Сцэны з монаспектакля, прысвечанага году малой радзімы

Знаёмая карціна: калі паміраюць бацькі,  самыя родныя і дарагія людзі і пусцее хата,  застаецца адна, то тут жа з’яўляюцца дзеці, нашчадкі… і разбіраюць рэчы: падушкі, коўдры, камоды… ну каму што трэба… ложкі, сталы, канапы, дываны…  Хаця і незаўсёды такое бывае… Упершыню я ўбачыў пакінутую хату, і амаль ужо ў памерлай невялічкай вёсцы Кулага на Быхаўшчыне яшчэ ў сярэдзіне васьмідзесятых год мінулага стагоддзя. Быў жнівень. Мы з татам і братам касілі ў садзе для сваёй Райкі. Калі рашылі перакурыць, я падышоў да адной з хат. Двор, вядома ж, быў зарослы быльнягом,  адразу адчувалася, што даўно не ступала тут нага чалавека. Асмеліўся заглянуць у акно. І ўбачыў тое, ад чаго жахнуўся: усё ў хаце было так, як пра жыцці людзей. Нават вядро стаяла на ўслончыку пры парозе, а да яго прыляпілася кружка. І калі пакідаў двор, па спіне прабеглі дрыжыкі,і быццам пачуўся мне голас чалавека: “Ты куды, братка, пабудзь, затрымайся! ”  А мо то не чалавек зусім быў, а хата спрабавала мяне затрымаць?..

Так ў мяне нарадзілася адна з першых п’ес “Вокны”. Тыя вокны і зараз глядзць на мяне – як вокны не толькі, мусіць жа, маёй малой радзімы. Многіх. За тымі ж вокнамі некалі віравала жыццё, там елі, пілі,  там гучаў дзіцячы смех…

А я ўзяў клямку. Вось яна. Несамавітая, просценькая… Хутчэй за ўсё, яе зрабіў каваль-самавук  з  Журавічаў яўрэй Гірша Моцкін.  У мяне, дарэчы, пра гэтага чалавека ёсць некалькі шчырых, цёплых радкоў у аповесці “Скачы ад печы, жэўжык!” Ну,  а ўжо дзед Якаў сам прыбіў яе да дзвярэй.  Хто ж яшчэ, калі не ён?

Калі вучыўся ў Ільічоўскай СШ у старэйшых класах, а гэта Рагачоўшчына, непадалёк ад маёй роднай Гуты, то жыў у дзеда Якава і бабы Пелагеі. Старым людзям было з унукам усё ж лацвей, пагадзіцеся. Помню, атрымаў першы ганарар з “Вясёлкі” – ажно 15 рублёў. А дзеду прынесла паштарка пенсію – 12. Стары здзівіўся: гэта я на канюшні хіба так мала зарабіў? А калі даведаўся, за што мне заплацілі столькі шмат грошай, параіў менш насіцца па вуліцы, а больш пісаць. Я паабяцаў. На жаль, дзед Якаў не дачакаўся таго часу, калі ў мяне пачалі выходзіць кнігі, ставіцца спектаклі ў тэатрах. Я неўзабаве пайшоў у армію, а яго не стала.

 

Апошнія два гады жыцця ён за клямку не браўся, разбіў паралюш,    але я і сёння адчуваю цяпло ягонай рукі…

Таму для мяне клямка – вельмі дарагая рэч. Неацэнная.  Здаецца, кавалак жалеза… Але гэта не так. Для мяне клямка –нешта больш значнае,  а не проста жалеза, не проста назоўнік… Я б не пабаяўся і паставіў яе побач з хлебам.

Спярша, вядома, мы ядзім хлеб, а потым бярэмся за клямку, каб выйсці на двор, на вуліцу, на шырокі жыццёвы прастор. Набіраемся сілы, моцы. Без клямкі – аніяк. Яна выводзіць нас у свет, яна першай і сустракае цябе, калі ты вяртаешся на родны парог.

