ПАЛАЖЭННЕ
аб правядзенні адкрытага абласнога літаратурнага конкурсу “Белыя вішні і яблыні”, прысвечанага 100-годдзю народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа
Адкрыты абласны літаратурны конкурс “Белыя вішні і яблыні”, прысвечаны 100-годдзю народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа на лепшае кароткае апавяданне праводзіцца з 20 кастрычніка 2020 года па 15 студзеня 2021 года.
Заснавальнікам і арганізатарам конкурсу з’яўляецца Гомельскае абласное аддзяленне ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі». Конкурс праводзіцца пры падтрымцы Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта.
Літаратурны конкурс праводзіцца з мэтай стварэння і папулярызацыі мастацкіх твораў, якія адлюстроўваюць сучасную рэчаіснасць, выяўлення і падтрымкі найболей таленавітых аўтараў.
Аўтары ўдзельнічаюць у конкурсе самастойна і добраахвотна. Да ўдзелу ў ім дапускаюцца творы, якія раней не былі апублікаваныя. Пры гэтым аўтары гарантуюць, што ўсе аўтарскія правы на гэтыя творы належаць менавіта гэтым аўтарам і выключнае права на іх публікацыю не перададзена трэцім асобам.
Удзел у конкурсе могуць прыняць усе жадаючыя аўтары з 14 гадоў.
Аўтары падаюць наступны пакет дакументаў:
– тэкст твора – кароткае апавяданне (7000 знакаў з прабеламі) на беларускай мове.
– заяўку на ўдзел у конкурсе (у ёй абавязкова павінна быць змешчана анатацыя твора, паведамляецца прозвішча, імя, імя па бацьку аўтара, месца працы альбо занятак, сацыяльны стан, хатні адрас, кантактны тэлефон).
Творы і заяўкі накіроўваюцца ў электронным фармаце (камп’ютарны набор, шрыфт Times New Roman 14 пт, міжрадкоўны інтэрвал “адзінарны”) з паметкай “На літаратурны конкурс “Белыя вішні і яблыні”, на электронны адрас: konkurslitgspb@yandex.by.
Калі аўтар не прадстаўляе поўны пакет дакументаў, аргкамітэт мае права адхіліць твор ад удзелу ў конкурсе. Факт падачы заяўкі сведчыць аб згодзе аўтара, у выпадку перамогі ў конкурсе, на размяшчэнне дадзенага твора ў друкаваных і электронных СМІ, у тым ліку і на наступную магчымую публікацыю гэтага твора на безганарарнай аснове ў альманаху «Літаратурная Гомельшчына» ці ў міжнародным альманаху “Літара”, іншай друкаванай прадукцыі, якая можа быць выпушчана па выніках конкурсу. Пры гэтым за аўтарам захоўваюцца выключныя аўтарскія правы на апублікаваныя творы, як падчас дзеяння дадзенага конкурсу, так і пасля яго.
Да ўдзелу ў конкурсе не дапускаюцца творы, якія культывуюць гвалт, наркаманію, крымінальнныя праяўленні, індывідуальныя псіхічныя адхіленні, агрэсіўнае непрыманне грамадства. Не разглядаюцца творы, якія ўтрымліваюць ненарматыўную лексіку, а таксама якія спрыяюць нацыянальнай, расавай або рэлігійнай варожасці.
Апавяданні, прадстаўленыя на конкурс, не рэцэнзуюцца і не вяртаюцца. Перапіску з аўтарамі аргкамітэт конкурсу не вядзе. Члены журы не могуць удзельнічаць у конкурсе.
Вынікі конкурсу аб’яўляюцца не пазней 30 студзеня 2021 года на сайце арганізатара конкурсу і яго партнёраў, паведамляюцца ў СМІ.
Вынікі конкурсу падводзяцца журы, склад якога зацвярджае Савет Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”. Журы калегіяльна вызначае лепшыя творы ўдзельнікаў конкурсу.
Крытэрыі ацэнак журы: валоданне літаратурнай беларускай мовай; пісьменнасць; мастацкая выразнасць і арыгінальнасць твора; творчая самастойнасць.
Вынікі працы журы афармляюцца пратаколам. Рашэнне журы з’яўляецца канчатковым і перагляду не падлягае.
Па выніках конкурсу праводзіцца ўзнагароджанне пераможцаў ( адно першае месца, два другіх месцы, тры трэціх месцы) з уручэннем памятных дыпламаў заснавальніка і арганізатара конкурсу. Прадугледжваюцца таксама заахвочвальныя дыпломы. Пераможцам прысвойваецца ганаровае званне «Лаўрэат адкрытага абласнога літаратурнага конкурсу “Белыя вішні і яблыні”, прысвечанага 100-годдзю народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа».
Аргкамітэтам, фундатарамі, асобнымі ўстановамі і арганізацыямі могуць быць заснаваны спецыяльныя прызы для пераможцаў конкурсу.
Узнагароджанне пераможцаў праводзіцца ва ўрачыстым мерапрыемстве з удзелам заснавальнікаў конкурсу, прадстаўнікоў пісьменніцкай грамадскасці, дзеячаў культуры.
Палажэнне зацверджана рашэннем Савета Гомельскога абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” ( пратакол № 11 ад 14.10.2020 года).
Аргкамітэт.