Уладзімір Гаўрыловіч са сваімі першымі апавяданнямі выйшаў да рэспубліканскага чытача ў канцы 80-х. Тады ён, юнак, яму было крыху больш 20-ці, пасля трэцяга курса філфака Мінскага педагагічнага інстытута імя А.М.Горкага перавёўся на завочнае аддзяленне і стаў працаваць настаўнікам у сваёй роднай Вятчынскай школе Жыткавіцкага раёна. Пачынаючага пісьменніка цікавіла ўсё: і першае каханне, з яго самотамі і радасцямі, і праявы сутнасці чалавека ў розных абставінах, і як тым, хто толькі ўступае ў жыццё не згубіцца на яго няпростых шляхах… А што яны, шляхі тыя  “пакручастыя”, ведаў з гісторыі свайго роду, ды ад сваіх землякоў, сярод якіх гадаваўся і рос.

Пра землякоў У.Гаўрыловіч пісаў апавяданні і нарысы і далей: калі служыў у войску, калі  працаваў дырэктарам Бялёўскай СШ у сваім жа раёне. І  потым – будучы галоўным рэдактарам Жыткавіцкай райгазеты “Новае Палессе”, і працуючы на такой жа пасадзе ў  гарадской газеце “Гомельскія ведамасці”, затым – уласным карэспандэнтам газеты “Беларускі час”.  І, вядома ж, цяпер, зяўляючыся  Старшынёй Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. І заўсёды пісьменнік для землякоў – свой. Мне пашчасціла быць сведкам адной сустрэчы з імі У.Гаўрыловіча. “Мікалаевіч, пра нас ніхто не пісаў і не піша так  як вы. Ды яшчэ кнігі! Чытаем, і пазнаём сябе, і вашых бацькоў пазнаём. Пішаце  праўду і пра іх і пра нас! І адкуль вы ўсё гэта ведаеце?”

Але – шчыра і бясхітрасна. А адкуль ведае? Ды з іхніх жа, землякоў, аповядаў пра тое, што было з імі, іх роднымі, суседзямі, аднавяскоўцамі. А калі пра бацькоў, пра свой род, дык – ад іх саміх, ды ад бабуль сваіх. А таксама ад мамінага бацькі дзядулі Ігната, франтавіка. Другі дзядуля, бацькаў бацька, дзед Васіль загінуў… Яго магілу Уладзімір Гаўрыловіч адшукаў у Расіі толькі некалькі гадоў таму. Дапамаглі расіяне, сябры-пісьменнікі, і проста незнаёмыя людзі.

 Ведаю, быў рэдактарам яго многіх кніг, У.Гаўрыловіч яшчэ на пачатку свайго творчага шляху вызначыў сваё месца сярод людзей,  свой галоўны жыццёвы занятак. Ён такі:  праўдзіва пісаць пра  іх, пра час, у якім жылі і жывуць, каб у свеце ведалі хто яны – палешукі. Інакш, як і цяпер лічыць, ужо даўно знакаміты пісьменнік Уладзімір Гаўрыловіч, Лаўрэат шэрагу прэстыжных нашых і Міжнародных літаратурных прэмій, аўтар твораў, перакладзеных у Расіі, ва Украіне, у Швейцарыі, уся  твая (яго) дзейнасць губляе сэнс. Бо калі для сябе, то  і ёсць для сябе…  Зрэшты, гэтаму вучыць уся наша літаратура. Яна і цяпер, калі розныя псеўда творы актыўна “раскручваюцца” і выдаюцца за літузоры, – беларуская літаратура па-ранейшаму арыентуецца на дабро і чалавечнасць. А прыклады класікаў, і нашых сучасных майстроў слова, ды многіх пісьменнікаў пакалення Гаўрыловіча, а таксама таленавітай моладзі – сведчанне гэтаму.

Так, У.Гаўрыловіч у сваёй творчасці перш за ўсё арыентуецца на сваіх землякоў. Ён даследуе іх жыццё  ў розныя часы, сёння – таксама.  Пісьменнік    яшчэ заспеў тых, хто  перажыў калектывізацыю з  яе “перагібамі”, калі  са свядомасці  народнага кармільца прымусова і жорстка вынішчалася яго спрадвечная адданасць зямлі… Тады  нямала хто не вытрымаўшы гэтага, станавіўся ворагам не толькі ўладзе, а і сваім людзям…  І ўжо ў сваіх першых кнігах прозы і нарысаў “ Споднія яблыкі” (1999), “Забранае шчасце” (2001), “Глыбокія карані” (2001) і інш., У.Гаўрыловіч задумаўся: чаму так было?.. Чаму варагавалі ўчарашнія сябры-суседзі, нават бацькі і дзеці, часам ажно да смерці?..  І чаму пры гэтым людзі, у даным выпадку, многія  яго землякі  змаглі захаваць у сябе чалавечнасць? І як, чаму, пасля ў вайну, раней пакрыўджаныя уладай, не скарыліся ворагу, а паўсталі на абарону Айчыны?..

Тагачасныя  жахлівыя падзеі жыцця народа не абмінулі   і  род Уладзіміра Гаўрыловіча. І калі ён пачаў пісаць трылогію “Палешукі” пра яго, а таксама пра жыццё сваіх землякоў, пачынаючы з гадоў калектывізацыі і заканчваючы сёняшнім часам, то адразу ж вызначыў для сябе, скажу так, звышзадачу. А менавіта: “Напісаць самы праўдзівы раман на свеце… Пра бацькоў, пра іх і сваё жыццё”.  Ды пашырыў яе: і пра сваіх землякоў – тады і цяпер…

Такое магчыма, калі пра гэтыя часы ўжо столькі напісана класікамі?  Не сумняваюся: магчыма і патрэбна. Бо хто можа больш праўдзіва напісаць пра сваіх бацькоў, ды землякоў, як не мы самі?  І не толькі пісьменнікі, а усе, хто хоча расказаць пра іх сваім дзецям, унукам, наогул людзям?

Трылогія “Палешукі” — тры раманы. Як ужо зразумела чытачу,  пра калектывізацыю і ваенныя падзеі на жыткаўшчыне,  і наогул у краіне.  І – пра дзень сёняшні не толькі землякоў пісьменніка,  а і ўсіх нас: “звышзадача” вывела аўтара да абагальненняў, неабходных у літаратуры.

“Палешукі” У.Гаўрыловіч пісаў 17 гадоў.  У нас пакуль цалкам яна не выдадзена, хоць асобна раманы выдаваліся тройчы, часткова творы друкаваліся і  ў Расіі.  Здавалася б, такія простыя персанажы пісьменніка, але яны, аказваецца, цікавяць  самага рознага чытача. Гэта заканамерна, калі літаратура сапраўдная. Трылогія прысвячаецца “Дзядам, бацькам, роднай зямлі”…  Помніце “звышзадачу”, якую некалі паставіў перад сабой тады яшчэ малады пісьменнік У.Гаўрыловіч? ”  І імкнецца да яе. Піша праўду пра чалавека працы. Пры гэтым, паказваючы ўласнае, асэнсоўваючы яго і з пазіцый мінулага, і сёняшняга. Ды сцвярджае, што ў кожнага з нас, у кожнай сям”і – свая праўда жыцця і  чалавечай існасці. Але яна не можа існаваць асобна ад агульнанароднай праўды. Бо праўда там – дзе народ. А народ, як вучаць класікі, заўсёды ведае праўду.

Уладзімір Гаўрыловіч адкрывае чытачу і сваю праўду, як грамадзяніна і пісьменніка. І праўду сваіх дзяцей, якія, дарэчы, усё ведаюць пра свой радавод. Цытую: “…І ў нас ёсць СВАЯ ПРАЎДА! Гэта ПРАЎДА  людзей, якія страцілі цэлы род: у той вайне загінула каля сарака нашых блізкіх і далёкіх родзічаў…”  А далей: “Хай некаму падасца пафасным, але менавіта ад родных, перш за ўсё, ведаю, што ў гады Вялікай Айчыннай вельмі  шмат значыла чалавечая падтрымка, сяброўскі ўдзел людзей розных нацыянальнасцей, якія тады складалі адзіны  савецкі народ. Без гэтага, напэўна, складана было б перажыць трагедыю, якая чорным крылом накрыла нашу агульную зямлю, складана было б перамагчы”.

Безумоўна, гэта так. Гэта павінны ведаць нашы дзеці, іх дзеці – і так – бясконца. Мы тым і моцныя, што праўда кожнага зліваецца з праўдай людзей, народа, Айчыны… Пісьменнік Уладзімір Гаўрыловіч не стамляецца гаварыць пра гэта ў сваіх творах, галоўныя героі якіх – яго землякі.

Уладзімір САЛАМАХА

Яндекс.Метрика