Адразу некалькі бібліятэк адкрылася ў Рагачове. І ўсе яны знаходзяцца пад адкрытым небам.

Гэты незвычайны крэатыўны праект “Чытаем разам” ажыццявілі прадстаўнікі КЖЭУП “Рагачоў”, раённага аддзялення партыі “Белая Русь”, лясгаса і цэнтральнай раённай бібліятэкі імя У.Караткевіча. Па ініцыятыве намесніка дырэктара камунальнага жыллёвага прадпрыемства Алесі Бяссонавай іх намаганнямі створаны міні-бібліятэкі, дзе кожны жадаючы зможа адпачыць за чытаннем кнігі, якая яму спадабалася.

Альтанкі з лаўкамі ўстанавілі ў Парку піянераў на набярэжнай Дняпра не выпадкова, бо менавіта гэтая рака натхняла знакамітага Уладзіміра Караткевіча на напісанне  выдатных твораў. А цяпер і рагачоўцы з кнігамі ў руках будуць тут чэрпаць натхненне і душэўную энергію, адзначаюць стваральнікі гэтай незвычайнай бібліятэкі. Не выпадкова, што яе адкрылі ў Дзень народнага адзінства, гэта сімвалічна, таму што мэта праекта – аб’ядноўваць жыхароў і гасцей горада з дапамогай чытання і карыснага правядзення вольнага часу, прывіваць любоў да кнігі.

Тут няма бібліятэкара, самаабслугоўванне: пачытаў кнігу – вярнуў. А калі хочаш дадому ўзяць, пакінь сваю іншую ўзамен. Кнігі ж для вулічных міні-бібліятэк збіралі ўсёй грамадой, у асноўным гэта мастацкая літаратура.

Яшчэ адзін цікавы момант: у час адкрыцця міні- бібліятэк на прылягаючай да іх тэрыторыі арганізатары праекта “Чытаем разам”  пасадзілі рабінавую алею – семдзясят дрэўцаў.

Міхась СЛІВА

Яндекс.Метрика