За клямку бралася мая мама. Я дакранаюся да клямкі, а мне здаецца – я трымаюся за яе руку. Ты дзе, мама? Ты куды пайшла? Там, на нябёсах?  Божа, як жа ты далёка! Лепш была б на зямлі – побач з намі. Бо сёння няма  каму назваць мяне сынам, а сястру – дачкой.

Учора чытаў аповесць Астрыд Ліндгрэн “Мадзікен”, у якой дзяўчынка  думала, што можна сесці на цягнік і паехаць на нябёсы, а там бы яна сустрэла сваю маму, якая памёрла…

Цягнікі на нябёсы не ходзяць, на жаль…

 

ххх

Так яно і было – мама дала мне ў дарогу ручнік. Мо яшчэ і таму дала, што так было ў песні, а песня, як вядома, – душа народа. А народ – гэта мы. Калі я пакідаў родны парог, не мелася тэлевізара ў нашай хаце. Толькі радыё.  Але тады песня пра ручнік была на слыху. Я на ўсё жыццё запомніў яе аўтараў – паэта Андрэя Малышку і кампазітара Платона Майбараду, а таксама выканаўцу Дзмітрыя Гнацюка.Пранікнёна выконваў  “Ручнік” і наш любімы школьны настаўнік Мікалай Кірылавіч Шульга.

Тэлевізары з’явяцца значна пазней, і мама мяне паспее ўбачыць на экране. Пахваліцца мне. І я яскрава ўявіў яе перад тэлевізарам… У мяне якраз тады і напісалася кароценькае апавяданне “Мама”.  Калі пісаў п’есу “Дзень Анёла”, то ў вобразе галоўнай гераіні – бабы Машы – я бачыў маму. Настаўніца, у саміх пяцёра дзяцей, але калі прысылалі ў вёску маладога спецыяліста, то старшыня калгаса Марыя Барысаўна Смолкіна прыводзіла  яго да мамы, упрошвала нядоўга, мусіць: вазьмі, Якаўлеўна, у цябе чысценька, сытна. Мама брала. І вось калі яна застанецца адна (гераіня, вядома), то былыя кватаранты ўспомняць пра бабу Машу, прыедуць на яе дзень нараджэння… І будуць нядоўга вырашаць, у каго ёй, цяпер ужо нямоглай бабулі, жыць… бо сваіх дзяцей яна так і не прычакала…

 

ххх

У бабы Пелагеі быў другі ручнік– трапкач. Вісеў ручнік той  ў качарэжніку, а пры першай неабходнасці яна хапала яго ў рукі і пускала “у бой” : а вось вам, неслухі такія!

У цудоўным  апавяданні Міхася Стральцова “На чацвёртым годзе вайны”ёсць наступныя радкі: “Бабуля – высахлая, з учарнелым ад работы і старасці тварам – адсцябала матузаімі малога ўнука за тое, што паабшчыпваў,не дачакаўшыся вячэры,акрайчык ацеслівага, спечанага з бульбы і ячменных шароек хлеба”.

Не помню ўжо добра, чым адсцябала і мяне бабуля Пелагея, калі я нейкім чынам сцібрыў перад яе пільным вокам акраец хлеба і вынес яго за вугал хаты, дзе мяне ўжо чакаў Васька Мурашоў, траха старэйшы за мяне хлапец. Вось такі час быў: кожная крошка бралася ў сям’і на ўлік,іначай,магчыма,і не выжылі б. Скажы сёння пра гэта сваім сынам ці ўнукам – хіба павераць!  А так было.

Не ведаю,помніў пра той выпадак Васька Мурашоў, неяк я пра гэта не пытаўся,а сёння – позна: няма ўжо яго на гэтым свеце.

Не ўсе ваенныя і пасляваенныя хлопцы пражылі доўга,на вялікі жаль:ім, мусіць, у свой час не хапіла тых самых хлебных крошак, за якія адсцябала бабуля свайго ўнука ў апавяданні Міхася Стральцова, за што і я атрымаў ад сваёй трапкача. Не хапіла – каб набрацца моцы, зрабіць трывалы жыццёвы падмурак.

Калі бабуля стала зусім старэнькай, я прыехаў праведаць яе. Разгаварыліся. “Я ж, кажа, усе грошы аддаю нявесцы і сыну. А навошта мне яны? Купяць-прынясуць”. А калі сказаў, што  дарэмна, магла б і сама да крамы прайсціся, сябе паказаць і на людзей паглядзець. Яна не знайшла большага аргументу, як падвесці мяне да малюпасенькага люстэрка, якое было акуратна ўмазана ў печ, паглядзелася ў яго і ціха прамовіла:”Куды я ўжо пайду? Бачыш жа, старасць зрабіла з чалавека нейкую малпу…” Я супакоіў яе: не, ты самая прыгожая, самая светлая жанчына на гэтай святой і грэшная зямлі, якіх я толькі ведаю, любая бабуля!

Як я б сёння хацеў атрымаць ад бабы Пелагіі трапкача! Бі дзе хочаш і па чым хочаш. Падстаўлю любую частку цела.

Год колькі назад на гутленскіх могілках паставіў дзеду Якаву і бабулі Пелагеіі помнік – яны як дава галубкі на ім. Тэкст  папрасіў напісаць наступны: добрых людзей не забываюць. І на беларускай мове. На жаль, гэта адзіны помнік на вясковых могілках, дзе надпіс зроблены на мове маіх шчырых, несамавітых продкаў…

 

ххх

Было, лізнуў клямку. На марозе. Часцінка языка усё ж засталася  на клямцы.  Тады , відаць, яшчэ больш парадніўся я з ёй. Яна  навучыла мяне многаму…І ў першую чаргу – трымаць язык за зубамі, не заўсёды высоўваць яго там, дзе трэба і не трэба, а больш, браце, – думаць!

 

ххх

За клямку трымаліся і мае школьныя  настаўнікі.

Я не баяўся і не палохаўся, калі да нас прыходзілі  яны. Бацькі працавалі ў школе, і пра тое, як паводзіць там іх сын, яны маглі сказаць ім і ў настаўніцкай.  А прыходзілі настаўнікі як прыходзяць  ў госці ці проста так, а мо і па якой патрэбе, адзін да аднаго знаёмыя людзі, суседзі.

За клямку часта бралася і мая першая настаўніца Вольга Кандратаўна Хацкова. “Думала, з цябе не будзе чалавека, – шчыра сказала яна мне пасля прагляду спектактакля па БТ “Следчы эксперымент”, у якім былі  заняты Генадзь Гарбук, Марыя Захарэвіч, Павел Дубашынскі – усе народныя. А сама, бачу ж, вельмі ганарыцца мною. “Калі ж ты дужа непаседлівы быў”,  –прызнаецца мне. – Ці помніш, як цябе ў кут ставіла часта, а калі папытала, што, Васілёк, птушак на дрэве лічыш, як у акно глядзеў, то ты крутнуў толькі галавою: не, лісцікі… Гэта ж як можна было на акацыі лісцікі палічыць! Немагчыма ж!  А ты хацеў. Прабач, што я памылілася…”

 

ххх

Вайна. За клямку трымаліся і немцы, ворагі. Яны былі на пастоі ў нашай хаце. Мама хавалася ў зямлянцы, а баба Пелагея сварылася на сваіх няпрошвных кватэрантаў, бо ў тых было задужа шмат вошай… Паколькі дзед Якаў быў у палоне ў першую імперыалістычную вайну, траха ведаў нямецкую мову. Ён выступаў, такім чынам, у ролі перакладчыка.

Усялякія былі немцы.  І добрыя, і лютыя.  Плакалі, калі пакідалі Гуту. Мусіць ад таго, што вайну прайгралі. Ды і шкада было свайго марна патрачанага жыцця.

А мо і ад радасці плакалі, што жывыя засталіся.

Як бы там не было, але калі я ўспамінаю ворагаў і бяруся за клямку, то адчуваю холад…

  

ххх

1968 год – адзін год у маім жыцці, калі я ніводнага разу не браўся за клямку, не адчыніў дзверы ў сваю хату – служыў у войску. Цяжкі год. Памер дзед. Загінуў Гагарын. Увод войск у Чэхаславакію, і мы, салдаты, прасіліся, каб і нас туды паслалі… Так было. Так былі выхаваны.

У арміі я ўпершыню даведаўся, што ўсюды вельмі любяць і паважаюць нас, беларусаў. Мо таму, што і мы па-добраму да ўсіх  ставіліся і ставімся? Хутчэй за ўсё – так.

Цікавы і наступны выпадак. Калі мне, сяржанту,  прапанавалі быць інструктарам палітычнага аддзела па камсамольскай рабоце касмадрома Байканур і павялі на ўзгадненне да начальніка генерал-маёра Міхаіла Іванавіча Дружыніна. Ён сядзеў у прасторным кабінеце з Зоркай Героя Савецкага Саюза на лацкане кіцеля, адразу ж змерыў мяне строгім поглядам, павітаўся за руку і толькі спытаў:”Адкуль родам будзеш, сяржант?” А калі даведаўся, што з Беларусі, яго прыгожы твар засвяціўся, і ён коратка  распарадзіўся:”Афармляйце!”

Гэта пазней я даведаюся, што капітан М.Дружынін, на той час камнадзір роты, атрымаў  Залатую Зорку Героя за вызваленне Віцебска…

 

ххх

Увесь гэты час клямка са мной. Яна мне  напамінае пра маю малую радзіму.  Можа, гэта яна дапамагала мне за пісьмовым сталом – адзін Бог ведае. Але сёння я і сам дзіўлюся: як гэта так атрымалася, дзе ўзяў я столькі сіл і моцы, каб напісаць і выдаць 25 кніг прозы для дзяцей і дарослых, кніг сатыры і гумару,напісаць больш чым 70 п’ес, з якіх каля 30 пастаўлены ў тэатрах роднай Беларусі,  Расіі, Казахстана, ва Украіне, у Таджыкістане, у Эстоніі …

 

ххх

Трымаліся за клямку і акцёры Магілёўскага драматычнага тэатра, якія прывезлі ў нашу вёску спектакль “Сівы бусел” па маёй першай  п’есе. Бацькі, вядома ж, запрасілі іх у хату, пачаставалі смачнай сялянскай вячэрай…

Раней шахцёры з Данбаса нарыхтоўвалі у нашых мясцінах бульбу. Адзін раз заначавалі ў нашай хаце. Мы, малеча, доўга не маглі заснуць, бо такой прыгожай падалася нам украінская мова – слухалі б і слухалі шахцёраў! Шкада, што сёння на іх радзіме гучыць іншая мова… Вельмі шкада… Але я часта згадваю гасцей з Данбаса, якія таксама трымаліся за маю клямку…

Міру вам і дабра!

 

ххх

Калі Бог хоча зрабіць цябе шчаслівым чалавекам, то ён будзе весці цябе па надта цяжкай, няпростай  дарозе, бо лёгкіх дарог да шчасця не бывае.

Можна лічыць, мне пашанцавала ў жыцці. У маіх спектаклх былі заняты такія вядомыя і славутыя акцёры, як народны артыст СССР Генадзь Аўсяннікаў, народныя артысты Беларусі Генадзь Гарбук,  Рыгор Белацаркоўскі, Сцяпан Бучыльчык, Марыя Захарэвіч,   Павел Дубашынскі, Ніна Карнеева, народны артыст Расіі Уладзімір Цюцюнннік,   заслужаныя артысты Хведар Іваноў,  Зоя Бурцава, Аляксандр Пархімовіч, Васіль Галец…

Я меў магчымасць сустракацца  са славутымі пісьменнікамі Іванам Шамякіным, Васілём Быкавым, Уладзімірам Караткевічам, Валянцінам Распуціным, Віктарам Астаф’евым, Расулам Гамзатавым, Міхаілам Аляксеевым і многімі іншымі, сябраваў з драматургам Міхаілам Варфаламеевым… У маёй біяграфіўў быў апошні з’езд СП СССР, які праходзіў у Маскве ў 1992 годзе. Былі семінары драматургаў у Піцундзе, Рузе і Дубултах. Калі б не паехаў у Піцунду, не ведаю, ці стаў бы я драматургам… Рызыкнуў. І не прайграў. Хоць некалькі разоў даводзілася пачынаць мне жыццё ці не нулявой адзнакі.

Пісьменніцкі білет мне уручыў Максім Танк.

Іван Шамякін, калі мы сустракаліся ў Мінску, заўсёды пытаўся: “Як пажывае мая малая Радзіма?”

Я таксама ніколі не забываў пра сваіх землякоў, пра родны бацькоўскі кут…

Пра сваю малую радзіму.

Радуюся поспехам землякоў. Засмучаюся, калі зноў нехта рана пакінуў гэты свет…

Чаму ў чалавека такая цяга да малой радзімы? Хіба толькі ў адной пупавіне?  Магчыма. Я гэта зведаў. І, помніцца, калі  вярнуўся з Туркменіі, то папрасіў таксіста спыніцца каля бярозы, што расла пры дарозе, і прытуліўся да  яе, пацалаваў.

Разумею вельмі добра Алеся Ставера, які напісаў:”Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць…”  Неяк мы разам выступалі ў Светлагорску перад чытачамі, жылі ў адным пакойчыку, і я пацікавіўся, як нарадзіліся ў яго гэтая пранікнёныя да болю сэрца радкі. Алесь Сяргеевіч  адказаў:”Быў у “партызанах”” у Тбілісі. І, ведаеш, моцна засумаваў па Беларусі. Каб не забыцца, першыя словы запісаў на запалкавым карабку, калі блукаў па горадзе…”

 

ххх

Народны артыст СССР Яўген Мацвееў у кнізе ўспамінаў згадвае, як Васіль Шукшын, адпраўляючыся на Алтай у свае  Сросткі, бадзёра заяўляў:”” Еду патрымацца з землякамі за руку!”

Патрымацца за руку. На жаль, я магу патрымацца сёння толькі за клямку – у маёй Гуце няма сёння людзей…

Наша хата была вельмі гасціннай, і наўрад ці знойдзецца хто з землякоў, які б некалі не браўся за гэтую клямку! Так што, землякі, дзякуй вам за цеплыню вашых рук!

 

ххх

Вечаровая пара. Натомленыя за дзень, суседкі Вольга Пятроўна і Ніна Сцяпанаўна сядзяць на лаве перад парканчыкам, пра жыццё баяць. Няма дажджу,і гэта асабліва непакоіць вясковых бабуль: калі градкі яшчэ можна паліць калодзезнай вадой, так-сяк уратаваць іх,  то на бульбу   ні сілы,ні вады не хопіць – абавязкова дождж патрэбны. А дзе ён,небарака?

– А чаму гэта, маладзіца, пустазелле і паліваць не трэба, а яно вунь як прэ?! – цікавіцца Вольга Пятроўна ў Ніны Сцяпанаўны. –  Глянь вунь…Павярні галаву…

– Ды я ж хіба не бачу? Навошта галавой круціць?  А сапраўды, чаго ж так?

Пэўны час старыя маўчаць. Вольга Пятроўна нарэшце парушае маўчанне:

– Таму, відаць, што  пустазелле сама зямля пасадзіла, а не мы з табой.  А якая ж маці сваё дзіця пакрыўдзіць?…

 

ххх

 Давайце будзем помніць заўсёды пра тых, хто пасадзіў нас  на гэтай зямлі. Ці дакладней сказаць – пасяліў. Помніць пра сваю РАДЗІМУ – ВЯЛІКУЮ і МАЛУЮ.

І пра тых добрых людзей будзем помніць, якія браліся за клямку дзвярэй сваёй хаты, якая сагравала нас сваім цяплом у непагадзь і ў лютым мароз, у якой і сёння чуваць галасы і крокі самых блізкіх табе людзей… Вы прыслухайцеся: яны, галасы і крокі, чуваць… Прыслухайцеся… Асабліва выразна усё гэта вы пачуеце, калі будзеце трымацца за клямку…

 28.4.2018

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика