Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, вядомы беларускі празаік і публіцыст Уладзімір Гаўрыловіч на прэзентацыі кніг-лаўрэатаў Х юбілейнай літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага аб’явіў аб паспяховым завяршэнні міжнароднай акцыі “Добрая кніга ад шчырага сэрца”, прысвечанай Году гістарычнай памяці і XXIX Дню беларускага пісьменства ў Добрушы. У знак гэтага і Новагоддзя ён зрабіў незвычайны падарунак галоўнай кніжніцы вобласці – для папаўнення фондаў уручыў дырэктару абласной універсальнай бібліятэкі Таццяне Забіяка каля сотні кніг з уласнай бібліятэкі.
– Гэта не проста кнігі, – адзначыў літаратар. – Выданні з аўтарскімі пажаданнямі-прысвячэннямі былі адрасаваны мне яшчэ ў 90-ыя гады мінулага стагоддзя, як пачынаючаму ў той час аўтару ці, крыху пазней, як калезе па пяру.
Сярод перададзеных вядомым беларускіх пісьменнікаў кніг – выданні з аўтографамі народнага пісьменніка Беларусі Івана Навуменкі, лаўрэата дзяржаўнай прэміі Міколы Мятліцкага, вядомых пісьменнікаў канца ХХ стагоддзя, а таксама творы сучасных творцаў Беларусі, Расіі і Украіны, з якімі дзеяча культуры і мастака слова зводзіў лёс на жыццёвай і творчай дарозе.
У свой час, як падкрэсліў Уладзімір Гаўрыловіч, кнігі майстроў беларускага слова пакінулі ў яго душы і сэрцы асаблівы водгук, павялічвалі жаданне адказна працаваць у мастацкай прозе і іншых жанрах. А цяпер хочацца, каб яны прыносілі радасць і іншым людзям, асабліва моладзі, якая адкрывае для сябе высокаякасную мастацкую літаратуру.
Дарэчы, у межах праведзенай міжнароднай акцыі “Добрая кніга ад шчырага сэрца”, якая была ініцыіравана Уладзімірам Гаўрыловічам і вынікова праведзена абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў, сабрана больш 2 тысяч асобнікаў новых кніг з аўтографамі сучасных аўтараў. На працягу года гэтыя выданні былі падораны Добрушскай, Жыткавіцкай, Гомельскай абласной і іншым бібліятэкам. Актыўна ў гэты працэс уключыліся і пісьменнікі Расіі, якія перадалі ўвосень на Гомельшчыну звыш 500 новых кніг з пажаданнямі беларускім чытачам любіць мастацкае слова.
Мікалай ІГНАТОВІЧ
На здымку: у час падвядзення вынікаў акцыі і ўручэння кніжнага падарунка абласной бібліятэцы.