31 ліпеня, а  16-й гадзіне, у актавай зале абласной універсальнай бібліятэкі імя У.М. Леніна адбудзецца анлайн-канферэнцыя  “Гомель – Таганрог (Растоўская вобласць)”. Яго тэма: “Беларуская, руская, украінская мовы. Творчы пераклад. Набыткі, духоўнае ўзбагачэнне маладых творцаў. Узаемапранікненне літаратур на карысць славянскага адзінства.”

У анлайн-канферэнцыі прымуць удзел пісьменнікі-настаўнікі з ліку членаў Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі і маладыя паэты – удзельнікі і фіналісты V Міжнароднага маладзёжнага фестывалю-конкурсу паэзіі і паэтычных перакладаў з беларускага боку, а з расійскага — арганізатары фестываля, члены міжнароднага журы і расійскія удзельнікі гэтага міжнароднага форуму.

Як удакладніў кіраўнік міжнароднага праекта “Берагі дружбы” па Рэспубліцы Беларусь, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Уладзімір Гаўрыловіч, у гэтым годзе ў юбілейным фестывалі-конкурсе паэзіі прымалі ўдзел 28 літаратараў-прафесіяналаў, якія выступалі ў ролі перакладчыкаў і куратараў-настаўнікаў, і 25 маладых творцаў практычна з усіх рэгіёнаў Беларусі, за выключэннем Віцебскай вобласці. Удзельнікі гэтага  праекта накіроўвалі на конкурс свае паэтычныя набыткі на беларускай мове, іх творы затым размяркоўваліся паміж пісьменнікамі-настаўнікамі і маладымі творцамі Расіі і Украіны з мэтай перакладу на рускую і ўкраінскую мовы. Адпаведнае “дамашняе заданне” атрымліваў і беларускі бок. Такім чынам усе маладыя аўтары (а іх з трох славянскіх краін ўдзельнічала ў праекце каля 300 чалавек) з дапамогай сваіх куратараў плённа працавалі над паэтычнымі тэкстамі сваіх суседзяў.

Міжнароднае журы, каб вызначыць пераможцаў першага тура, ацэньвала  найперш якасць прадстаўленых творчай моладдзю Беларусі, Расіі і Украіны вершаў на сваіх родных мовах, а ў другім туры – і якасць зробленых імі перакладаў. У выніку самыя здольныя з маладых аўтараў з трох краін і былі запрошаны на фестываль, які збярэцца на тэрыторыі Няклінаўскага раёна Растоўскай вобласці 31 ліпеня – 2 жніўня. А яшчэ многія з іх (пасля выніковага прадстаўлення сваёй творчасці) стануць не толькі лаўрэатамі фестывалю, але і слухачамі Ўсерасійскай школы перакладу. Праца яе падтрымана Саюзам пісьменнікаў Расіі і  будзе разгорнута на працягу яшчэ трох дзён  адразу пасля закрыцця фестывалю-конкурсу, па выніках курсанты атрымаюць адпаведныя пасведчанні.

Яшчэ адным вынікам фестывалю, як адзначыў У.Гаўрыловіч, стануць не толькі ўзнагароды, якія сваёй стараннай працай і талентам заваявалі маладыя аўтары ці іх куратары (іх праца таксама не застаецца па-за ўвагай кіраўніцтвам фестывалю), але і выдадзеныя зборнікі паэтычных твораў. Напрыклад, сёлета выйдзе некалькі такіх складанак. Пры чым, адна з кніг – гэта ўжо добрая традыцыя фестывалю — на беларускай мове. Асобна арганізатары прадставяць  пераклады пісьменнікаў з  Гродна. Невыпадкова: абласная пісьменніцкая арганізацыя сёлета накіравала на конкурс найбольш здольнай да творчасці і перакладаў моладзі.

Яшчэ адзін кніжны падарунак чакае непасрэдна гамяльчан: у Кубані да фестываля-конкурсу выдадзены паэтычны зборнік перакладаў выбраных вершаў беларускага паэта Алеся Дуброўскага. Таксама — не выпадкова. Яшчэ ў 2013 годзе Алесь Сцяпанавіч прымаў як перакладчык актыўны ўдзел у міжнародным праекце “Берагі дружбы”, а ў 2014-ым яго, на жаль,  не стала.  Як даніна памяці, па ініцыятыве літаратараў Гомельшчыны, падтрыманай арганізатарамі праекту з расійскага боку, творы Алеся Дуброўскага пераклалі як расійскія, так і украінскія паэты.

  • Варта падкрэсліць, што падобнага фестывалю-конкурсу (і па працэсе ўзаемапранікнення літуратур,  і па агульначалавечай значнасці, і па папулярызацыі нацыянальных моў, па падтрымцы імкнення ў моладзі валодаць імі дасканала,  і па аб’яднанні вынікаў іх сумеснай працы ў выхадзе калектыўных складанак, а галоўнае – прапагандзе добрасуседства, міру і дружбы славянскіх народаў і г.д.) не існуе на прасторах СНД, — адзначае Уладзімір Гаўрыловіч.  

Разам з тым, няпростая эпідэміялагічная сітуацыя і прынятыя ў сувязі з гэтым абмежаванні, у тым ліку па перасячэнні расійскай мяжы, не дазволяць сёлета беларусам прыняць удзел у заключным туры фестывалю-конкурсу, які пройдзе на берагах Азоўскага мора. Аднак арганізатары, па словах пісьменніка, знайшлі выйсце: кожны з фіналістаў даслаў у аргкамітэт сваё відэапрадстаўленне і таму міжнароднае журы не застанецца без працы, як і канкурсанты, у тым ліку і  беларусы,  без заслужаных узнагарод.

Імёны лаўрэатаў юбілейнага фестывалю-конкурсу будуць агучаны 2 жніўня.  А па ініцыятыве беларускага боку сустрэцца калегі, партнёры і сябры ўсё ж такі змогуць у анлайн-прасторы. У час “прамога ўключэння”  таленавітыя беларусы з гонарам прадставяць сваю Беларусь на творчым фестывалі-пабраціме міжнароднага фестываля-свята “Славянскія літаратурныя дажынкі”.

Прэс-служба Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісбменнікаў Беларусі”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика