвітку тут ужо пабывалі дзікі. Парыліся.І менавіта там, пад тымі кусцікамі, ля тых купінак і паваленых спарахнелых дрэў, дзе растуць “мае” грыбы.  На рыхлай зямлі сляды капытоў і капыцікаў. Пайду пашукаю ў іншым месцы.

Вось так і ходзім побач, па адных сцежках. Зрэдку сустракаемся і зноў разыходзімся, каб кожнаму ісці па сваёй дарозе. Лес вялікі – усім месца хапае.

Вяртаюся з поўным кошыкам па той жа зарослай травою сцежцы. Сустракаю запозненых грыбнікоў, што яшчэ толькі кіруюць у лес. Грыбоў то набяруць, але праспалі яны світальную казку.

Знік туман. На знаёмай сажалцы паваленае дрэва пустое: чапля знікла. Пахаваліся качкі. Засталіся толькі цёмныя дарожкі сярод раскі. Сустракаю рыбака, які “адарваўся” ад берага і ідзе насустрач мне з вудаю і вядзерцам, дзе плёскаюцца карасі.

Світальная казка скончылася. Пачынаецца дзень.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика