Члены прафесійных творчых арганізацый – Саюза пісьменнікаў Беларусі, Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, Саюза пісьменнікаў Расіі, – а таксама аўтары – члены Абласнога літаратурнага аб’яднання “Слова” пры Гомельскім абласным аддзяленні ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі, пачаткоўцы, аўтары-аматары мастацкай творчасці, члены аматарскіх літаратурных аб’яднанняў і клубаў Гомеля і Гомельскай вобласці, а таксама зацікаўленыя чытачы прынялі ўдзел ў чарговым, восьмым па ліку, абласным семінары прозы, драматургіі і публіцыстыкі, які адбыўся на базе Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І.Леніна.

Адкрываючы семінар, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Уладзімір Гаўрыловіч прапанаваў хвілінай маўчання ўшанаваць памяць сышоўшага з жыцця выдатнага паэта і перакладчыка, грамадскага і культурнага дзеяча, члена Вышэйшага творчага Савета Саюза пісьменнікаў Расіі і Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, аднаго з заснавальнікаў Міжнароднага   маладзёжнага фестывалю-конкурсу “Берагі дружбы” Леаніда Севера. Больш чым за дзесяцігоддзе доўжылася творчае партнёрства абласнога аддзялення СПБ і мясцовага аб’яднання “Беларусы Няклінаўскага раёна Растоўскай вобласці”, якое стварыў і ўзначальваў Леанід Юр’евіч.

Удзельнікі семінара праглядзелі відэакліп песні “Заўсёды вяртаюся ў родны Гомель” на верш паэта, прагучалі паэтычныя прысвячэнні ў яго гонар.

Паэт і перакладчык Алег Ананнеў зрабіў глыбокі аналіз апошняга прыжыццёвага паэтычнага зборніка паэта “Родныя крыніцы”, выдадзенага Гомельскім абласным аддзяленнем СПБ у 2022 годзе.

На думку рэцэнзента, Леанід Север – глыбінны паэт. Кожны створаны ім вобраз – незацёрты і кранальны, вельмі асабісты, перажыты сэрцам. Так, вельмі моцна гучыць любоў расійскага паэта да Беларусі, да Гомельшчыны, ён часта арганічна “уплятаў” беларускія словы ў рускамоўны тэкст, бо лічыў, што ў яго дзве Радзімы – Расія і Беларусь. І гэта не паэтычная метафара, а унікальная з’ява, характарызуючая стан душы чалавека і грамадзяніна:

        «Я возвращаюсь, грешный и босой,

Туда, где родники любимой родины

наполнены родительской слезой.

Паречкой называют здесь смородину,

А хлеб хранят под белым рушником…».

У жыццёвым партфелі гомельскага празаіка Аляксандра Джада (аўтар напачатку прадставіў на семінары кароткае апавяданне) мноства сюжэтаў, і ён шчодра дзеліцца імі з чытачамі ў сваёй кнізе “Слуга абставін” (Мінск, “Чатыры чвэрці”, 2023). Сюжэты як драматычныя, дэтэктыўныя, так і з налётам гумару, але яны жыццёвыя: разумееш, цалкам так магло быць… Пры гэтым, як адзначыла ў сваім выступленні паэтэса, перакладчык Тамара Кручэнка,  усе навелы звязвае вялікая тэма кахання ва ўсіх яе праявах: любові да жанчыны, да людзей з абмежаванымі магчымасцямі, да братоў нашых меншых, свайго рамяства… Разам з тым, на семінары адзначаны і асобныя моўныя ды стылістычныя хібы, якія можна было б і пазбегнуць у працэсе працы над рукапісам. “Ад кнігі да кнігі Аляксандра Джада бачыш, як ён паглыбляецца ў сацыяльную тэматыку. Назіранні, высновы галоўнага героя Арсенія Львова не «прыцягнутыя за вушы», а перажытыя, выпакутаваныя аўтарам кнігі. Пісьменніку верыш, і гэта важна”, канстатавала Т.Кручэнка.

Вельмі змястоўным і насычаным, як падкрэсліў Міхась Кавалёў, атрымаўся чарговы выпуск альманаха “Літаратурная Гомельшчына” (Мазыр, “Калор”, 2023). Гэтым разам ён прысвечаны Году міру і стварэння, Году сучаснай патрыятычнай літаратуры на Гомельшчыне. Ён – шматпланавы і шматжанравы. Асаблівую ўвагу чытача  прыцягне і такая яго адметнасць: у спецыяльным раздзеле аддадзена даніна павагі паэтам і празаікам вобласці, якія ў свой час унеслі значны ўклад у развіццё нашай літаратуры, але якіх ужо няма з намі, – апублікаваны біяграфічныя звесткі і асобныя творы Васіля Ткачова, Алеся Дуброўскага, Ігара Журбіна, Барыса Кавалерчыка, Віктара Лоўгача, Фелікса Мысліцкага, Міколы Старчанкі, Эмы Усціновіч, Юрыя Фатнева, Міхася Мамонькі, Івана Лосікава, Анатоля Караленкі, Анатоля Мохарава, Міхаіла Дзедаўца. (Рэцэнзію М.Кавалёва данесла Ала Бялькова).

У. Гаўрыловіч прадставіў на семінары тры тамы зборнікаў навуковых артыкулаў і аналітычных аглядаў “Феноменалогія транспарту ў літаратуры і мастацтве: мінулае, сённяшняе і будучыня” (матэрыялы трох штогодніх  міжнародных навукова-метадалагічных канферэнцый, праведзеных у 2020-23 гадах у Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту). На думку пісьменніка, аналітычныя агляды розных твораў літаратуры і мастацтва, прысвечаных транспартнай тэматыцы, “скіроўваюць найперш моладзь да глыбокага прачытання і асэнсавання як класічных, так нядаўна створаных мастацкіх твораў”.

Як адзначалася на семінары, не можа не радаваць тэндэнцыя звароту аўтараў, а сярод іх нямала прадстаўнікоў вясковай інтэлігенцыі, да гісторыі свайго роднага паселішча, свайго роду, сям’і. Так, цікавую ў краязнаўчым плане кнігу “Жыцця майго сцяжынкі” выдала  Клаўдзія Пугачова-Абібак (Калінкавіцкі раён).

Завяршыўся семінар разглядам рамана-версіі “Па веры вашай…” Уладзіміра Гаўрыловіча, які зрабіла Наталля Царанкова (малады аўтар, працуе ў сельскай гаспадарцы, спрабуе сябе ў паэзіі, прозе, літаратуразнаўстве і крытыцы).   На яе думку, пісьменнік стварыў сапраўды народны раман, які абавязкова патрэбна чытаць кожнаму грамадзяніну нашай краіны, бо ў кнізе ненавязліва прапагандуецца захаванне традыцый сям’і, традыцый свайго народа, важнасць ведаў гісторыі і міфалогіі сваёй радзімы, але ў разрэзе таго, як развіваліся агульнаславянскія традыцыі і сусветныя каштоўнасці. Твор глыбока псіхалагічны, сацыяльны, і, безумоўна, праваслаўны. “Зроблены акцэнт і на тое, што б хацелі ажыццявіць на сённяшнім вітку гісторыі ў дачыненні да былой радзімы ўцёклыя за «кардон» пасля Вялікай Айчыннай вайны гітлераўскія прыслугачы, на чыіх руках кроў беларускага народа, унукі ды праўнукі “шахевічаў”, “бандэраўцаў”. А яны, безумоўна, хочуць аднаго: рэваншу. Аўтар “праводзіць” чытача з глыбінь стагоддзяў у сучаснасць, паказвае: усе мы створаны не дзеля знішчэння ў войнах, а для простага чалавечага шчасця…” – зазначыла ў рэцэнзіі Наталля Царанкова (агучыла Н.Шэметкова).

Наступны семінар прозы, драматургіі і публіцыстыкі пройдзе ў Гомелі ў снежні.

Мікалай ІГНАТОВІЧ

На здымках: у час абласнога семінара прозы.

Яндекс.Метрика